epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Асенні дождж

Сыплюцца кроплі часта і дробна,

Ціха па стрэсе бубняць.

Смутак наводзіць шум іх жалобны,

Смутку таго не суняць.

 

Хліпанне, плюскат... Ночка глухая

Цягнецца доўга, як год.

Вецер заложны шуміць, не сціхае,

Жаласна свішча праз плот.

 

Кружацца думкі, сон разганяюць,

        Мары наводзяць і сны,

Волю далёкую мне ўспамінаюць,

Дні маладыя вясны...

 

Сыплюцца кроплі часта і дробна

Ў сцены, у вокны бубняць.

Смутна іх песня, плачу падобна,

Смутку ж ніяк не суняць.

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910