epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Андрэй-выбаршчык

I
II


I

 

– Ну, Андрэй! Глядзі ж трымайся, ведай, за каго падаць голас!

Так гаварылі мужыкі свайму ўпаўнаважанаму, выпраўляючы яго ў горад на выбары дэпутатаў.

– Не ганіся за панскай гарбатай, бо пан часамі і лісіцай можа прыкінуцца – і руку табе падасць, і нават пацалуецца з табою.

– А што мне іх гарбата! Я і сваю скарынку хлеба зʼем, – гаварыў Андрэй, – не такі я дурань, каб прадацца за гарбату.

– Праўда, праўда, Андрэй! Табе і дэпутатам не брыдка быць за такія словы.

– Так, брат, у іх на языку мядок, а на сэрцы лядок.

– Эх, дзеці вы, дзеці! – махнуў рукою стары Хлёрка. – Нічога, як бачу, не будзе з гэтых выбараў.

– Як то не будзе? Каб усе махалі так рукамі, то і ніякай не было б думы.

– Ты хочаш, каб табе сама зямля з печы ў рукі прыйшла?

– Свабоды Бог з неба не скіне!

– Вядома!

Стары Хлёрка засаромеўся і хутчэй схаваўся за мужыцкія спіны.

– Смела, Андрэй, рэж там, у горадзе, праўду! Андрэй хацеў сказаць мужыкам цэлую прамову, але так многа наплыло ўсякіх думак, што ён не ведаў, з чаго пачаць, і толькі сказаў:

– Ну, братцы, бывайце здаровы.

– З Богам, з Богам, Андрэй!

І Андрэй закінуў на плечы палку, на якой была торба з хлебам і салам, і пехатой пайшоў на вакзал.

 

 

II

 

Мужыкі нецярпліва чакалі Андрэя з выбараў. На трэці дзень, калі Андрэй павінен быў прыехаць дадому, цэлая грамада мужыкоў у доўгіх кажухах з люлькамі высыпала на вуліцу каля манаполькі і шумела, як лес у вецер.

А як рабіць тут не было чаго, то сягды-тагды можна было чуць, як стукала саракоўка аб тоўстую мазолістую руку і як галгатала гарэлка, пераліваючыся проста з бутэлькі ў мужыцкае горла.

Тут былі і такія, што паспелі налізацца і спявалі песні. А Антось Байбак нават пайшоў у скокі і баранаваў пясок на вуліцы старымі ботамі, на якіх не хапала аднаго абцаса.

– Андрэй ідзе! Ідзе Андрэй!

Гоман як бачыш сціх, і ўся грамада заварушылася, як адзін чалавек. Толькі адзін Антось Байбак не хацеў злучацца з грамадою і не пераставаў араць пясок, крычучы, каб на яго пазіралі, бо ён паказваў, як даўней скакалі лявоніху. Але на яго ніхто не пазіраў.

Андрэй ішоў, апусціўшы галаву. З адной кішэні доўгага сівага халата тырчэла турэцкая булка, як раменны мужыцкі чук.

Мужыкі цесна абступілі Андрэя.

– Ну, чым жа ты пацешыш нас, Андрэй?

Андрэй махнуў рукою, і першае яго слова насіла імя той рэчы, якую мужыкі на поле вывозяць.

– Каго ж выбралі?

– Папоў ды чыноўнікаў.

– А ты дзе быў, карова ты? Чаго глядзеў? – накінуўся на Андрэя пʼяны Антось. – Ды я б ім нюхаўкі параспорваў бы!

– От ты ідзі лепш скачы лявоніху, – парадзілі яму мужыкі.

– Няхай вы па жары скачыце, – агрызнуўся Антось і плюнуў.

– А яны стаяць за мужыкоў? – пыталі ізноў мужыкі.

– Дзе бачылі! Усе чарнасоценцы. І прыступу да іх няма.

– А гарбатаю вас не частавалі?

– Чаму не? Але чорт яе піў. Гатовы сказаць яшчэ, што мужыкі жывуць па-панску. Гаварыў жа адзін стрынгаль, што сорак гадоў таму назад мужыкі елі мякіну.

– Трэба было сказаць, што цяпер і гэтага няма, – загаманілі мужыкі.

– Дык мы і зрэзалі гэтага пана, аж брыдка яму стала... А якія яны былі добрыя! Проста хоць да раны прылажы. А як прывязаўся быў да нас адзін «саюзнік»: «Хадзем ды хадзем на сход!» Проста хоць ты махалам махай – здавалася, не адчапіцца ад яго. Адзін з нашых раз і сказаў: «Хоць і пойдзем, але вушы заткнём, каб не чуць вашай гутаркі».

– Гэта ўсё роўна як той паляшук, якога сілаю валаклі да царквы. Бачыць, што нічога не будзе, – «Хоць, кажа, і пайду, але ні губою, ні рукою не мяльну!» – сказаў адзін мужык.

– А раз, браткі, – казаў далей Андрэй, – такая выйшла штука. Зайшлі да аднаго выбаршчыка. Ніхто не ведаў, што ён – прадсядацель саюза рускага народа, і аблаялі мы гэты саюз з астатніх слоў. Выбаршчык усё слухаў ды вачамі моргаў, а потым як усхопіцца, усё роўна як на шыла сеў, ды як крыкне: «Гарадавых пазаву!» Дык мы, брат, ходу. Грыгор з N... павета, бегучы з другога паверха, зачапіўся ботам, паслізнуўся і пералічыў задам усе ўсходы. Дык мы гэтаму выбаршчыку кінулі ўсе чорныя галкі, але ўсё роўна яго выбралі – што мы значым? Колькі нас? Як выбралі дэпутатаў, дык усе чарнасоценцы давай біць у далоні, спяваць, я думаў, што лявоніху скакаць яшчэ пусцяцца... Стаялі мы, братка, моцна. У канцы адзін з мужыкоў сказаў рэч надта жаласную. «Скрыўдзілі, кажа, мужыкоў, не выбралі іх дэпутата. Хто будзе гаварыць у Думе аб цяжкай долі нашай...»

Мужыкі ўсе плакалі.

Стары Хлёрка выціснуўся на першае месца, абвёў усіх мужыкоў вачамі і сказаў:

– Ну, што, чыя праўда?..

 

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5