– Но, малы! Но, малы, каб табе брыдка! –
Ў полі араты крычыць.
Сошка крывенькая дол рэжа плытка,
Толькі пясочак шарсціць.
Глуха каменьчыкі бʼюць аб нарогі,
Папараць, пырнік што крок.
З сіл выбіваецца конік убогі,
Сыдзе наўмысля набок,—
Крыкне араты і торкне ляйчынай:
– Куды паўзеш ты? Назад!
Клыгае конічак зноў раўчавінай,
Тчэ за сабою ён склад.
Сам жа араты саху падтрасае,
Мерна йдучы за канём.
Босыя ногі, а шапка старая,
Зрэбныя порткі на ём;
Грудзі расхлістаны, лушчыцца скура,
Пот залівае ўвесь твар.
Неба ж яснюткае, хоць бы дзе хмура!
Эх, і даймае іх жар!
Клыгае конік, а ззаду араты
Ходзіць, сагнуты, як склюд...
Матка-зямелька! Эх, не, недарма ты
Корміш убогі свой люд!
19/ХІІ 1909