epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Адзінокае Дрэва

Гэта было самае звычайнае Дрэва. А калі яно і зварачала на сябе ўвагу, дык хіба толькі тым, што стаяла адзінока. Але той, хто пранікліва чытаў кнігу прыроды і паглыбляўся ў яе жыццё, яшчэ заўважыў бы, што гэтае Дрэва мела нешта сваё асаблівае — тое, што належала толькі яму аднаму. Нават агульны выгляд яго — бо і дрэва мае свой воблік — быў нейкі адменны. А як такіх шчырых і праніклівых знаўцаў або зусім не было, або было надта мала, то ніхто не зварачаў на яго ўвагі, і яно стаяла тут закінутае і крыху зняважанае людзьмі.

Спярша нават здавалася, што гэтае закінутае Адзінокае Дрэва стаяла збоку жыцця — больш гібела, чым жыло. На праўду ж выходзіла, што яно жыло шмат паўней і нават глыбей адчувала жыццё за тыя дрэвы, што раслі ў лесе. Такі ўжо характар адзіноты: гэта яе ўрода, яе істота.

Адзін толькі Вецер любіў варушыць лісцё гэтага Дрэва, гойдаць яго галінкі і шаптаць яму хітра-ліслівыя намовы. Але Вецер — хоць і часта ён дзьме ў пустых галовах — умее быць сталым, умее маўчаць.

Праўда, крумкач не адзін раз чуў тыя размовы-шэпты Ветру і Дрэва. Але крумкач залішне важны для таго, каб разносіць чужыя гутаркі па свеце, хіба так, знячэўку, прагаворыцца калі. Затое ж крумкач калі што скажа, дык скажа праўду. Таму і вароны паважаюць яго, як жыды рабіна.

Была тут яшчэ адна важная асоба, без якой не адбывалася ніводная тутэйшая справа. Асоба гэта — Ручаёк. І часта, бывала, ішла жывая гутарка між Ветрам, Дрэвам і Ручайком, а крумкач, начуючы тут, любіў паслухаць іх гаворку і сам нават устаўляў сваё мудрае слова.

А што было найдзіўней за ўсё, дык гэта тое, што і Вецер, і Ручаёк крэпка палюбілі Адзінокае Дрэва. З гэтай прычыны ніколі не было згоды між Ветрам і Ручайком. Кажу «палюбілі», бо іначай трудна назваць іх такую шчырую прыхільнасць.

Але трэба памятаць, што бадай не кожная рэч мае два бакі: паказны і сапраўдны.

Можа, гэта з паказнога боку здавалася, што Ручаёк з Ветрам моцна ўлюбіліся ў Дрэва. Няхай аб гэтым мяркуюць мудрыя і кемныя людзі, а я толькі раскажу, як усё было.

Вясной і ўлетку часта-часта прылятаў Вецер да Дрэва, абдымаў яго і сваімі пацалункамі асушаў роску з зялёнага лісця.

— Як я люблю цябе, маё ты мілае і прыгожае! — гаварыў Вецер.— Ты слухай толькі мяне і больш нікога, пакладзіся на маю свядомасць, на сілу маю, на маё моцнае каханне. Можа, холадна табе? Я праганю хмары, ачышчу неба і скажу сонцу, каб грэла цябе. Люблю я дзетак тваіх, бо твае дзеткі — мае дзеткі.

І Вецер прыпадаў да яго яшчэ цясней і абдымаў яго моцна-моцна.

Дрэва ўсё дрыжала ні то з радасці, ні то ад трывогі і асыпала сваё насенне. Вецер падхопліваў яго і нёс далёка-далёка. За доўгія часы ён многа занёс у свет гэтага насення. З насення таго вырас цэлы лес, дзе і спачываў, калі было горача, гэты хітры і злы Вецер. Як толькі ён вывіхроўваўся ў свет, пачынаў балбатаць Ручаёк, цекучы каля саменькага карэння Дрэва.

— Ведаеш, любачка, — цурчаў Ручаёк, — мне здаецца, што гэты Вецер — фальшывы твой прыяцель. Языком ён намеле немаведама чаго: ён табе і хмары разгоніць, і сонцу загадае, — слухай яго толькі. А ўвосень вунь якія штукі выкідае! А зімою што робіць? Ты заміраеш на ўсю зіму, нічога не чуеш, што ён тут вытварае. А я хоць праз лёд, ды чую. Свістун! Не слухай ты яго! Дзе твае дзеткі? Усіх разагнаў ён, а ты стаіш тут, як сірата, і твае дзеці смяюцца з цябе, бо так панавучваў іх Вецер. Іншая справа — я. Перш-наперш мы суседзі, і ў нас многа супольнага, нам трэба моцна трымацца адно другога, бо мы — дзеці зямлі...

Не скончыў Ручаёк гаварыць, бо наляцеў Вецер і сыпнуў са злосці ў ваду цэлае воблака пылу.

— Высушу, як шкурат у Пятроўку, — пагразіў сярдзіты Вецер.

— Уй, шалахтун сусветны, — сказаў Ручаёк, пацямнеўшы ад пылу.

— Што?

— Шалахтун! — грымеў Ручаёк.

— Я цар усяго свету!

— Кажы гэта дурнейшым за самога, а не мне, валацуга! Ці ж можна табе верыць, калі ў цябе сем пятніц на тыдні!

Адным словам, угневаўся Ручаёк, цярпення не хапіла, і ён пацёк далей, бубнячы ўсю дарогу на Вецер: яму было крыўдна, бо Дрэва больш хілілася да Ветру, чым да яго.

Чаму?

Ручаёк ніяк не мог узяць гэтага на розум. Праўда, урэшце ён спыніўся на такой думцы: Вецер больш мае ўвагі ад Дрэва затым, што ён языком менціць і туды і сюды, не гаворыць праўды, а замазвае вочы рознымі байкамі.

Як бы там ні было, а гэта ніколечкі не цешыла Ручайка, і яму ад гэтага не было лягчэй.

А што думала само Дрэва?

Яно часта сумавала. Яму хацелася пабачыць сваіх дзетак, пагутарыць са сваімі роднымі, таму і выглядала яно такім задуменным і смутным. За доўгія часы яно прывыкла да свае адзіноты і страх як любіла азіраць жыццё, што кіпела вакол, і ўсе зʼявы, якія вынікалі і на небе, і на зямлі. І бывалі ў яго такія моманты, калі нічога не думалася, было так лёгка і добра, і само лісце яго ціха спявала. Любіла Дрэва паслухаць, што гаманіў непаседа Вецер, таксама і Ручаёк любіла яно, толькі не ўмела сказаць, як моцна любіць яго.

А Ручаёк палічыў гэта за пэўную няўвагу да свае асобы.

Толькі аднойчы паднялася навальніца. Хмары, як мухі над гаршком куцці, віліся чорным роем над зямлёй, апяразваючы яе агнявістымі стужкамі і трасучыся магутнымі громамі. Страшна было. Але трэба было ўмяшацца Ветру, і тут ён выявіўся такім, якім і ёсць па сваёй натуры: буянам і забіякам.

Ледзь стрывала беднае Дрэва — так рваў і крышыў яго Вецер.

Нават крумкач павінен быў моцна схапіцца кіпцюрамі за галіну, каб не скінуцца.

— Здаецца, я табе не насенне з гэтага Дрэва, што хочаш сарваць і мяне для свае забаўкі,— сярдзіта сказаў крумкач.

Тут у Дрэва расчыніліся вочы: пазнала яно, які хітры і злы яго прыяцель.

Угневаўся і Ручаёк. Ён надзьмуўся, насупіўся, пацямнеў і выліўся з берагоў, запенены ўвесь.

Зняважаны Дрэвам, як здавалася яму, ён адышоўся далей.

І ўбачыла Дрэва, што сябры пакінулі яго. І яшчэ мацней зажурылася.

— Што рабіць?

— Пусціць глыбей карэнні ў зямлю, — сказаў крумкач, мудрая галава, летучы на раздабыткі.

 

1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7