epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Агляд зямлі

Сцісла, мяркоўна жыў Янка Жыгала

І грошы патрошкі збіраў.

Даўно яму думка ў сэрца запала,

І думцы ён гэтай даўно патураў.

Выедзе ў поле ён з конікам сівым

Ці пойдзе з касою касіць,—

Любая думачка зданнем шчаслівым

І сонейкам ясным блішчыць.

Дома таксама. Бывала у свята

                  Аб думцы тэй мову зачне.

Жыгалу ў руку гаворыць Агата

І ў вочы лагодна зірне.

А думаў Жыгала аб тым, каб зямелькі

Ну хоць дзе шматочак купіць.

Бо дома бядота, і сціск паўстаў велькі,

І не з чага стала тут жыць.

І жыў, прыслухоўваўся Янка Жыгала,

Як, дзе прадаецца зямля,

І купля якія выгоды казала,

                Як там ураджайна ралля.

Былі у Жыгалы сябры -— гаспадары.

Адны у іх думкі былі,

І ў сэрцы насілі аднакія мары —

Дабіцца, разжыцца зямлі.

Збяруцца, бывала, і люлькі закураць,

І так углыбяцца ў размовы яны,

Што лбы свае зморшчаць і бровы нахмураць,

                Калі ў чым запынкі відны.

І вось раз вясною, пад Яна, здаецца,

                  Гаворыць Жыгала сябром:

– Чуў я, мужчыны,— зямля прадаецца,

А разам з зямлёю і дом.

А ёсць там і паша, і рэчка блізютка,

І лесу кавалак ёсць там.

От бы абладзіць, не ведалі б смутку,

Была б і выгода і хлеб быў бы нам.

– То дзіва, што быў бы! — ўздыхае Гаўрыла,

Аб кіпець тэй люлькай бʼючы, –

Абсталявацца б і жыў бы, што міла,

        Не гэтак, як тут жывучы.

І доўга пра землю яны гаварылі,

Гарэлі іх вочы агнём.

Здавалася ўжо ім, што землю купілі

І новы пастроілі дом.

І кожны з іх садзік ужо быццам мае,

І гумны іх хлеба паўны.

– Што ж? сходзім, пабачым, хай Бог памагае, –

Да згоды прыходзяць яны.

Ходзяць па полі ў раздумʼі мужчыны,

                  Паперадзе з стрэльбай ляснік.

Іх твары сурʼёзны, і важны іх міны,

Ды вырвецца часам тут крык:

– Ото, брат, раўніна! і вокам не скінеш,

А глеба, глядзі,— як тварог!

Што за зямелька, брат! Купіш — не згінеш,

Асесца б тут госпад памог.

І кіем Жыгала зямлю калупае,

        Да долу прыгнуўшыся ўвесь.

А чорную грудку ў руках расцірае

                  І нюхае землю Алесь.

А трэці, Гаўрыла, мужык барадаты,

Абводзіць вачыма ўсю даль.

Так радуе сэрца ім грунт той багаты,

Расстацца з зямлёю ім жаль.

Ляснік жа паказвае ўсе ім граніцы

І з жарам гаворыць такім:

– О, лес тут прыўдалы! Грыбоў, і суніцы,

І ягады ўсякай у ім.

І рэчка пад бокам, і процьма ў ёй рыбы.

                  Тут рай, ягамосьці, ды ўсё!

Вось гляньце, мужчыны, якія сядзібы!..

О, добрае будзе жыццё!

Мужчыны ў палоне, і сэрца ў іх млее,

Здаецца б, дадому не йшоў,

Бо шчасцем, багаццем куток гэты вее,

Як люба між гэтых дубоў!

Абходзяць, любуюць зямельку мужчыны,

І сэрца ў іх бʼецца, гарыць...

Вось так на каханку, красуню-дзяўчыну

                Хіба толькі хлопец глядзіць.

 

[1910]


[1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910