epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Былінцы

Няўжо шлях наш упёрся ў сцену

І тут канец яго – скажы?!

Няўжо Былінкі больш не стрэну,

І не ўзнімуся я ўжо з плену,

Як камень той, што на мяжы?

 

На што, за што мае пакуты?

Хіба за шчырасць – прастату

Даеш ты чару мне атруты?..

Ну, што ж? няхай я буду люты,

        Гані мяне прэч, як слату!

 

Але як далей ні было б там,

Адно, Былінка, памятай –

Адна мая ты краля, злата,

Мая і радасць і турбота –

Я не хачу сказаць – бывай!

 

20/VII 1949


20.07.1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4