epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Баба i чорт

Жылі-былі дзед і баба. Хораша жылі яны між сабою. За ўсё сваё жыццё яны не толькі ні разу не пабіліся, але і не пасварыліся нават. А вядома, што чорта аж дрэнчыць, калі людзі сагласна жывуць між сабою. На якія хітрыкі ні кідаўся чорт, каб звесці дзеда з бабаю, нічога не памагала. Пробаваў ён кідаць у гаршчок з капустаю вуглі і сажу. А дзед і вухам не вядзе: выкіне з капусты вуглі, есць ды бабу хваліць, што яна добрая гаспадыня. А дзеда ўночы завёў раз чорт у бабіну расаду і вытаптаў яе дзедавымі нагамі. Авось, думае, пачастуе баба дзеда чапялой. Не! I нібыта таго! Аж пахудзеў чорт ад злосці.

Раз сустрэўся чорт з адною кабецінаю. Хітрая была баба, першая звадыяшка ў сяле.

– Скажы мне, кабетка, ці можна звесці пабіцца мужа з жонкаю, каторыя ніколі не сварацца і не злуюць адно на аднае, — пытае хітры чорт у бабы.

– Ото дзіва што можна.

– Ну звядзі ж ты дзеда з бабаю.

– А купіш мне чаравікі?

–Усё куплю, што хочаш, звядзі толькі.

Прыйшла звадыяшка да бабы. Ведала яна, што баба любіць і шануе дзеда.

— Знаеш, галубачка, што я табе скажу? У твайго дзеда вырас на галаве сівы волас. Калі ты не выражаш яго брытвай, то дзед твой памрэ. І глядзі, нічога не кажы дзеду пра гэты волас.

А дзеду яна сказала (дзед гарох сеяў на полі):

– От, дзедка, распусціў ты сваю бабу. Хоць бы пакрычаў ты на яе: яна ж надумалася зарэзаць цябе!

– Што ты, сука, брэшаш?! Ці не зварʼяцела ты?

– Ну, глядзі, каб потым не каяцца.

Не паверыў дзед лгару, але закінула лядашчая баба зерне страху ў дзедаву душу.

Прыйшоў дзед у хату. Наліла баба місу крупніку, селі есці. Потым кажа баба дзеду:

— Дай, дзедка, паішчу ў галаве.

Палажыў дзед галаву бабе на калені.

Стала баба іскаць і праўда: сівы волас! Аж у жар кінула бабу (а ў дзеда было многа сівых валасоў).

Дастае баба тайком ды ціхачом з-за пазухі брытву. А дзед адным вокам цікуе на бабу. Як толькі баба адчыніла брытву — трах дзед бабу па мордзе. А баба дзеда за чуб. Чорт на гары аж скача з радасці.

Купіў чорт бабе-звадыяшцы чаравікі, але баіцца аддаць іх проста бабе — з рук у рукі. Выразаў ён даўжэразную тычыну, пачапіў на яе чаравікі і аддаў іх бабе.

З таго часу і пайшла гутарка:

«Дзе чорт сам не зможа, туды ён бабу пашле».

 

[1906–1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7