epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Арол

Шмат думак снуецца ў дарозе

Пад стук аднатонны калёс...

Пустэля!.. Ні хвой, ні бяроз,

А стэп замлявае ў знямозе…

 

Мой друг дарагі! Што скажу я?

Прызнаюся шчыра — пра Вас

Я думаў, гадаў, і не раз.

Вітаў я зямельку чужую.

 

Вітаў я і тыя куточкі,

        Што Вас гадавалі ў красе,

І Вашы парывы, і радасці ўсе,

І добрыя дні Вашы й ночкі.

 

І сумна было мне: нічога,

Нічога ж не ведаў, дзе Вы,

І думкі не йшлі з галавы —

Дзе ж Ваша праходзіць дарога?

 

Няўжо ж не сустрэну ніколі

Ні ў гэтым, ні ў іншым краю

Вясну маладую маю,

        Што ў ценю прыкрылі таполі?

 

Няўжо ж і ў садочку вішнёвым,

Дзе Вы апявалі вясну,

Я болей на Вас не зірну,

І не пачую ўжо Вашага слова?..

 

І раптам — адкуль, невядома —

Мільгнулася думка-страла:

Дзевятага згледжу арла —

І друга застану я дома.

 

Быць можа, наіўнаю, смешнай

        Пакажацца Вам варажба,

Ды ў ёй гаварыла журба

Душы мае стомленай, грэшнай.

 

 

  І вот — прасвятліліся вочы...

Арол … светлакрылы!.. Арлу

Прыношу я чэсць і хвалу

За тое, што мне напрарочыў.

 

30/V 1943


30.05.1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945