epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Асеннія ясныя дні

Сярод гнілой восені выдаюцца часамі ясныя, светлыя дні. Ціха ўсюды. Вецер не скалыхне ні адзін лісцік, ні адну травінку. Ласкавае неба пазірае на зямлю; нідзе ні хмурынкі. Ясна і хораша, усё роўна як вярнулася лета, падарыла восень людзям яшчэ некалькі ясных, светлых і цёплых дзён. Хоць усюды і ціха, цёпла і ясна, так ціха, што чутно, як лятуць пчолкі, як звіняць у воздусі тоненькім галаском кучкі мошачак, але ўжо не вее тым жыццём, каторае відаць вясною. Куды ні кінь вокам, на ўсім убачыш след восені. Хмурны хваёвы лес чуць заслаўся сінім дымком, туману і стаіць не ўзварухнецца, як у якім задуменні; а бярозы, асіны і дубы чырванеюць здалёк сваім лісцем і прыпамінаюць сабою аб восені. На ўсім ляжыць сіняваты слой смугі не то дыму, не то туману. А прыслухаешся – такая цішыня ўкруг! Хоць бы птушка зачылікала. Толькі каршун адзін кідае з вышыні свой крык, і нудна разліваецца ён над зямлёю і наводзіць маркоту на душу чалавека. А то часам закрычаць у небе дзікія гусі, ключом пранясуцца жураўлі і схаваюцца ў сініх хвалях далёкага яснага неба, толькі крык іх яшчэ чуваць; потым і ён заціхае памалу і замрэ, расплывецца ў цішыні асенняга дня.

Стаіш, пазіраеш, нічога не думаеш, толькі сэрца смутна бʼецца некім жалем.

Плаўна носіцца ў воздусі белае павуццё, сцелецца па зямлі, чапляецца за кусты і сухую траву. Прайшло цёплае лета. Апошнія вы, ясныя дзянькі восені! Затое якія вы ціхія, якія цёплыя і разам з тым нудныя дзянёчкі!

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5