epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Баяну-кабзару

У тваіх вачах,

Дзвюх глыбозных, як неба, крыніцах,

Я чытаю шлях,

Багатырскі ўзмах

У вышыні, дзе свецяць дзянніцы.

 

Ты прайшоў яго,

Як асілак-змагар непахісны,

І агню твайго

Не згасіў ніхто, —

Прахам паў твой тыран ненавісны.

 

І расце адзін

Пустазёл на магіле тырана.

Пра яго ўспамін —

Горкі дым, палын

І страхоцце пустога кургана.

 

А ты жыў, кабзар,

І жывуць твае песні на свеце.

І табе, пясняр,

Зносяць песень дар

Твае вольныя ўнукі і дзеці.

 

І прыносяць іх

Усе народы Савецкай краіны,

Што з крыніц тваіх

Пілі ў цяжкі міг,

Як блукалі вякі без пуціны.

 

Наш прастор-абшар

Ззяе сёння, як золак у сонцы,

І баян-кабзар

Свой разносіць дар

  Па ўсёй чыста Савецкай старонцы.

У тваіх вачах,

Дзвюх глыбозных, як мора, крыніцах,

Я чытаю шлях

І арліны ўзмах

У прастор, дзе гараць зараніцы.

 

14/І 1939


14.01.1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945