epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Будзьце чуйны

Чорныя цені,

Шэпат таемны,

Шум падазрэнны,

Глухі.

Шворыцца вораг,

Свой, чужаземны,

Намысел тоіць

Ліхі.

Выпаўзлі гады,

Сыкаюць злосна,

Пасці раскрыўшы,

Вужы.

Ткуць дыпламаты

Хітрыя кросны,

Точаць бандыты

Нажы.

Змовы, хаўрусы

Рознай пачвары, —

Прагнуць акулы

Крыві.

Згледзіш тут шпоры,

Крыж і ціяры,

Голас учуеш —

Даві!

Туга завязан

Вузел зʼяднаны

Шаек сусветных,

Банд, зграй.

Ткуцца, плятуцца

  Гнусныя планы

Супраць Саветаў —

Зважай!

Свет стары гіне,

Сходзіць са сцэны,

Але натворыць

Шчэ бед.

Стой жа на варце,

Юная змена,

Чуйна ахоўвай

Савет!

 

1932


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938