epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Хаім Рыбс

I
II
III


I

 

Хаіма Рыбса выбралі завочна на гэту пасаду. Што гэта была за пасада, адразу і сам Хаім Рыбс не мог сабе растлумачыць.

Чым кіраваліся ўдзельнікі сходу, выбіраючы Рыбса? Адны бралі на ўвагу сталасць, пісьменнасць Рыбса, а характар яго рукі, як ён зазначаў сам, быў вельмі прыгожы; другія бралі на ўвагу яго розум; трэція, пацвярджаючы ўсё гэта, яшчэ дадавалі яго шырокае знаўства жыхароў, сярод якіх жыў стары крамнік Хаім Рыбс і на карысць якіх цяпер павінен ён быў працаваць.

Сам Хаім Рыбс глянуў на свой выбар крыху з другога боку.

– Уй, місюгінэ, рады запрэгчы чалавека і ехаць на ім толькі дзеля таго, што не быў на сходзе і не мог, як мае быць, пабарабаніць языком.

Але як гэта навіна была прынесена суседам Іцкам Шпэралем, асобай прыватнаю, то Хаім Рыбс, крыху ўскіпеўшы, зараз астыў і покі што супакоіўся, хоць там, дзесь усярэдзіне, і карцела тармаслівая думка. Праўда, Рыбс пайшоў на двор тупаць каля свае гаспадаркі, і скора неспакойная думка знікла з памяці.

Пад вечар таго ж самага дня Хаім Рыбс, прыбраўшы свой дворык і прыпыніўшы гаспадарскія справы, сядзеў у сваёй краме...

Эх, і крамка гэта цяпер была далёка не тая, як, ну, сказаць, гадоў пяць таму назад. Тады ў ёй было паўнютка ўсялякага тавару, і народ снаваў тут, як пчолы каля вулля. А між тых чатырох старых хвой, што стаяць супраць крамы, карміліся, бывала, сялянскія коні, і жоўты пясок пад хвоямі быў заўсёды ўтаптаны конскімі капытамі і зацярушаны сенам і канюшынаю. Цяпер і яны, гэтыя хвоі, асірацелі, і ніхто з даўнейшых знаёмых больш не прыпыняўся каля іх.

Хаім Рыбс сядзеў на тубарэце каля стала, на якім калісь звінелі і бразгацелі срэбныя і залатыя манеты, сядзеў і аб чымсьці думаў.

Аб чым?

Голыя сцены крамы, пустыя паліцы, што даўней угіналіся ад цяжару наваленага тавару і на якіх цяпер дзе-нідзе стаялі парожнія і заржавелыя бляшанкі і іншая дрэнь, пазіралі тужліва. Ад іх патыхала запусценнем, непрытульнасцю. А розныя вынікі і пагрозы, што павіслі над галовамі местачковага жыхарства? А гэты агульны заняпад жыцця? Хіба можа ўсё гэта даваць страву для добрых думак?

Хаім Рыбс у адказ сваім думкам часта глыбока ўздыхаў.

– І эхе-хе-хе!

Рыбс сядзеў, паставіўшы локці на стол, падпёршы рукамі сківіцы, і думаў. Зірнуўшы ў зашклёны верх дзвярэй, Рыбс убачыў пасыльнага ад мясцовага выканкома. Праз колькі хвілін дзверы здрыгануліся, абазваліся сваім асаблівым бразгатам, да якога прылучыўся гук няшчыльна закітаваных шыбак.

– Добры вечар, пане Рыбс!

– Добры вечар, Язэп! Што скажаш?

– А вось, распішыся тут.

Язэп разгарнуў кніжку, дзе ляжала паперына, на якой значылася: «Квартальнаму мястэчка Новы Стан т. Хаіму Рыбсу», падаў яму гэтую паперку і ткнуў пальцам у тое месца кнігі, дзе павінен быў распісацца Хаім Рыбс.

Па меры таго, як чытаў Хаім Рыбс атрыманую паперку, твар яго змяняўся, бровы ссоўваліся ніжэй, вочы рабіліся злымі, і, здаецца, самі сабою ўскідаліся плечы.

Але гэта было нядоўга, і твар яго зноў прасвятлеў, бы той пакат гары, з якога толькі што збег цень ад хмары. Хаім Рыбс падняў вочы на Язэпа, глядзеў доўга, і губы яго разышліся ў усмешку. Але што гэта была за ўсмешка! Гэта была адна іронія, адзін сарказм!

– Ну, зусім паварʼяцелі! – спакойна сказаў Хаім Рыбс і засмяяўся. – Ой, місюгінэ, місюгінэ!

– От галава! – прамовіў Язэп. – Ёсць аб чым думаць, аб чым клапаціцца. Цяпер, брат, так: сягоння зранку ты проста Хаім Рыбс, пад вечар ты квартальны, заўтра – загадчык прадкома, пазаўтра – ляскома, а там – невядома... Часы, брат, такія... Нічога, брат, паслужы!

– Квартальны! – як бы да сябе самаго прамовіў Хаім Рыбс і засмяяўся доўгім смехам, і гэты смех скончыў тым, што замахаў абедзвюма рукамі, як бы атрасаючы і адкідаючы ад сябе гэтага квартальнага.

– Хася! Хаська! – гукнуў ён сваю жонку.

У краму ўвайшла Хася.

– На, пабач!

Хася прачытала паперку і зірнула на Хаіма.

– Ха-ха-ха! – рагатаў Хаім Рыбс.

 

 

II

 

– Квартальны Рыбс тут жыве?

– Тут! А што вам трэба?

– А дзе ён?

– Ну, ён зараз прыйдзе. Я паклічу яго. – І маладая, высокая дзяўчына, дачка Хаіма Рыбса, выйшла на двор клікнуць «квартальнага».

Малады хлопец у фрэнчы, з чырвонаю зоркаю, пацёр пальцамі пад носам, дзе былі пакінуты брытваю невялічкія кавалачкі вусоў, як дзве плямкі пад носам у табаканюха, агледзеў галіфэ і кінуў грозны погляд навакол. Як відаць, ён быў асобаўпаўнаважаны і сваю місію лічыў самаю важнаю на свеце, перад якою не павінна быць і не магло быць ніякіх перашкод.

Прыйшоў Хаім Рыбс.

– Ну, што вам трэба?

– Вы квартальны?

– Ну, я.

– Праз пятнаццаць хвілін дастаць мне падводу да мястэчка Вухналі! Вось мой мандат.

– Не турбуйцеся, – замахаў рукамі Хаім Рыбс, – я і так вам веру.

Малады і зухаваты ўпаўнаважаны, здавалася, быў крыху абражаны такою няўвагай квартальнага: як гэта ён не пацікавіўся мандатам? Мандат ясна зазначае, хто такі патрабуе падводу.

– Дык будзе падвода? Каб быць пэўным.

– А вы лепш зрабілі б, каб пайшлі пехатой. Гэта было б хутчэй.

– Не ваша гэта справа, як будзе хутчэй... Я патрабую падводу, і вы назначце яе. Праз пятнаццаць хвілін каб мне была падвода! Вось мой мандат!

– Ну, і нашто мне ваш мандат? Раз вы прыйшлі, значыцца, вам падвода трэба... Ну, добра: падвода будзе.

– І не пазней, як праз пятнаццаць хвілін, – дадаў упаўнаважаны, выняўшы гадзіннік і зірнуўшы на прыгожую дачку квартальнага.

– Падводу прышлеце мне да Абеля Цацкіна.

– Ну, добра: падвода будзе.

Гэты першы кліент новага квартальнага выйшаў, а Хаім Рыбс усміхнуўся яму ўслед і махнуў рукою.

– Мандат! – прамовіў ён. – Сядзь на свой мандат і едзь куды хочаш.

Хаім Рыбс павярнуў у сваю каморку і, адкінуўшы коўдру, прылёг на пасцель. Ён пастанавіў цвёрда змагацца, каб адкаснуцца ад свайго квартальніцтва. Не прайшло і пятнаццаці хвілін, як Хаім Рыбс спаў смачным сном.

Малады ўпаўнаважаны пачынаў траціць цярпенне. Разоў з дваццаць паглядаў ён у акно, разоў дзесяць выходзіў на двор і колькі разоў хапаўся за свой партфель. Выпадковыя падводы праязджалі каля хаты Абеля Цацкіна і ўводзілі ў зман напружана чакаўшага маладога ўпаўнаважанага. Адзін раз ён нават запытаў:

– Ад квартальнага падвода?

– Га? – спытаў чалавек з каламажкі.

– Чарговая ці што падвода? Не квартальны назначыў цябе?

– А чорт яго ведае, твайго квартальнага, – адазваўся чалавек, палічыўшы, што з яго смяюцца, і пагнаў кабылу.

– Тфу! Што за пракляты сабатаж! – вылаяўся малады ўпаўнаважаны, схапіў шапку, партфель і злосна памчаўся да квартальнага.

На гэты раз дзверы грукнулі яшчэ мацней, яшчэ дзічэй забразгацелі слаба закітаваныя шыбкі.

– Дзе квартальны?

Хаім Рыбс павольна ўзняў галаву, шырока разявіў рот і смачна пазяхнуў.

– Чаму няма дагэтуль падводы?

– Як? – здзівіўся Рыбс. – Яшчэ няма падводы? Ну, я ж вам казаў, што без падводы вы скарэй былі б там, дзе вам трэба.

– Чорт бы вас пабраў з вашымі размовамі! Мне трэба падвода! Чуеш? Дзе падвода? Вось мой мандат. Знаць нічога не хачу! Гэта сабатаж!

– Ну, чаму гэта сабатаж? І што гэта такое – сабатаж? Чаму вы так кажаце?.. Слухайце, каб я быў Майсей, я б пайшоў да гары і сказаў: «Гара, дай вады!» І яна б дала вады. Але ж я чалавек просты, гара мяне не паслухае, і дарма вы злуеце. Каб гэту падводу я мог выламаць з свайго калена, – Хаім Рыбс узняў правую нагу і пачаў згінаць калена, – я б яе выламаў і сказаў бы: «Вось вам падвода, сядайце, калі ласка, і едзьце...»

– Дурань ты ці заўзяты сабатажнік? Тфу, прападзі ты! – малады хлопец злосна павярнуўся, плюнуў і выйшаў вон.

– Хася, Хаська! – звярнуўся Рыбс да жонкі. – Ведаеш што? Ён ужо больш не прыйдзе сюды.

І вясёлая ўсмешка асвяціла твар Хаіма Рыбса.

 

 

III

 

Хаім Рыбс атрымаў цэлую кучу паперак, якія трэба было выпаўніць у самы карацейшы тэрмін, бо яны ўсе былі надзвычайна экстраныя, і кожная мела адзін канчатак: за невыкананне – рэвалюцыйны суд.

Прачытаўшы паперы, Хаім палажыў іх на паліцу і задумаўся. З чаго тут пачаць? Выслаць пяць чарговых падвод вазіць дровы. А дзе іх узяць? Ні аднае жывёлы няма дома: час рабочы, усе коні на полі. Гэта раз. Другое – калі дзе і застаўся на ўсё мястэчка адзін недабоек, то яго не выпхнеш з двара. Значыцца, пра гэта і думаць няма чаго. Станцыя патрабавала выслаць дваццаць пяць чалавек нагружаць вагоны. Адкуль жа ўзяць гэтулькі народу? Хто паслухае і хто пойдзе? Ёсць яшчэ паперы ад выканкома, прадкома, мясцкома. Той кажа адно, другі патрабуе другое, трэцяму трэба іншае. А ўсім трэба зрабіць у адзін момант, і ўсе пагражаюць судом.

Хаім Рыбс махнуў рукою і выйшаў на двор уходжвацца каля гаспадаркі.

Крыху счакаўшы, зʼявіўся прадстаўнік улады.

– А дзе твае рабочыя для пагрузкі вагонаў?

– Ну, чаму яны мае, а не вашы?

– Як-то мае, а не вашы?

– Ну калі яны мае, то і вашы.

– Ты многа гаворыш, а мала робіш. Чаму не высланы рабочыя?

– Хто ж мяне паслухае?

– Як – хто паслухае?! Назначыць – і баста!

– Ну, я іх назначу, а яны не пойдуць.

– Міліцыянераў прышлём.

– Слухайце: у вас ёсць і міліцыянеры, – узялі б самі і выслалі людзей.

– А ты нашто?

– Я? Я не ведаю, нашто тут я.

– Ты не ведаеш? А паперку ты атрымаў?

– Я цэлую кучу атрымаў іх. Хто толькі не піша: і выканком, і кувырком, і кулаком...

– Што за жарты?! – крыкнуў прадстаўнік улады.

– Паслухайце, якія ж тут жарты?

– Маўчы! У гэтую ж хвіліну назначыць рабочых! Колькі даць міліцыянераў?

– Дваццаць пяць рабочых – дваццаць пяць міліцыянераў, – спакойна адказаў Рыбс.

– Да ты што? Насміхацца?!

– Іначай я не бяруся выслаць рабочых, – цвёрда заявіў Хаім Рыбс.– На кожнага рабочага трэба па салдату; дваццаць пяць рабочых – дваццаць пяць міліцыянераў.

– Гэта чорт ведае што! Гэта насміханне над распараджэннем мясцовай улады... Ідзі са мною!

– Хася, Хаська! – гукнуў Хаім Рыбс. – Адрэж мне два фунты хлеба.

Хаіма Рыбса арыштавалі за невыкананне загадаў, за нядбайнасць і сабатаж і завялі ў халодную. Яна была змайстравана на скорую руку і змяшчалася недалёка ад выканкома. У гэтым доме, у лепшых пакоях яго, мела прыпынак міліцыя.

Хаім Рыбс быў не адзін: там ужо сядзела чалавек шэсць мужчын і кабет, крыху раней пасаджаных. (Хаім пасля запэўняў, што там былі і кабеты.)

Усе яны былі добра знаёмы нашаму квартальнаму і спаткалі яго, як добрага сябра і дарагога госця. Твар Хаіма Рыбса расплыўся ў самую добрую ўсмешку. Адказаўшы на пытанні сваіх тутэйшых сяброў і распытаўшы іх саміх, як вядзецца ў такіх выпадках, Хаім Рыбс пачаў знаёміцца з гэтым саматужным астрогам.

Акінуўшы вокам сталы і сцены, ён паківаў галавою, як гаспадар, для чыйго вока знайшлося так многа прыкрага і непрыемнага, бо Хаім Рыбс, жывучы ўвесь век з вясковым і местачковым людам, меў сваю гаспадарку і любіў у ёй парадак.

Паміж рознага хламу, наваленага ў арыштным памяшканні, стаялі дзве скрынкі з усялякай старызнай. Каб даць сабе работу і здаволіць сваю цікавасць, Хаім Рыбс пачаў разглядаць скрыні і перабіраць увесь гэты фуз. У адным кутку скрыні, разгарнуўшы лямец і стружкі, абмацаў ён горла бутэлькі. Пацягнуўшы за рыла, Рыбс пачуў, што бутля была цяжкая. Гэта была чвэрць ад даўнейшай гарэлкі і амаль што поўная. Выцягнуўшы затычку, Хаім паднёс рыла бутлі да носа. Пах, які ішоў з бутлі, быў далёка не чужы для яго носа. Вочы яго заблішчалі, і, трывожна зірнуўшы на вокны, Рыбс адышоўся з бутляю ў куток.

– Баўтрук! – звярнуўся ён да аднаго з арыштаваных. – Ідзі сюды – панюхай.

Уся кампанія збілася каля Хаіма і Баўтрука. Баўтрук, толькі пацягнуўшы сваім даследчым носам, адразу змяніўся з твару, і вочы яго таксама кінулі іскры.

– А брат ты мой: самагон!

– Ну, і што будзем рабіць? – спытаў квартальны.

– Мы былі б найбольшымі дурнямі ў свеце, каб не ведалі, што тут рабіць. Дазволіш?

І, не чакаючы дазволу, Баўтрук паднёс бутлю да свае пасткі. Рассмакаваўшы першы глыток, Баўтрук, як цяля да каровы, прыпаў да бутлі. Хаім Рыбс і ўся кампанія, здаецца, прыліплі вачыма да пасудзіны і самі цягнуліся да яе рукамі.

– Агонь! Спірытус! – натхнёна закрычаў Баўтрук, перадаючы бутлю Хаіму Рыбсу.

– Ах, родненькія мае! Штось жывое, лагодненькае разліваецца ў вантробах... Благаславёны ж няхай будзе час, у які я пазнаў цябе, святая халодная, няхай будзе благаславёна тая рука, што ўпіхнула мяне сюды. Благаславёны будзь і ты, Хаім Рыбс, наш вялікі квартальны.

А Хаім Рыбс тым часам цягнуў з бутлі, прыліпшы да яе, як пʼяўка. Ледзьве адарваўся...

– На, Тамаш, пацягні, – сказаў ён суседу, а сам з вялікім здаволеннем пагладжваў свой жывот. – Уй, добра! Уй, прыемна!

Бутля абышла ўсё кола. Усе прыпадалі да яе, як да збавення. Твары праясняліся, языкі развязваліся, гаворка палілася ўсё мацней і мацней. Пасля другога круга ў бутлі засталося зусім мала, затое ж усе арыштаваныя былі наўздзіў вясёлыя, душы іх адчыняліся, і, як аказалася, усё гэта былі душы не простыя, а душы незвычайнай дабраты і вялікай вартасці. Цяпер гэта ўсе былі брацці і сёстры, гатовыя пайсці на крыж адзін за другога. Халодная напоўнілася шумам, гоманам, і далёка па мястэчку разлягаўся гэты гармідар пʼянай кампаніі. Дзве кабеты, пабраўшыся за рукі і прыпёршыся да сцяны, – стаць пасярэдзіне не адважыліся, бо не было веры ў моц сваіх ног, – тупалі, скакалі і падпявалі самі сабе.

– Таварышы! – гукнуў Хаім Рыбс. – Мяне пасадзілі сюды за вас, бо я стаяў на варце вашых інтарэсаў. Няхай мяне садзяць кожны дзень, я не пайду супраць свайго народа, не пашлю яго на работу...

– Ты маладзец, дальбог, маладзец!

– Слухайце, слухайце! – крычаў Хаім Рыбс. – Я не выконваў загадаў, я – сабатажнік, я – арыштант, але я пачаставаў вас самагонам...

Хаім Рыбс не скончыў сваёй прамовы і пачаў рагатаць.

І ўсе рагаталі разам з ім, а чаго? Не ведалі і самі.

Потым Хаім раптоўна завёў:

 

 

Іх віл зінген фрэліхэ лідэр,

Лям-там тыдры, лям-там-там!

Трынкт зэ бранфэн, лібэ брыдэр!

Там-там тыдры, тыдры-драм!

Я запяю вам вясёлую песню (прыпеў).

Піце гарэлку, мілыя брацці (прыпеў).

 

 

Паміж арыштаваных падняўся незвычайны шум, усё грымела і дрыгацела.

– Што ў вас тут за кірмаш?! – дзверы халоднай адчыніліся, і на парозе стаяў старшы міліцыянер з двума памочнікамі.

Зірнуўшы на скрыню і ўгледзеўшы пустую бутлю, яны сцямілі ўсё. Па тым, як змяніліся твары міліцыянераў, можна было здагадацца, што гэта бутля была тут на «строгім уліку» і што самагон пакінулі тут праз нейкі выпадак, нейкую абмылку.

Страшэнны гнеў і абурэнне ахапіў даглядчыкаў парадку. Ускочыўшы ў халодную, пачалі яны штурхаць арыштаваных. Старшы міліцыянер ад злосці не мог стрымацца і гукнуў:

– Адчыняй дзверы і гані вон гэтую сволач! Дзверы адчынілі і арыштаваных у карк павыганялі з халоднай.

Хаім Рыбс успамінае ўсё гэта са смехам і любіць апавядаць, як ён быў квартальным.

 

[1921]


[1921]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5