epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Антось Лата

Зʼява першая.
Зʼява другая.


 

Зʼява першая.

Адбываецца ў патайным шынку, у мястэчку. Шынок брудны, бедны, непрыбраны. За адным столікам сядзіць стары жыд; уздзеўшы акуляры, ён не зводзіць вачэй ад кнігі, сядзіць і барухаецца; калі-калі бубніць уголас. За другім столікам сядзяць яшчэ маладыя сяляне, Габрусь і Рыгор. Перад імі стаіць пустая бутэлька. Старая Лея недалёка ад Бэркі вяжа панчоху.

Габрусь (спявае).

 

Ой, валы ж мае,

Ды ўсе палавыя!

Чаму вы не гарыце?

Ой, леты ж мае,

Ды ўсё маладыя!

Чаму ж дарма гінеце?

 

Рыгор (cпярша сядзіць панурыўшыся, потым уздымае галаву. Да Габруся). Ну, зацягнуў, як на хаўтурах! Кінь, дружа! І так моташна на сэрцы, а ён яшчэ цягне, бы воўк вые. Хіба весялейшых песень няма?

Габрусь. Не спяваюцца, брат, вясёлыя песні. Дома не лады, жонка хвора, недаімкі шмат, а тут яшчэ загуляліся... Ну яго к чортавай матары!

Рыгор. Не давайся, брат! Да дому хочацца, – ідзі гуляй; плакаць зажадалася, – а ты песні спявай. (Бярэцца ў бокі і скача, падпяваючы.)

 

Ой, ты, куме, мой кумок!

Бадай табе трасца ў бок:

Дзе ты, куме, прападаў,

Каб ты ногі паламаў?

Ці не быў ты у Цацэлі,

Ці у Тэклі, ці Марцэлі,

А то можа у Югалі?..

Дзе чарты цябе ганялі?!

 

(Сам да сябе.) Другую!

 

Свіння ў рэпі, свіння ў рэпі,

Парасята ў грэчцы,

А музыка без языка

Каля печы трэцца!

 

(Падскоквае і крэпка стукае нагамі. Падыходзіць да стала; абнімае Габруся.) Габруська, мілы! Выпʼем яшчэ, га?

Габрусь (слаба працівячыся). А няхай яна, братка, згарыць, – і так, падла, шаломіць. Можа будзе?

Рыгор. Душа меру знае! Эй, Лея! Дай яшчэ паўкварты. (Спявае.)

 

Ад піва баліць спіна,

Ад мёду – галава,

Каб чарачку гарэлачкі,

Дык я была б здарова.

 

Уваходзіць Лея с паўквартай.

Габрусь.

 

Лея – цётка, Лея – мама:

Пашкадуе гэтак сама –

І накорміць і напоіць,

Хоць і добра нас падоіць.

 

Чаму цябе, Лея, чэрці не хапаюць? Жывеш ты і жывеш, і зносу табе няма. Колькі табе ўжо год?

Лея (ставіць на стол паўбутэлькі). Не ведаю, галубок; жыву, от, пакуль Бог пазваляе, а гадоў сваіх не лічу. І на што іх лічыць? Грошы трэба лічыць, трэба лічыць гусі, авечкі, а гады – Бог злічыць. Лішняга не вазьму, твайго, галубок, не займу.

Рыгор (пазірае на Лею, плюе ў бок). Тфу! Будзе яшчэ Бог турбавацца – лічыць яе гады. А каб цябе снег спаліў! Чуеш ты, Габрусь, што яна гаворыць?

Габрусь. Ведама старая – здзяцініла! Ёй здаецца, што Богу няма чаго больш і рабіць, як лічыць яе гады. Падумаеш – угодніца якая!

Рыгор. Угодніца! Ха-ха-ха! Пойдзе Лея ў рай, а мы заспяваем ёй:

 

Старая вялікакруцельніца, Лея,

Нясі спірытусу нам!

 

Лея (смяецца). Ой, Рыгор, Рыгор! Нашто Богу грашыць? Крыўдзіш ты мяне, старую. Якая ж я круцелька? Вады падліваю ў гарэлку? Ашукваю вас? От вы тут выпіваеце, а ў мяне душа ў пятах. Войдзе стражнік, трэба што сунуць яму ў руку. Акцызнік зловіць – штраф плаціш. А якія заработкі? Капейка на паўбутэльку...

Габрусь. Яе, брат, да вечара не пераспорыш і не пераслухаеш. Баба – заўсёды бабаю застанецца – ці наша, ці жыдоўка: не збрэшашся з імі. (Да Леі.) Дай лепей закусіць чаго трохі. (Лея выходзіць.)

Габрусь. (Спявае ёй услед)

 

Ох, шынкарка наша Лея,

Пайшла, – прыйдзе, – не здурэя.

 

Бэрка (адрываецца ад кнігі, пазірае на Габруся, круціць галавою). Гэта ўжо такая натура ў вашага брата: выпіць на капейку, а гуку нарабіць на рубель.

Габрусь. А ваш брат калі адну чарку выпʼе, дык увесь варʼяцее, хоць ты яго ў Вілейку вязі. (Бэрка паціскае плячыма, апускае вочы ў кнігу і змаўкае.) Як ты думаеш, Рыгор: дастане Бэрка сабе збавення, ці не?

Рыгор. Хто, – Бэрка? А як жа? Чакай Пятрук Пятра: будзеш сыр есці?.. (Бэрка кідае сярдзіты погляд на Рыгора. Рыгор і Габрусь смяюцца.)

Лея (уваходзіць). Ну, вот вам сяледчык з перчыкам і цыбулькаю.

Рыгор. О, дзякуй табе, цётка Лея! (Да Габруся.) Налівай, сябру!

Габрусь (да Рыгора). Ну, то ўцякай жа! (Задзірае галаву і гладка выпівае, моцна крывіцца.)

Рыгор (узяўшы чарку ад Габруся). Дай Божа, каб у хлявах пладзілася, а ў палях каласілася, каб жывы былі і яшчэ пілі.

Габрусь. Дай Божа! (Габрусь і Рыгор закусваюць моўчкі. Бэрка моліцца ўголас. Лея сядзіць над панчохай.)

Габрусь. Вот, брат, каб на яе агне, на гэту гарэлку: як выпʼеш, падлу, дык адразу робіцца на душы святлей. Потым жа яна, нябось, зашкодзіць?

Рыгор. Глупства, браце... Ведаеш, што, Габрусь: давай паедзем у Амерыку?

Габрусь. А што ты думаў – едзьма!

Рыгор. Расказываюць, што заработкаў там, колькі хочаш. Лапатамі аграбай дзенюжкі.

Габрусь. І скажы, браце, чаму там многа заработкаў?

Рыгор. Народ панаваты. Рабіць сам не хоча, а грошай многа.

Бэрка (перастаўшы глядзець у кнігу, прыслухваецца да мовы). Ой, покі ў Амерыку заедзеце то ў «Рыгу», напэўне, трапіце.

Габрусь. Куды трапімо, то трапімо, але не хапуну ў лапы. Ты вот молішся, а хапун за каркам шворыцца.

Рыгор. Няўжо гэта праўда, што іх бярэ хапун?

Габрусь. А ты ж думаў як? Людзі не дарма гавораць. Унь нашага каваля Шлёму... Каб не Сальвесь, то і прапаў бы: ушчаміў у асіну – ні туды, ні сюды. Ледзьве выратаваў.

Рыгор. Чуў я гэта, але мала даю веры.

Габрусь. Бо ты – дурань. А я табе скажу, што хапун ёсць, што кожны год бярэ ён з кагалу па аднаму жыду... Ведаеш, такая справа. У жыдоў не было грошай, а жыд, ты ведаеш, любіць грошы, моцна іх любіць. Вот яны і зрабілі такі кантракт з чортам: чорт дае ім грошы, а яны замест працэнту плацяць адным жыдом з кагалу. І вот гэты зборшчык падаткаў называецца хапуном.

Бэрка (круціць галавою). Эх, цемната, цемната! Адны дурні плявузгаюць, а другія іх слухаюць.

Рыгор. Габрусь, братка, кінь ты Бэрку! Ды й не праўда ўсё гэта, – брэшуць цёмныя людзі. Што ж будзе, калі ў нас Бэркі не будзе? Дзе мы прыхілімся, сіроты? А ты, Бэрка, хоць у цябе розуму споў-цабэрка, маўчы, і не мяшайся ты ў нашу пʼяную гутарку... Пі, брат, не бойся: розуму не прапʼём, бо яго і няма. Глядзі мне ў вочы: ты бачыш мяне?

Габрусь. Бачу больш, як трэба: ні аднаго, а цэлы гурт Рыгораў, і ўсе, як адзін.

Рыгор. А я бачу з дзесяць Габрусёў.

Спяваюць.

 

Чарка ўсё на свеце робіць,

З ёю можна жыці,

Ёю ўсякія хваробы,

Можна загаіці.

 

Адчыняюцца дзверы. На парозе паважна зʼяўляецца фігура Антося Латы. Суконны пільчак яго ўздзеты ў адзін толькі рукаў; праз шапку выбіўся касмык ужо пасівелых валасоў, у руках палка. Гаворыць моцна, адрывіста.

Антось (стаіць на парозе абводзіць вачыма шынок, гукае моцна). Здаррова, рребята-а! (Ніхто не адклікаецца. Трасе галавой, цяжка ўздыхае.) Эх, ваякі мае, ваякі мае! Не чуеце вы голасу свайго старога генерала! Дзе дзяк Ралькоўскі, каторы да слоў малітвы: «Стомпіл да пекла» дабаўляў: «бо па дарозі было»? Спіўся, бедны, царства яму нябеснае вечнае, адпачыванне яго душэчцы! Дзе Антось Лузун, на фаміліі Семяняка?.. Антось, Антось! Ты быў шпаркі да бойкі, і ніколі не зажывала ў цябе шкурка на носе. Дзе Мікола Паляк, каторы меў вока на папа. Злавіў яго ў ночы, нібыта свайго сына, і давай накладаць яму па карку, прыгаварываючы: «Толькі па вячорках ходзіш, а сена каню не даў! А сена каню не даў!» Парыце вы землю, кампанейцы мае! Толькі я астаўся, як пень яловы на пасяццы. (Падыходзіць да Бэркі.) Як маешся, турэцкі рабін?

Бэрка. От!.. Антось, як жывеш?

Антось. Жыву, брат, і цябе яшчэ на могілкі ў мяшку занясу.

Бэрка. Ну!

Антось. А ты ўсё з гэтаю бубляю? Ужо адны вочы не свецяць табе, зараз і шкляныя папсуеш. Што ты вычытаеш тут, куст альховы. Я не пісьменны, а давай паспрачаемся ў навуцы. (Адбірае ад Бэркі кнігу.)

Бэрка. Антось! Антось, пакінь!

Антось. Я яму кажу – пакінь, а ён мне. (Вырывае з рук кнігу, выбегае на сярэдзіну шынка. Бэрка стараецца адабраць кнігу. Падбягае Лея на помач. Антося пільчак спаўзае з рукава, Антось не замячае, адпіхае адною рукою Бэрку і Лею, а сам раскрыўшы кнігу, перадражнівае.)

 

Агонь гарыць, дым коціцца,

А Бэрка думаў, – свет кончыцца...

Бэрка думаў, свет кончыцца,

А то агонь гарыць, дым коціцца.

 

Бэрка. Э-э, пʼяніца, варʼят!

Антось. Сам ты варʼят, ідал ты! Табе толькі аднаму хочацца ў рай? Скула табе, а не рай. Калі ўбачу, што ў рай пашыбуеш, звалаку! Дальбог, звалаку! (Кідае аб стол кнігу. Рыгор і Габрусь рагочуць.)

Рыгор (да Габруся). Загуліваецца Антось.

Габрусь (нізка апускае галаву). А мы с табою – святыя!

Антось (да Бэркі). Ну, пугач ты дупляны, кнігаед дурны! Скажы мне: колькі раз ляжа іголка ад Нясвіжа да Міра? Гэтага не напісана ў тваёй галаве? Га?

Б эр к а. Не лічыў!

Антось. А што крапчэй жыцця і смерці? Скажы мне, пісьменны!.. А скажы, чаму я плачу там, дзе трэба смяяцца, і смяюся тады, калі трэба плакаць?

Бэрка. Ну, бо ў цябе такая натура.

Антось. Натура, натура! Быў салдат Батура, у яго была кепская натура. Чаму ён салдат Батура?

Бэрка (ускідае плячыма, не знае, што сказаць).

Антось. Уй, заткала старое! (Ідзе да Леі.) Ну, Лея, давай руку, – пагадаю.

Лея. Не трэба, не трэба, – не хачу!

Антось. Калі кажу давай, то давай! (Сілаю бярэ руку, углядаецца. Крывіць галаву і так і гэтак.) Доля твая, як жыта ў Канцывалоках. Шчасце тваё асталося ззаду. Ты ідзеш да яго, але міма, пазіраеш яму ў вочы, а бачыш яго спіну. Сэрца тваё неспакойна; думкі твае займае мужчына светлага воласу, каторы любіць выпіць.

Лея (смяецца). Можа гэта ты, Антось?

Антось. Так і ёсць; рука гэтак паказвае. А Бэрку ты не любіш, – яго і любіць няма за што.

Бэрка (намысліўшыся). Ну, Антось: пытаў ты мяне, запытаю і я цябе. Скажы, сколькі сабака носіць у сабе страву?

Антось. Столькі сколькі ты над бубляю сядзіш. (Рыгор і Габрусь смяюцца.)

Бэрка. А чаму ў курыцы вочы закрываюцца знізу?

Антось. А чаму ў цябе нос наперадзе, а не на патыліцы? Дурак ты! што ты пытаеш? Такая яе ўрода.

Бэрка. А вот і не ведаеш.

Антось. Больш я забыўся, як ты знаеш.

Габрусь (да Антося). Хадзі, дзядзька, да нас!

Антось. Дык што будзе?

Габрусь. Нічога не будзе, пасядзіш з намі, чарку выпʼеш.

Антось. Змілаваліся! Дзякуй вам, дзеткі!.. Ідзіце вы к чортавай матары з вашай гарэлкай. У мяне свая ёсць. (Мацае кішэні.) Нябось, ніхто не захацеў з дзядзькам паздароўкацца – брыдка! Антось – пʼяніца, Антось – лайдак, на Антося дзеці пальцамі паказваюць... Дзе ж мая пляшка, трасца яе долі?.. Бэрка! на што забраў гарэлку?

Бэрка. Я не пʼяніца, Антось.

Антось. Эх, Бэрка, Бэрка! Святым хочаш быць, законы талмудаў спаўняеш, а Антосю запускаеш шпількі. Ну што ж?

Лея. Можа ў пільчаку твая гарэлка?

Антось. От што знача сэрца кабеты, каторая любіць. Ты, Лея, будзеш у раю, а Бэрку – гула асмаленая. Дай пацалую цябе. (Лея ўцякае.) Бэркі баіцца! (Падымае пільчак.) Губляў я гарэлку многа раз, але яна не прападала. А гарэлка згубіла мяне адзін раз, і я не знайду сябе. (Цягне з бутэлькі. Стаіць колькі мамэнтаў, апусціўшы галаву, потым паважна ўздымае яе, абводзіць усіх.) Выбачайце, хлопцы! Выбачай і ты, Бэрка... Я не са злосці – натура мая такая... (Зразу другім тонам.) Эх, каб я быў пісьменны! Напісаў бы я пра наша цёмнае мужычае жыццё, ды як напісаў бы: слязьмі і кроўʼю! Вам смешна: Антось – камедыянт, пацяшае вас і вы смяецеся! Але ці бачылі вы, як Антось плакаў? Але ці чулі вы, як Антось праклінаў час, калі ён нарадзіўся на свет, долю сваю сабачую?... Эх, свінячае жыццё! (Скрыгіча зубамі.) І каму карысць з мяне? Жыў я, жыў, лік гадам згубіў. Сыны паўміралі, унукі гібеюць. А жонка?.. (Задумваецца.) Ты б і дагэтуль жыла, мая сівая галубка, і мяне б пахавала. Але ці мала адабраў я твайго здароўя? Ці не ты гэта тулялася па завуголлі ў адной бялізне, як у маёй галаве бушаваў хмель?.. Сабака я, печаны гад, забойца!.. Хата мая спусташылася, вакруг усе павыміралі, а я адзін... Я – адзін! Мне жудасна ў хаце маёй!.. Адна толькі ты са мною, атрута мая, ты – мая пагібельніца! (Трасе бутэлькай.) Ты згуба мая! З-за цябе калаціў я сямʼю маю, з-за цябе паганая! (Замахіваецца бутэлькай.) Не, не хопіць сілы разбіць цябе. (Зноў цягне з бутэлькі.) Чорт мяне павенчаў с табою! (Садзіцца за стол.) Пасуньцеся, хлопцы! (Рыгор і Габрусь даюць месца Антосю. Антось паставіў бутэльку на стол, сціскае рукамі галаву. Цела яго трасецца ад здушанага плачу. Габрусь і Рыгор пераглядаюцца.)

Габрусь (Рыгору). «Чарка ўсё на свеце робіць»... (Моцна задумваецца.)

 

ЗАСЛОНА.

 

 

 

Зʼява другая.

 

Ноч у лесе. Ціш, жуда. З глыбіны лесу нясуцца няясныя, таемныя зыкі. Крычыць сава: «Кі-гі! кі-гі!» У пушчы як бы хтось пераклікаецца: Гу-гу-гууу!» З-за хмар калі-нікалі выплывае месячык ды зноў нырае ў хмаркі. Антось, Габрусь і Рыгор ідуць праз лес. Гарэлка водзіць Антося ў бокі. Габрусь і Рыгор падтрымоўваюць яго.

Антось. Стойце!.. стойце, сокалы мае турэцкія! (Упіраецца, падаецца назад. Усе застанаўляюцца. Антось перастае дзівачыць, пільна ўглядаецца ў лес.)

Рыгор. Тут у дзень нічога не убачыш, а дзядзька ў ночы хочаш нешта згледзіць.

Габрусь. Хадземо, дзядзька, памалу.

Антось (ціха, спаважна, нікога не слухаючы). А ці не здаецца вам, хлопцы... (Прыслухіваецца.) Ссс!.. (Падымае палец у гору. Габрусю раптоўна робіцца чагось страшна.)

Габрусь. Ну, пайшоў ужо варʼяцець! Даўно пара быць дома... (Да сябе.) Згарэла б яна, гэта гарэлка, і вы разам з ёю!

Антось. А ці не здаецца вам, сыны мае, што мы не па той дарозе ідзем, га? (Усе ўзіраюцца на дарогу.)

Рыгор. Здаецца – тая, а можа і не тая!

Габрусь (з усмешкаю). А ці не ўсё роўна нам? Мы даўно бадзяемося не па тых дарогах, кудою ходзяць добрыя людзі.

Антось. Унь куды гне, злодзяй! (Бʼе злёгка па яго плечу.) Ты праўду кажаш сын мой: сышлі нашы калёсы з каляінаў. Ну, і чорт іх бяры: як ні пакоцяцца, а за манапольку зачэпяцца. (Спявае.)

Ой хадзем да дому,

Не скажам нікому,

Зарэжам ката,

Бо наш кот – сірата.

Габрусь (злосна). Не вый ты, дзядзька: ваўкоў яшчэ пасклікаеш.

Антось. Гэ, брат, цяперашнім светам лепш з ваўкамі жыць, чым з людзьмі, бо што цяпер чалавек? Ноль! Пацяруха!

Габрусь. Ну, годзі, годзі! Пойдзем, дзядзька!

Антось (штось успомніўшы). Стой! стой! А я такі склічу ваўкоў, паваблю іх! Колісь, брат стражнікаваў, з князямі на мядзведзяў хадзіў. О-о-о! (Бяжыць з дарогі ў гушчар і вые па-воўчы, згарнуўшы кулакі ў трубу. Габрусь і Рыгор слухаюць. Антось вые, як воўк; вые доўга, сперша ціха, потым усё усіляе голас і канчае страшным, жудасным завываннем.)

Габрусь і Рыгор (разам). Кінь, дзядзька, бо не добра слухаць – няма чаго жартаваць з імі.

Антось (сумна). І воўк у лесе не хоча адгукнуцца мне.

Габрусь (цягне Антося за рукаў). Ну, хадземо, дзядзька, даволі дзівачыць!

Антось. Ідзі, дружа! Ці ж я цябе трымаю? А мне некуды. Каму я патрэбны!? А патрэбен, – то той і сам прыйдзе да мяне, калі я яму патрэбен буду. (Памаўчаўшы.) Душа мая баліць, косці скрыпяць, і кішкі бурчаць; трэба зрабіць папаску – ногі не служаць. Садзіся, кампанія мая, чуць не родная. (Садзіцца на дол, мацае кішэні.) Захапіў з сабою жывучай і гаючай вады. (Дастае бутэльку з гарэлкай.) Во яна!

Габрусь (плюе і сярдзіта адварочваецца). А каб ты смалы напіўся! Ну, кінь, дзядзька! дома выпʼеш. (Цягне Антося, той вырываецца.)

Рыгор. Ну, няхай сапачыне чалавек. Што ты прыстаў, як смала? Не табе, здаецца, равеснік (Ласкавей.) Пасядзімо крыху, пакурымо, сапачынем. (Садзіцца каля Антося, Габрусь адыходзіцца ад іх, разглядае месца.)

Антось. Ну, Рыгор: здароў будзь! (Цягне з бутэлькі.) Вантробы яна ўжо мне папаліла.

Рыгор. То навошта яе піць?

Антось (ціха). Не магу... Ты не ведаеш гэтага. (Стукае ў грудзі.) Баліць у мяне, ссе мяне нешта, душа ные! Нейкі злы дух залез сюды і не дае мне спакою! О, Божа літасцівы! Дакуль будзе пакута мая? (Апускае галаву.)

Габрусь (пакідае кампанію, ідзе па дарозе, прыглядаецца, прыслухіваецца). Не, – зоймешся з імі, ніколі да дому не трапіш. Але і праўда, ці тая гэта дарога? А спытаць няма ў каго. (Раптоўна астанаўляецца: уперадзе няясна абазначаецца фігура. З мроку выходзіць чалавек, пад пахаю торба, у руках палка, ідзе падскокам, высока падымае ногі і громка тупае; зямля глуха аддае крокі невядомага.) Адкуль, чалавеча?

Невядомы. З багны-балота, з сухога чарота, дзе чэрці святых спакушаюць.

Габрусь (спалохаўшысь). Не ведаю, што гаворыш, чалавек! Ты мне скажы, куды зайду я, пайшоўшы па гэтай дарозе?

Невядомы. На могілкі.

Габрусь. На якія могілкі?

Невядомы. А на тыя, адкуль ніхто назад не ходзіць.

Габрусь. Тьфу, згінь ты! (Хрысціцца.)

Невядомы. А мне перадалі гасцінчыку для цябе. На! (Згартае і дае Габрусю ў нос фігу.)

Габрусь (адскаківае. Невядомы ідзе далей, заліваючыся ціхім рогатам). Божа мой! Куды зайшлі мы! (Ідзе да Антося і Рыгора. Антось сядзіць, як анямянелы, Рыгор ляжыць на спіне. Да Рыгора.) Рыгор, уставай, браток: Бог ведае, куды мы зайшлі. Тут страшнае месца, і Бог адступіўся ад яго – тут прайшла здань, а можа і сам дʼябал; уласныя вочы мае бачылі яго!

Антось (падымае галаву, абводзіць вачыма селян і лес). Ты кажаш: «Куды мы зайшлі?» Вот тут і ёсць точка! Хіба ж мы самі зайшлі? Нас вёў нехта, а мы, як сабакі на ланцугу, пакорна ішлі за ім.

Габрусь. Што ты, дзядзька! Ахамяніся!

Антось (раптоўна зрываецца з месца, сціскае кулак, скрыгіча зубамі, крычыць нема). Вон! вон яе адгэтуль! (Бяжыць, як бы каго ловіць і хоча рынуцца на яго.)

Рыгор (трасе Антося). Дзядзька! Дзядзька! Перахрысціся ты, Бог с табою!

Антось. Я задушу яе, згубу маю!

Рыгор. Каго? Гэта ў цябе здань, дзядзька, з гарачкі. (Габрусь трасецца, як асінавы ліст, хрысціцца сам і хрысціць Антося.)

Антось. Цеш, дзеткі, цеш! (Злосна.) Адступіся ад мяне: я душу прадаў чорту!

Габрусь і Рыгор (адскаківаюць, як апараныя). Што ты?.. А Божа!..

Антось (углядаецца ў цемень). Вот яна, во! (Паказывае рукою на гушчар.) Стаіць, халернае мяса!

Габрусь (да Рыгора). Ты бачыш? Там хтось стаіць... варушыцца!

Рыгор (хаваецца за спіну Габруся). Пан Бог з намі, Дух Святы! Тфу, згінь, прападзі! (Усе ўтрох пазіраюць у лес. З гушчару павольна зʼяўляецца жанчына. Ні рук яе, ні ног, ні твару не відаць. У колькі кроках цень застывае.)

Антось. Чаго ты прыйшла сюды? Што табе тут трэба?

Здань. А як табе сказаць? Прыйшлі мы да цябе на суд.

Антось. Хто – мы?!

Здань. Я і яна.

Антось. А, чорт вашага бацьку і мацеру ведае! Мала на свеце ўсякіх патаскух?

Здань. Ой, як ты лаешся! А яшчэ добры знаёмы!

Антось. Які я твой знаёмы? Брыда ты!

Здань. Ха-ха-ха! Вот табе і на! Ды ты ж без мяне ніводнага дня не пражыў, ты, калі хочаш, крыху мой бацька.

Антось. А прападзі ты, такая дачушка!

Голас з лесу. Захочаш – і прападзе. Мяне то ты не знаеш, але я неадступна сную за табою, як твая цень, як верная служка твая; кожную мінуту шапчу я табе: «Кінь, Антось, сваю натуру, будзь ты чалавекам!»

Антось. А гэта што яшчэ за прыяцель такі?

Здань. А ты і разваж нас... Мы даўно ўжо калоцімся з ёю. Я – Манаполька, я – Выпівоха; яна – Цвярозая пані.

Антось (трэ лоб). Ну, загадаюць загадку, хоць Бэрку з бубляю кліч на падпамогу.

Здань. Гэта цвярозая імасць пілуе мяне і пілуе. «Ты, – кажа –людская згуба, ты – няшчасце людскае». Так гэта, ці не? Скажы па праўдзе, Антоне: калі табе весела і ты спяваеш – ці тады, калі ты пʼяны, ці тады, як ты цвярозы.

Антось (хітруе). Не заўсёды чалавек спявае з радасці. Быў у мяне знаёмы, дзяк Ралькоўскі, царства яму нябеснае: той спяваў заўсёды, бо ён з гэтага хлеб еў. Раз беднага падашукаў Антось Лузун. Панёс прадаваць дзякавы боты, каб разам прапіць іх. Боты то ён прадаў, але прапіў іх без дзяка – і панюхаць таму не даў. Пайшоў дзяк хаваць умерлага, стаіць у выступках, – холадна, троха не плача, а цягне: «Са святымі супакой!»

Здань. Ты не тое гаворыш, што думаеш. Ну, што ж? Людзі заўсёды забываюць дабро. Але ж трэба быць справядлівым. Хіба забыўся, да каго прыхіляўся ты, калі табе было горка на душы? Помніш – быў пажар? Усё пагарэла, сам выскачыў з хаты, у чым стаяў, чуць жывымі былі выхвачаны дзеці, не было за што рук зацяць, і ты хадзіў пануры, як бы на табе зямля ляжала. А людзі вакруг былі так чэрствы на тваё гора, так чэрствы! І душа твая ачэрствела, ацвярдзела тваё сэрца, Божы свет стаў табе не мілы, і не рад быў ты жыццю. А хто ўсцешыў цябе? Хто адагрэў тваё сэрца? Цвярозым ты месца не знаходзіў сабе, а выпіў – ты стаў другім чалавекам, і свет адмяніўся, і гора тваё паказалася жартамі.

Антось (стаіць унурыўшыся). Нечага сказаць, жыў Антось Лата, рай было яго жыццё. У-у-х! У друзачкі пабіць... (Пакорна.) А каго? (Схіляе голаў.)

Рыгор. Згавары ты, дзядзька, пацеры і супакойся: гэта нячыстая сіла чмуціць цябе.

Габрусь (цягне Антося за руку). Хадзем борздзенька з гэтага заклятага месца!

Антось. Маліцеся вы, а мяне Бог не ўчуе. Грэшны я, сакалы мае: і турэцкі Бог не захоча з Антосем кампанаваць (Махае рукамі.) Адчапіцеся ад мяне, хлопцы: я ўсім хачу насы ўцерці, і сам смаркатым застаўся.

Здань. Дык ці можна разлучацца нам с табою, мой дружа, калі мы так моцна звязаны! І не адно здарэнне ў тваім жыцці не адбывалася без мяне. Першы твой крык, каторым ты спатыкаў жыццё, далятаў і да маіх вушэй, і я шла, як добрая госця, і несла з сабою радасць для ўсіх. Са мною заўсёды весялей, бо я разаграваю кроў, адганяю сумныя думкі і развязваю язык. Не ладзіцца справа, клічуць мяне, і я ўсіх пагаджу... Скажы ж, чалавеча, ці маю я права на пашану людскую?

Антось (круціць галавою). Складна гаворыш, як у сцяну лепіш. Была ў мяне рыжая сучка, то і тая так не брахала. (Рагоча.) Эх, Антось, Антось! Раскідаеш ты залатыя слоўкі, але хто збярэ іх? Паслухайце ж мяне, мае прыхільныя прыяцелькі. Быў на свеце музыка-дудар. І меў ён дудку, ды такую прыўдалую і так яна жаласна іграла, што без плачу ніхто не мог яе слухаць: такое сэрца ўлажыў у яе дудар. Дык заўсёды іграла яна жаласна. А калі хто хацеў весялейшых спеваў, то для тых у дудку ўкладалі другое сэрца... Ці была гэта дудка шчасліва?.. Ты адбірала ў мяне маё сэрца, наліваючы вантробы мае гэтаю атрутаю... Чуеш ты? Я клічу ў сведкі гэту сляпую ноч, гэты лес адвечны, месячык ясны і далёкія зоры: будзь ты праклята! На вечныя векі праклінаю цябе, чортава служка!.. У апошні мой час вы прыйшлі насміхацца з мяне. Вам мала насміхання над цэлым маім жыццём. (З не сваёю сілаю вырываецца з рук сялян і, як пружына, кідаецца на здань і падае на дол... Пачынае світаць, у лесе шарэе. Антось ляжыць, ні варушыцца. Габрусь і Рыгор падбягаюць да Антося.)

Рыгор. Дзядзька, дзядзька!

Габрусь (у дзікім страху). Нежывы! (Антось ляжыць ніцма. Габрусь і Рыгор стаяць паабапал, пазіраюць адзін на другога.)

 

ЗАСЛОНА.

 

 

Тарас Гушча

 

[1917]

 

 


[1917]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Якуб. Збор твораў: у 20 т. Т. 15: Пʼесы. - Мінск: Мастацкая літаратура, 2011. - 788, [3] с.