epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Хатка над балотцам

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII


I

 

 

Калі я думаю аб гэтай хатцы, я ўспамінаю лета. У маіх вачах стаіць поле з яго прыгожымі ўзгоркамі, а на полі пакалыхваецца шэра-зялёнае жыта, пераліваецца хвалямі жывога срэбра, і кожны раз, калі ніжэй прыгінае вецер гэтыя хвалі, адтуль, як зоры, усміхаюцца махрастыя васількі. Я нават чую аднатонную многагалосую песню жытніх каласоў на зялёных прасторах палёў, а над гэтымі прасторамі сінее бяздоннае неба. І гэтае яснае неба, і поле, залітае белымі праменнямі сонца, і гэты высокі бор і хвойнік, раскінутыя па ўзгорках, і тыя сялібы сярод мяккалістых зялёных ліп і клёнаў і садзікаў, разведзеных з такой стараннасцю, – усё гэта зліваецца ў адзін гарманічны рысунак, а ў сярэдзіне яго стаіць адзінокая хатка над самым балотцам.

Калі пазіраеш здалёк на гэтую хатку, на яе адзінокую постаць і на маленькі хлевушок, што прытуліўся да яе, бы дзіця да маткі, то нейк мімаволі ўстае вобраз пакрыўджанай жанчыны, што пайшла ўпрочкі з сяла і ў невясёлым роздуме спынілася на дарозе сярод поля. Здалёк хатка здаецца досыць паважнай будынінай, і гэтую паважнасць ёй надае высока паднятая стромкая саламяная страха. Але ж далечыня і пэўная адлегласць маюць тую ўласцівасць, што паказваюць рэчаіснасць не так, як ёсць яна ў сапраўднасці. Зблізку гэтая хатка мае далёка не такі фарсісты выгляд, як здалёк. Стромкая страха яе абвісла, паздзірана вятрамі, і лезе салома з яе, як валасы з галавы, апанаванай горам, клопатам, бядой-згрызотамі. Хатка мае прыбудовачку – сенцы з тонкіх нямоцных дошак, праз якія дзьме вецер, засякае дождж і свіціцца неба. Прыбудоўка скідана, як відаць, на скорую руку і ў сярэдзіне гэтай дашчанай сцяны ўстаўлены пабеленыя дзверы ад нейкай разабранай непадалёку дачы. Ці яны збіраліся служыць свайму звычайнаму прызначэнню, ці проста былі ўціснуты сюды, каб залатаць дзірку ў сцяне, – сказаць трудна, тым болей, што яны і не адчыняліся, прыбітыя планкай.

Хатка над балотцам стаіць на нізкім цэментавым падмурку, а на ганачку, таксама цэментавым, прыбіта падкова, як знак шчасця і ўдачы. Але гэтага шчасця і гэтай удачы не было цяпер тут, бо нават і пара ластавачак, вылепіўшы гняздо пад самым акном, не вывела сваіх дзетак: іх павыцягала з гнязда кошка пана Зыгмуся і пані Даміцэлі, прадраўшы зверху страху над гняздом. Не мела шчасця і кошка, бо ёй самой прыходзілася здабываць сабе спажытак. Не было шчасця і ўдачы і прусакам, што густа засялялі шчыліну, пячуру і падпечак: іх патруціў японскім парашком дачнік, наняўшы пад дачу хатку над балотцам. Не меў удачы і сам дачнік, бо пан Зыгмусь і пані Даміцэля рабілі яму згрызоты ўсё лета. Не было шчасця і гаспадыні хаткі над балотцам, бо яна прадала яе чыгуначніку і сама засталася без нічога пасля таго, як выйшла замуж і муж кінуў яе, прагуляўшы грошы. Не мае ўдачы і чыгуначнік, які купіў гэтую хатку, бо яму ніяк не ўдаюцца планы прыбраць да рук зямлю, што каля хаткі над балотцам. Не маюць удачы і шчасця і пан Зыгмусь, і пані Даміцэля, бо іх жыццё... Але аб іх жыцці я і хачу злажыць апавяданне. А калі і гэтаму апавяданню не пашанцуе, то тады прыйдзецца прызнаць, што падкова не ёсць сімвал удачы і шчасця.

 

 

II

 

Пан Зыгмусь і пані Даміцэля родам з-пад Сувалак. Яны нават зусім не паны. Калі ж іх называюць панамі, то з тае толькі прычыны, што яны родам з Польшчы і гавораць па-польску. І сам пан Зыгмусь і пані Даміцэля не пратэстуюць, калі іх называюць панамі. Наадварот, ім гэта вельмі падабаецца. Яны ж і не простыя палякі, а з мазуроў, а мазуры, па-іхняму, і ёсць самыя сапраўдныя палякі. Так зазначае і пан Зыгмусь, і пані Даміцэля. Розніца ж паміж звычайнымі палякамі і мазурамі складаецца з таго, што звычайныя палякі ў размове часта ўжываюць «пшы», а мазуры «псы». Там, дзе звычайныя палякі кажуць «жэ», мазуры – «зэ». Напрыклад, калі пан Зыгмусь выказвае адносіны мазура да музыкі і танцаў, звязаных з музыкай, то ён кажа:

 

 

У мазура така дуса,

Зэ як заграс, то сень руса.

 

 

Гэта значыць: «У мазура такая душа, што калі зайграць, то ён заварушыцца». Цяпер жа, адарваўшыся ад свае краіны, пабыўшы за час вайны і бежанства ў розных кутках Расіі, а потым асеўшы ў хатцы над балотцам, пан Зыгмусь і пані Даміцэля страцілі чыстату мазурскай мовы і гавораць польска-руска-беларускім жаргонам. А пані Даміцэля, маючы здольнасць да каталіцкіх модлаў і да спеваў па кантычцы і да спеваў наогул, пераняла шмат рускіх рамансаў і іншых модных песень. У нядзелю ці ў якое-небудзь каталіцкае свята пан Зыгмусь абуваў боты, надзяваў мізэрненькія галіфэ і ішоў «да касцёла» вёрст за дзесяць, а пані Даміцэля заставалася дома. Яна брала кантычку, садзілася дзе-небудзь на аблюбаваным месцы, чытала ўголас малітвы, спявала святыя песні, аддаючы гэтым пэўны падатак пану Богу. Але часу ў яе многа, а знайсці сабе работу яна не ўмее ці проста не хоча, і тады яна аддаецца марам або ўспамінам аб тым, што было і прайшло. Часта ні з таго ні з сяго ў такіх выпадках завядзе песню:

 

 

Ах, зачем эта ночь

Так была хороша!

Не болела бы грудь,

Не страдала б душа.

 

 

Пані Даміцэля любіла гэты раманс і спявала яго часта. Калі на гэты час і пан Зыгмусь быў дзе-небудзь блізка, то і ён далучаў сюды свой голас. Як мужчына, ён стараўся выводзіць таўсцей. Але пан Зыгмусь быў чалавек невялічкі, шчупленькі, і голас у яго быў бурклівенькі, як у ката, калі ён распачне на печы сваё варкатанне. Натыкнешся, бывала, на гэты дуэт, і мімаволі разбярэ нейкі смех, бо словы і тон гэтага раманса і запал, з якім спяваюць пан Зыгмусь і пані Даміцэля, так не адпавядаюць тым асобам, з чыіх вуснаў выходзяць: пані Даміцэля мае гадоў пад пяцьдзесят, а пан Зыгмусь на пяць гадоў болей. І паскупілася прырода на хараство для іх, ды мала таго – яна пакрыўдзіла іх: у пані Даміцэлі хворыя ногі і каўтун на галаве, а пан Зыгмусь зʼяўляецца як бы жывым аргументам вядомай тэорыі Дарвіна аб паходжанні чалавека. Проста аж нейк крыўдна было за пана Зыгмуся. Калі ён першы раз зʼявіўся тут і яго пабачыў Мікалай з вёскі Асінка, то ён так быў здзіўлены, што спыніўся і стаў разглядаць пана Зыгмуся, а потым спытаў:

– А брат ты мой! Ці ты чалавек, ці ты хто?

– Цловек, цловек! – тарапліва запэўніў пан Зыгмусь Мікалая і засмяяўся дробненькім смехам.

Між сабою пан Зыгмусь і пані Даміцэля жывуць не заўсёды ў згодзе, хоць і моцна прывязаны адно да другога. Непаразуменні ў іх бываюць па некалькі разоў на дзень, асабліва, калі яны сядзяць у хаце. Але гэтыя непаразуменні неглыбокага характару і зараз жа змяняюцца згодай. Пані Даміцэля любіць гарох і бульбу, а пан Зыгмусь – буракі і капусту. Пан Зыгмусь загадае зварыць «кіслэго», а пані Даміцэля паставіць на плітку «цыгунэцак з грохем», – і сварка гатова. Пан Зыгмусь есць гарох і бурчыць, аздабляючы сваё бурчанне словам «холера». А трошачкі счакаўшы, яны бяруць ручную цялежачку, зробленую панам Зыгмусем, і ў найлепшай згодзе едуць у хвойнік збіраць дровы. А яшчэ трошкі счакаўшы, з дарогі даносіцца голас пані Даміцэлі:

 

 

Ах, зачем эта ночь

Так была хороша!

 

 

 

III

 

Каля хаткі над балотцам стаіць невялічкі прыгрэбнічак. Здалёк ён нават і непрымецен – такі ён маленькі, мізэрненькі! Побач з прыгрэбнічкам, у некалькіх ад яго кроках, выкапаны неглыбокі калодзеж, даўно нячышчаны, з кволенькім зрубам.

Прыгрэбнік – летняя рэзідэнцыя пана Зыгмуся, яго майстэрня і спальня. На самай сярэдзіне прыгрэбніка стаіць скрыня. Праўда, яна больш падобна да вечка ад скрыні, чым на самую скрыню. Гэта і ёсць ложак пана Зыгмуся і пані Даміцэлі. Яны маглі б спаць і ў кухні, але пан Зыгмусь таксама хоча мець сваіх дачнікаў. У яго ёсць добры чалавек, да таго ж яшчэ і зямляк, – кухар з дома адпачынку. Гэты кухар вельмі добра ведае французскую кухню і кажа, што каб ён паехаў у Польшчу, то яго цанілі б там на вагу золата. Вось чаму, калі яны сыдуцца з панам Зыгмусем, то гавораць аб тым, як бы перабрацца ў Польшчу. На справе ж ні той, ні другі перабірацца туды зусім не хоча, калі яны і гавораць аб гэтым, то толькі затым, каб аддаць падатак свайму гонару. Кухар і тут жыве някепска: бярэ добрую пенсію, мае чыстае, на гарадскі манер, адзенне і гладкае цела. А ў горадзе ён мае кватэру і значны запас усялякага дабра, бо кухар – чалавек спрытны, не спіць у шапку. У пана Зыгмуся хоць і ёсць у Польшчы маёнтак, як кажа пані Даміцэля, але ён мае тут свае планы, праўда, покі што адны толькі планы.

Як маленькі павучок, сядзіць пан Зыгмусь у сваім прыгрэбнічку, мармыча сабе пад нос бурклівенькім галаском нейкую песеньку, поркаючы шылам стары сялянскі бот ці стоптаны чаравік вясковай красуні, – пан Зыгмусь трохі ведае шавецкае рамяство, – і тчэ сваю павуцінку, каб залучыць у яе хоць крышанок таго шчасця. У пана Зыгмуся ёсць адна толькі мерка, з якой падыходзіць ён да жыцця і да штодзённых яго праяў: якую карысць можна здабыць ад кожнага моманту быцця і як здабыць яе? Вось і цяпер ён мяркуе, як выкарыстаць гаспадарскіх дачнікаў. Гаспадаром кухні зʼяўляецца ён: чыгуначнік дазволіў яму жыць тут, даглядаць хату. Значыцца, ён можа выпусціць кухню пад дачу кухару, а сам перабярэцца ў прыгрэбнічак. А ў прыгрэбнічку летам – адна асалода: гэта – дача на дачы. Нават і тады, калі чыгуначнік перанясе адгэтуль хату, пан Зыгмусь мае дзе прыпыніцца. Прыпынак гэты – прыгрэбнік. Можна таксама мець нейкую карысць і з калодзежа, бо і над калодзежам ён гаспадар. Праўда, калодзеж выкапан не яго рукамі, але калаўротак даставаць ваду папраўляў пан Зыгмусь. Дык ці не назначыць плату дачнікам за ваду?

Вось якімі думкамі жыве цяпер пан Зыгмусь.

На трэці дзень пасля таго, як перабраліся дачнікі ў хатку над балотцам, пан Зыгмусь і пані Даміцэля сышлі з кухні ў прыгрэбнік, прычым пані Даміцэля вельмі старанна прыбрала кухню, падмяла, пасыпала жоўтым пясочкам. А на чацвёрты дзень, пад вечар, на сцежачцы, што вядзе ў дом адпачынку цераз хвойнічак і поле, паказалася цэлая працэсія. Паперадзе ішоў сам кухар, узваліўшы на плечы паходны ложак, за ім – жонка з белым вузлам, дзе былі ўвязаны падушкі, за жонкай – дачка з меншай сястрой на руках, а замыкаў гэтую працэсію кухараў сын, хлопчык гадкоў восем. Прайшлі поле, перасеклі дарожку, што ідзе каля балотца, і накіраваліся ў хатку. Пан Зыгмусь з прыветнай усмешкай рушыў ім на спатканне і ўзяў вузел з рук жонкі кухара – пан Зыгмусь усё ж такі быў і галантны кавалер. За панам Зыгмусем пайшла і пані Даміцэля. Яна ўзяла на рукі меншую кухараву дачку і прамаўляла да яе з ласкай маткі. Каля хаты ўсе яны спыніліся, прычым кухар прывітаў дачнікаў «добрым вечарам», а потым стаў цягаць у кухню клумкі.

Дачнік пазіраў недаўменна.

– Ніцаво, – сказаў пан Зыгмусь да дачніка, – яны замінаць вам не будуць – людзі спакойныя, харосыя.

– Як жа гэта так? Я наняў усю хату разам з кухняй, а вы напускаеце сюды нейкіх людзей.

Тады пан Зыгмусь горда заявіў:

– У кухні я жыву, і кухню магу аддаць каму хачу.

На дапамогу пану Зыгмусю прыйшла і пані Даміцэля.

– Толькі вам всыстко трэба, а бедны цловек нех гіне пад плотэм?..

Спрачацца з імі было цяжка.

– Няхай начуюць, што ты з імі зробіш!

– Няхай начуюць, што ты з імі зробіш, – згадзілася і дачніца, – і нам весялей будзе.

Яна, прызнацца, адчувала тут страх глушы і адзіноцтва.

Але ўночы кухарава дачка крычала так галосна-праразліва, а яе матка, вельмі шляхетная дама ў маркізетах, так ушчувала сваю Тамару і такі тут падняўся гармідар, што заснуць у гэтую ноч дачнікам не давялося. У Тамары быў коклюш. Сваім крыкам і кашлем яна абудзіла дачнікавых дзяцей. Падняўся канцэрт дзіцячага плачу.

– Ах, малпа! – лаяўся за сцяною дачнік і праклінаў пана Зыгмуся.

– Слухае крык сваіх дзяцей, няхай паслухае і чужога крыку, бурзуй!

Пан Зыгмусь на гэты час прыйшоў з прыгрэбніка.

– Уцякаць прыйдзецца адгэтуль! – абураўся дачнік і чухаў патыліцу.

 

 

IV

 

Цікава і само гэтае балотца. З боку поля стаіць над ім кучка рэдзенькіх хвоек. Яны ўжо не маладыя, але ім, відаць, не суджана разрасціся ў пышныя дрэвы, бо такі ўжо неўраджайны тут для іх грунт. З другога боку, ад дарогі, расло некалькі купчаста-кучаравых кустоў лазы, паніклых над долам. Яны такія густыя, такія пышныя і так многа ў іх гэтай жыццёвай сілы, што мімаволі зварачаюць на сябе ўвагу. Далей, за лозамі, раскінуўся малады гусценькі бярэзнічак. Але ўжо за лозамі балотца канчаецца, пачынаецца тупкая лагчына, і расце на ёй грудавая трава. Лагчына цягнецца да самага лесу, а там зноў пераходзіць у балота з густым белым мохам, з багуном і бугайнікам. Само ж балотца, дзе сапраўды ёсць гразь, зусім невялічкае. Летам яно амаль што ўсё высыхае. Застаецца толькі лужынка вады насупраць хаткі – там, дзе адзін з былых гаспадароў пачаў капаць сажалку. Сажалка так і асталася нявыкапанай, і карысці ад яе нікому няма. Адны толькі жабы заводзяць вечарамі там свае канцэрты ды малюсенькія сінявата-светлыя анталяжыкі туману звісаюць тут у ясныя летнія вечары.

Пан Зыгмусь цяпер гаспадарыць над балотцам. Але гэта адзін толькі маленечкі яго крок, адно дробненькае колца ў ланцужку затоенага вымеркаванага плана, над якім так многа думае ён у сваім прыгрэбнічку, па дарозе ў касцёл ці ў лес па дровы. Вось чаму з такім замілаваннем глядзіць ён на гэтае балотца і так ахвотна, з захапленнем забіваў колікі па краях яго да самага лесу і ад лесу, каб нацягнуць на іх калючы дрот. А яго сякерка, такая мізэрненькая і так падобная да пана Зыгмуся, прагавіта крышыла смольнае, сырое цела жэрдак у хвойніку. Пайшла па балотцы трава расці, спакусна зелянецца для сялянскага вока – сена добрае будзе. Вось дзе выгода каню! У пана ж Зыгмуся няма ні каня, ні каровы. Адзін толькі рабенькі япручок рохкае ў хлевушку, што прытуліўся да хаткі над балотцам, і сведчыць аб тым, што ёсць яшчэ жыццё і ў гэтым хлевушку.

Прыходзяць да пана Зыгмуся сяляне з вёсачкі, што стаіць за чыгункай у вярсце ад хаткі над балотцам.

Ужо з трыма гаспадарамі дагаварыўся пан Зыгмусь. Тры гаспадары прыводзяць цяпер коней у яго загарад. Пусцяць іх на ўсю ноч, а самі дома спяць. І гаспадарам добра, і пану Зыгмусю прыбытак ёсць. Але самае важнае тут вось што: гаспадары з ім лічацца, з ім умовы робяць. Ужо адзін палец пана Зыгмуся ляжыць на зямлі, на той зямлі, што належыць да хаткі над балотцам.

Эх, зямля! Колькі думак людскіх нячутнымі крокамі прайшло па табе, звіваючы цябе вяночкамі надзей і ружова-светлых мар аб шчасці, аб куску надзённага хлеба! Колькі нерасчытаных слоў шапацеў табе вецер шолахам збожжа, красак і травы на ўзмежках! Колькі неразгаданых песень жыцця пераспевана табе за доўгія часы і гэтым сонцам, і гэтымі хмаркамі, і гэтым гоманам дажджоў, навальніц, і халодным смехам бялюсенькіх сняжынак! Колькі тканін выткалі на табе сялянскія сохі і бароны, каб аздобіць цябе, і ў адплату за гэта ўзяць ад цябе падатак хлебам! Многа на́пісаў ляжыць на табе, а ты ўсё чакаеш, калі будзе паложан на тваім улонні такі напіс, што зробіць канец калатні з-за дароў тваіх? І хто паложыць яго? – Адказ адзін: скасаванне ўласнасці.

Зямлі тут нямнога – шэсць дзесяцін разам з балотцам. Але ўся яна ў адным куску і ляжыць каля саменькае хаткі. Адчыніш акно, і вусаты ячмень прыветна заківае табе галавою, павітаецца, нізка паклоніцца табе, да рукі прыпадзе. Гудзе песнямі поле, і шум гаманлівага лесу даносіць вецер сюды. Прыгожа павіваюцца дарожкі ў полі, гэтыя красёнцы людскога клопату і працы, а наабапал іх нахіляецца жыта.

Слаўная мясціна, паквапны куток гэтая зямля, што каля хаткі над балотцам!

І хоча пан Зыгмусь прыбраць яе ў свае рукі, зрабіцца яе гаспадаром. І хіба ён не мае права на яе? Праўда, зямля належыць гаспадыні, што прадала хатку над балотцам. І наследнік ёсць на зямлю – гаспадынін сын, хоць ён яшчэ і малы. Але што пану Зыгмусю да іх? Усе га́ляцца на зямлю: чыгуначнік, сяляне. Ды хто, як не пан Зыгмусь, мае на яе большае права? Ці мала палажыў ён працы на яе? Хто трымае парадак на ёй? Хто агарадзіў балотца і засеяў поле?.. Не, пан Зыгмусь не адступіцца ад яе!

 

 

V

 

Тры гады таму назад у пана Зыгмуся не было такіх думак. Прыйшоў ён сюды чалавекам ціхім, пакорным. Яму трэба было знайсці хоць які прыпынак, бо надыходзіла зіма, а прыпыніцца не было дзе. Накіравалі яго людзі сюды, у хатку над балотцам.

Прыйшоў пан Зыгмусь і пані Даміцэля да ўдавы-гаспадыні. Яна жыла тут адна з малым дзіцем. Маркотна было ёй тут адной, асабліва ўвосень, калі вечары такія доўгія, цёмныя, калі вецер так неспакойна ходзіць па полі за сценамі хаты і так жудасна прыпадае халоднымі крыллямі да саламянай страхі, як бы ён пахаваў тут свайго сына і сам застаўся сіратою. Глуха і пуста тут зімою. Страшна маладой жанчыне на гэтай адзіноце. Яна ж не прызвычаена да сялянскага жыцця, бо сама гарадская, гадавалася і вырасла ў горадзе, у гімназіі калісь вучылася. І не ўмее Алена гаспадарку весці. Пачала патроху спускаць яе, каня прадала, зямлю запусціла. А тут сёй-той пачаў пакручвацца каля Алены. Для адных павабна была сама ўдава, для другіх – яе гаспадарка, а для трэціх – усё разам. Яна ж не манашка, жанчына маладая, – а ну ж і замуж хто возьме, бо лепшага нічога тут і не прыдумаеш.

Нізка пакланіўся гаспадыні пан Зыгмусь.

– Мая дарагая пані! Ці не пусціла б, пані, жыць у кухні? Мы будзем даглядаць вас, рабіць усякую работу, служыць вам. – І – плюсь у руку!

Гаспадыня трохі здзівілася і з цікавасцю пазірала на неспадзяваных гасцей.

– А хто ж вы такія?

– Бежанцы, бежанцы мы, панечка, з Польшчы! – пан Зыгмусь і пасведчанне паказаў.

Узяла гаспадыня пасведчанне.

– Будзем пані ногі мыць і тую ваду піць, – нізка кланялася пані Даміцэля.

Падумала Алена, памеркавала. Ну, што ж? Двое старых, замінаць не будуць, – няхай жывуць. Усё ж весялей будзе тут ёй, хоць жывы голас людскі чуць будзеш.

Такіх паслужлівых і адданых людзей Алена яшчэ не бачыла – хоць ты іх да раны прыкладай. Проста як бы нейкая міласць звалілася тут з неба. Некалькі разоў на дзень хадзіў пан Зыгмусь да гаспадыні з дакладам. У гэтых дакладах рабіў ён свае заўвагі і выказваў думкі і аб хаце, як прывесці яе ў належны парадак, і аб карове, як найвыгадней даглядаць яе, каб гаспадыні больш карысці было, і аб гаспадарцы, каб падняць яе прадукцыю, і наогул, як латвей абярнуцца тут, каб было лёгка і добра жыць на свеце. А пані Даміцэля ў хаце слугавала і забаўляла гаспадыню размовамі. Яна расказала, што за чалавек пан Зыгмусь і якія наогул яны людзі.

У пані Даміцэлі была багатая фантазія, і сваё даўнейшае жыццё ў Польшчы яна шчодра аздабляла паэтычнымі выдумкамі. У гэтых яе расказах не было строга вытрыманай лініі, і яна часта ўпадала ў супярэчнасці. У залежнасці ад абстаноўкі пан Зыгмусь прымаў у яе розныя афарбоўкі і асвятленне. Часамі пан Зыгмусь апісваўся горкім пралетарам, якога эксплуатавалі багачы. Другі раз ён выступаў як багаты чалавек, у якога быў свой маёнтак, свой дом і шыкарны сад. У іх тады працавала ў часе летніх работ безліч народу. Пані Даміцэля з асаблівым замілаваннем апісвала свой дом у маёнтку, дзе яна была гаспадыняй. Пакоі ў іх доме аж зіхацелі, а калі пані Даміцэля пасыпле яшчэ жоўценькім пясочкам, то тады было так хораша, што і вочы трудна адвесці.

– А хіба ў вашым доме падлогі не было? – пытае гаспадыня.

– Была, была. Ды якія яшчэ добрыя дошкі былі – шырокія, гладкія.

– А навошта ж іх жоўтым пяском пасыпаць? – наіўна пытае Алена.

– У нас такі звычай у Польшчы.

У такіх разох гаспадыня маўкліва згаджаецца, дагадаўшыся, што пані Даміцэля «вярзе грушу на вярбе».

Другі раз пані Даміцэля павядзе апавяданне аб пану Зыгмусю як аб польскім настаўніку, як ён у Польшчы вучыў дзяцей і як ім, бывала, назносяць людзі ўсякага дабра за гэта. А часамі пан Зыгмусь выступаў у ролі кантрабандыста, бо яны жылі пры нямецкай граніцы, і за адну ноч ён зарабляў па пяцьсот рублёў і больш. У часе ж вайны з немцамі пан Зыгмусь некалькі разоў перавозіў кантрабандным парадкам цара Мікалая, каб за граніцай ён мог пабачыцца і пагутарыць з Вільгельмам.

Але разам з тымі дакладамі, што рабіў пан Зыгмусь, і з тымі паслугамі, якія аказвала пані Даміцэля па сваёй ахвоце, гаспадыня хаткі над балотцам пачала адчуваць, што яна тут ужо не поўная гаспадыня. У самым нядоўгім часе непрыкметна нейк сталася так, што пані Даміцэля не толькі даіла карову, але стала распараджацца і малаком. Наўперад Алена сама адлівала пэўную порцыю малака сваім падсуседнікам, а цяпер пані Даміцэля адлівала пэўную порцыю гаспадыні. А пан Зыгмусь з кожным днём вышэй падымаў галаву, як бедны чалавек, якога тут эксплуатуюць, але які мае шырокую магчымасць абараніць сваё права. Мяккая і слабахарактарная Алена адступілася ад свайго гаспадарскага права. Карова перайшла ў распараджэнне паноў Балбоцкіх. А калі захварэла пані Даміцэля, то Алена варыла абед пану Зыгмусю, мыла і латала яго грубыя заношаныя нагавіцы.

 

 

VI

 

Плакала не раз Алена, седзячы адна ў сваёй каморцы. Чаго яна плакала? Многа было на гэта прычын. І самая важная прычына – няшчасны яна чалавек. Выйшла замуж за старога і маладосць сваю змарнавала. А цяпер і ўдавою засталася. Не можа адна абярнуцца, не ведае, што рабіць ёй, а паслухаеш людзей, яшчэ больш заблытаюць цябе, з тропу сабʼюць. І горш за ўсё – пан Зыгмусь. І ра́дачкі ёй няма з ім. Проста не ведае, як збавіцца ад яго і ад пані Даміцэлі.

– Ідзіце вы ад мае галавы! – плача яна, калі дапякуць ёй падсуседнікі. – Пажылі год і досыць. Дайце мне святы спакой!

– Няма такога права, каб выгнаць беднага чалавека, – бурчыць пан Зыгмусь і панура глядзіць у зямлю.

– Я ж вас не ганю, прашу вас. Жылі вы без мяне дагэтуль, жывіце і цяпер.

– Добры рахунак! – трасе галавою пан Зыгмусь, і ў голасе крыўда чуваць. – Працавалі, працавалі, стараліся, рабілі на яе, дровы з лесу на сабе цягалі, а цяпер ідзі куды хочаш. І гэта табе падзяка за тваю верную службу. Хто ж нам за працу заплаціць?

– Пан Зыгмусь! – з дакорам кажа Алена.– Не прасіла я ад вас работы і не прашу. І ці ж вы не бралі, не карысталіся маім дабром? Што хацелі, тое і рабілі. Не я, вы тут гаспадарамі былі. Хто малаком ад мае каровы карыстаецца? Чыім дабром свіней корміце? Сумлення ў вас няма.

– Мы тут працуем і ад свае працы карыстаемся. Трэба быць справядлівым. Мы вам не батракі. Няма, мінуліся для вас тыя часы. А што нам належыць, тое нам трэба даць.

– Чаго ж вы ад мяне хочаце?.. Бярыце ўсё і толькі ідзіце вы ад мяне, каб і вочы мае не бачылі вас!

Алена закрывае твар і плача.

– Усяго нам браць не трэба, мы людзі справядлівыя, але свайго я не папушчу.

Не кажа пан Зыгмусь, чаго ён хоча і што яму належыць, але напамінае гаспадыні аб кодэксе законаў і аб той нязмернай працы, што ён тут паклаў. Ён чуецца тут смела і наводзіць на Алену такі страх, што зусім паралізуе яе волю, і ёй нічога не застаецца, як толькі плакаць і скарыцца перад сілай гэтых непераможных фактаў і перад фактам свайго бяссілля. А пан Зыгмусь козырам ходзіць і не прапускае здарэння памуштраваць часамі сваю гаспадыню. А пані Даміцэля, застаўшыся адна ў кухні, чытае ёй натацыі і спецыяльную жаночую мараль, законы якой не захоўвае Алена. Алене гэта ўсё добра чуваць, дый гаворыцца яно для таго, каб яна чула. Іх раздзяляе тонкая перагародка, а каля печы ёсць яшчэ і такая лёха, накшталт громкагаварыцеля, што вельмі добра перадае голас. Алене цяжка змоўчаць. Яна садзіцца каля лёхі, а пані Даміцэля – каля другога канца яе ў кухні, і паміж імі пачынаецца лаянка.

– Не ваша дзела, хто ў мяне бывае! Можа яшчэ пазвалення прасіць у пані Даміцэлі.

– Людская кабета аднаго ўжо каго трымаецца, а то – тфу! Чорт ведае, у што ператвараецца дом.

Алена ўся аж трасецца, але стараецца быць спакойнай і спакойна дапякае пані Даміцэлі.

– Трымайцеся вы ўжо аднаго пана Зыгмуся, бо вам больш нічога і не застаецца. А вам за вашу вернасць пану Зыгмусю Бог на тым свеце ўсе грахі даруе. І ў Кальварыю хадзіць не трэба.

Сказаўшы гэта, Алена заліваецца смехам.

– А што Зыгмусь? – падымае голас пані Даміцэля па той бок пячуры-лёхі. – Прасі Бога, каб табе такі дастаўся. Але ты гэтага не варта, бо ў цябе што ні мужчына, то і муж.

– Такога мужа за тры грошы можна купіць. Мусібыць, на свеце адна пані Даміцэля і згадзілася пайсці за яго замуж, бо куды ж дзецца з каўтуном?

Пані Даміцэля не вытрымлівае і сыпле цэлы мех праклёнаў і розных не зусім прыемных для жаночай цнатлівасці слоў. Алена, у сваю чаргу, не шкадуе фарбы, каб размаляваць па́ру панства Балбоцкіх. Цяпер яны ўжо не слухаюць адна другую і громкагаварыцель-пячура не можа справіцца са сваёю роляй. Нарэшце пані Даміцэля зрываецца з месца і, лаючыся, выходзіць на двор, моцна стукнуўшы дзвярамі, каб і блізка не быць каля гэтай «паскуды».

Некалькі гадзін, а часамі і цэлую пору пасля такіх сутычак усякія дыпламатычныя зносіны перапыняюцца паміж гаспадыняй і падсуседнікамі: маўчаць, не гавораць. А назаўтра ўсё гэта як бы забываецца, і жыццё зноў прымае тую дзіўную форму, якая нейк сама сабою выпрацавалася з цягам часу. Усе яны адпускаюцца, робяцца болей далікатнымі ў адносінах сваіх і ўважнымі адзін да другога.

Часамі Алена выходзіць на поле, каб агледзець збажыну, а яе праводзіць пан Зыгмусь. Ён пачціва ідзе каля гаспадыні і лагодненька размаўляе бурклівенькім галаском аб розных гаспадарскіх пытаннях і дае найлепшыя дарады ў інтарэсах гаспадыні. Алена робіць сапраўды ўражанне гаспадыні і нават не простай, бо яна адзета на гарадскі лад, а на грудзях у яе красуецца якая-небудзь пышная чырвоная кветка.

Прайшлі яны раз дарожкаю каля свайго поля і спыніліся ў канцы каля лесу, дзе стаіць старая кучаравая хвоя. Многа спогадзі было выказана панам Зыгмусем гаспадыні, бо яна адна і ніхто ёй не можа шчыра дапамагчы.

– Пані Алена! – зусім іншым голасам раптам загаварыў пан Зыгмусь.

Алена паглядзела на яго. Цёмныя вочы пана Зыгмуся, глыбока ўціснутыя ў ямкі пад нізкім лобікам, заблішчалі і замасліліся.

– Жывіце са мною... як жонка, – дадаў, трохі замяўшыся.

– Што вы, пан Зыгмусь! – Алена жахліва адступаецца, пазіраючы на яго, як на гадзюку, гатовую ўкусіць яе.

– Хе-хе-хе! – ад пана Зыгмуся сыплецца дробненькі смяшок. – Пані Алена! Ну што вам гэта значыць? Але вы не будзеце мець ніякага клопату, ніякай бяды. Я буду рабіць на вас, буду весці гаспадарку, буду служыць, як самы верны і адданы слуга... Вы не ўважайце на мае гады...

– Ці вы зварʼяцелі? Вы мяне абражаеце!

І з агідаю кінуўшы на яго позірк, заварочваецца, абураная, і ідзе назад.

– Знайшоўся кавалер... малпа старая! – гэты камплімент яна пасылае пану Зыгмусю, трохі адышоўшыся.

Пан Зыгмусь пачаў быў гаварыць, які ён яшчэ мужчына, але не скончыў, бо Алена не хоча яго слухаць, не спыняецца. Хацеў дагнаць, ды спыніўся, высмаркаўся і спагадна паківаў сам сабе галавою.

– Мухі яшчэ не ўсе з носа вылецелі, – кажа сам сабе пан Зыгмусь ды ідзе ў лес.

 

 

VII

 

Алена больш і больш пераконваецца, што змаганне з падсуседнікамі ёй не пад сілу, што выжыць іх ніякім спосабам яна не здолее, бо ўся палітыка пана Зыгмуся была наведзена на тое, каб апутаць яе ўканец і не даць тут ніякага ходу. І пачала Алена думаць, як даняць пана Зыгмуся. Перш-наперш, прадала яна карову – няхай жа яны без малака жывуць. Але пан Зыгмусь на гэта і ўвагі не звярнуў, а малако ў яго не пераводзілася: шаўцоўствам сваім здабываў ён гэты прадукт. Тады Алена адважылася на нешта большае: прадала хату, а сама выйшла замуж. За сабою ж яна пакінула зямлю, прыгрэбнік і хлевушок у тры сцяны: чацвёртай сцяною служыла хата. Сама ж паехала з мужам у саўгас, дзе ён служыў нейкім спецам.

Хоць яна гэтым і падсекла той сук, на якім сама ліпела, затое ж, па́даючы разам з сукам, моцна зачапіла і пана Зыгмуся і разбіла ўсе яго планы, клопаты і розныя меркаванні, бо калі чыгуначнік перавязе адгэтуль хату, то пану Зыгмусю прыйдзецца вандраваць у якое-небудзь іншае месца і адмовіцца ад свайго плана або залезці і сядзець у прыгрэбніку, але гэта ён можа зрабіць з такім жа поспехам і з такою ж карысцю, сеўшы ў любую яму дзе-небудзь на полі ці ў лесе. Адным словам, пан Зыгмусь быў аглушаны, а ўсе яго карты аказаліся змешанымі. Але казаць, каб пан Зыгмусь вельмі моцна гараваў з прычыны такога павароту справы, не прыходзіцца. Капіталаў ён тут не патраціў, а што не выйшлася так, як ён думаў, то што ж тут дзіўнага? Або мала было ў пана Зыгмуся розных думак? Усё жыццё ён думаў і строіў усякія планы. Часамі ўдавалася, а часамі і не. Дый трэба яшчэ агледзецца, памеркаваць і панюхаць. Вечарам пан Зыгмусь зусім заспакоіўся, і калі яны засталіся з паняй Даміцэляю адны на ўсю хату, то нават заспявалі дуэт:

 

 

Ах, зачем эта ночь

Так была хороша!

 

 

Новы гаспадар хаткі над балотцам быў чалавек моцны і фігураю, і характарам, і нават сваім прозвішчам – Жарстак. Неўзабаве прыйшоў ён сюды, каб агледзець хатку па-гаспадарску, а разам з гэтым пацікавіцца і пазіцыяй каля гэтай хаткі. Пазіцыя яму вельмі спадабалася, але аб сваіх густах ён не любіў гаварыць, таксама як нічога не сказаў ён тут і аб сваіх планах. Пану Зыгмусю хацелася даведацца аб гэтых планах, бо ён чуў, што яны ёсць у Жарстака і супадаюць з планамі самога пана Зыгмуся.

– Добрая пазіцыя, – пачынае пан Зыгмусь, – узялі б вы яе ў свае рукі, карысць была б немалая.

– Пустая, падла, зямля, – махнуў рукою Жарстак. Ні ценю зацікаўленасці.

Пагутарыўшы аб сім-тым, Жарстак сказаў да пана Зыгмуся:

– Ну, сядзі сабе тут, даглядай хату.

Сядзеў пан Зыгмусь тут цэлую зіму, гадуючы прусакоў і разводзячы клапоў.

Напрадвесні Жарстак здаў хату пад дачу, а пану Зыгмусю загадаў перабрацца ў кухню. А калі ён даведаўся аб дачніках пана Зыгмуся, то прыйшоў і сказаў ім выбрацца, а пану Зыгмусю паківаў сваім гаспадарскім пальцам.

У Жарстака было сем сыноў, і чацвёра з іх такія ж дубы, як і бацька. Сілы было многа, і будка чыгуначніка стала для іх цесная. Вось чаму, купляючы хатку над балотцам, Жарстак так уважна і прыглядаўся да яе пазіцыі. А гэтая пазіцыя вельмі выразна казала яму аб высокай сваёй вартасці. Па-першае – дачнае месца. А дачнікаў ніколі не бракуе на свеце, і калі яны плацяць добрыя грошы за звычайныя сялянскія хаты ў вёсках, то яшчэ большыя грошы можна браць, пабудаваўшы спецыяльную дачу. А пабудаваць яе не так ужо трудна. Па-другое – замацавацца на зямлі ніколі не пашкодзіць, асабліва, калі яна блізка горада.

І пачаў Жарстак хадзіць каля гэтае зямлі і намацваць грунт у сельсаветах і ў спецыялістаў па зямельных кодэксах. Гэты кодэкс перашкод не ставіў і даваў права карыстаць з зямлі тым, хто хацеў на ёй працаваць. Толькі спекуляцыю зямлёй, куплю-продаж ён забараняе, і гэты пункт быў трохі не з рукі Жарстаку: яму, як чалавеку абаротліваму, прасцей было б купіць і зямлю разам з хаткай над балотцам. А так на яго дарозе ўстае больш перашкод. Зямля цяпер лічыцца за Аленай і яе малалетнім сынам ад першага мужа. Да гэтае ж зямлі хоча прысмактацца і пан Зыгмусь. Жарстак узважвае на вазе свайго практычнага розуму пана Зыгмуся і Алену, і не так яе самую, як мужа. Вага іх нікчэмная: пан Зыгмусь ніколі не быў гаспадаром і не будзе, бо зямля, стварыўшы яго, надарыла яго доляй насення лопуху, якое прыстае да лапця, да конскае грывы і да сабачага хваста і разносіцца па свеце, не маючы пэўнага сталага месца. Сама Алена з зямлёю не справіцца, а муж яе – чалавек не тутэйшы і тут нічым не звязаны. Не, яны не страшны яму, з імі справіцца лёгка. А вось ёсць перашкоды болей трудныя: на гэтую зямлю маюць вока і сяляне суседняй вёсачкі, што за чыгункай. Жарстак чуе ў іх сілу грамадскую, сілу калектыву, і з гэтай сілай змаганне больш цяжкае. Як на бяду, зямлі ў іх мала. На іх долю нічога не давялося з панскіх зямель, а на гэтых землях асталяваліся саўгасы. Жарстак думае аб спосабах, якія прывялі б яго на зямлю, што каля хаткі над балотцам, і свае думкі тоіць у сабе, бо так вымагае гэтая зямельная стратэгія. Ён узважвае кожны свой крок, кожную сваю мысль і кожнае сваё слова. Абходнымі дарожкамі ходзіць ён вакол сельсаветаў і намацвае грунт у вышэйшых гарадскіх установах. Важна тут не толькі дасягненне пэўнай мэты, але і пачуццё свае сілы і здольнасці.

 

 

VIII

 

Лініі жыцця пана Зыгмуся і Алены пасля таго, як прадала яна хату і выйшла замуж, таілі ў сабе магчымасці сысціся зноў. Пан Зыгмусь бачыў цяпер ужо другога гаспадара хаткі над балотцам, гэты другі гаспадар быў далёка не тое, што першы, пану Зыгмусю не зыграцца з ім. Вось чаму мінулы час, калі тут гаспадарыла Алена, быў для яго цяпер такім дарагім, што і ўспомніць аб ім было добра.

Алена ж не пражыла і паўгода замужам, як пачала каяцца, што прадала хатку, бо ў яе мужа знайшліся яшчэ жонкі, а грошы за хату ён прапусціў. Усяе тае карысці з іх, што Алена купіла сабе паліто. І цяпер Алена не мела ніякай цаны для мужа. Ён пачаў патроху ладзіцца, каб выехаць да сваіх, як ён казаў, багатых бацькоў. Алене ж ён гаварыў, што паедзе туды падгатаваць грунт, а потым і яе забярэ да сябе. Алена, разумеецца, ведала, куды ён тут гне, і пагадзілася з сваёй горкай доляю. Затое ж мыслі яе ўсё часцей і часцей заляталі ў хатку над балотцам і даўжэй запыняліся там. Эх, як здуравала яна, што прадала хатку! Але гэтага мала: яна адарвалася ад свае зямлі, а за яе трэба падатак плаціць, яе трэба засеяць. А хто ёй засее? Надыходзіць вясна, а з вясною нейк мімаволі цягне цябе на прастор, на поле. Што б там ні было, а зямлю трэба засеяць, не дапусціць, каб запуставала яна, бо гэтага толькі і чакаюць сяляне, каб прыбраць яе ў свае рукі.

І пачала Алена думаць-меркаваць. Вынікам такога думання-меркавання было яе пісьмо да пана Зыгмуся. Многа добрых слоў адводзілася ў гэтым пісьме пану Зыгмусю і пані Даміцэлі і сумеснаму жыццю ў хатцы над балотцам. Цікавілася Алена жыццём і здароўем пана Зыгмуся і пані Даміцэлі. Ну, словам, відаць было, што жанчыне хацелася пагаварыць, адвесці душу. І прасіла Зыгмуся засеяць вясною зямлю, засеяць, што б там ні сталася, бо ў яе нікога няма на свеце, хто б памог у гэтай справе. Яна прыедзе сюды сама як-небудзь напрадвесні і расстараецца насення, а пан Зыгмусь няхай будзе ласкавы – патурбуецца засеяць, дастане каня, бо толькі адна надзея на пана Зыгмуся. А тое, што збяруць з поля, падзеляць справядліва.

Чытаў пан Зыгмусь гэты ліст і чуў, як ён расце і падымаецца ў сваіх уласных вачах. Што там ні гавары, а без пана Зыгмуся не абыдзешся, бо пан Зыгмусь – патрэбны і карысны чалавек, і недарма ён жыве на свеце. Гэты ліст усцешыў яго, падняў яго энергію і даў новы ход яго мыслям. Мінуты, праўда, мінуты доўгія, самалюбавання змяніліся мінутамі практычнага разважання... Не, пан Зыгмусь яшчэ паваюе. І зямлю ён засее. Ён і сам аб гэтым думаў і цяпер думае. Не, брат, зямлі ён не ўпусціць. Няхай Жарстак яшчэ трохі пачакае разгортваць свае кішэні. Пан Зыгмусь цвёрда пастанавіў стаць на бок Алены, бо з Жарстаком піва не зварыш, і з сялянамі яму не па дарозе.

Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Да гэтага часу ён зрабіў і сякі-такі запас насення. Бульбай ён забяспечаны. Ячмень бадай што ёсць. А рэшту Алена дастане. А не – ён і сам справіцца. І з канём, можна лічыць, справа ўладжана. Пані Даміцэля таксама рыхтуецца да работы: яна хоча завесці свой агарод. Удваіх выбралі яны мясціну пад агарод. Мясціна якраз добрая: тут калісь клуня стаяла, зямля ўгноеная. Агарод будзе насупроць хаты. Можна і частку дворыка прыхваціць на адну-другую градку. Адзін канец агарода падыдзе да саменькага прыгрэбнічка.

Вясна абудзіла ў іх незвычайны рух і прынесла ахвоты да працы, да жыцця. Пані Даміцэля памаленьку раздабывала рознага насення для свайго агарода.

Гэтымі ж днямі наведалася і Алена сюды. Спатканне было такое радаснае, як бы тут сустрэліся самыя моцныя, самыя шчырыя на свеце прыяцелі. З паняй Даміцэляй Алена пацалавалася, а пан Зыгмусь цалаваў рукі Алене. Гутарка так і лілася, так і сакатала, і гутарка самая прыязная, поўная спачування.

– Залатое месца! – у захапленні казала Алена, пазіраючы на сваю зямлю. – Ах, пан Зыгмусь! Падашукалася я, што прадала хату.

Хадзіла Алена ізноў па межах свае зямлі з панам Зыгмусем і ўсе яго планы пахваліла. Пан Зыгмусь свяціўся ад здавалення, гарэў ахвотай узяцца за сяўбу і толькі чакаў добрае часіны.

Пабыла тут Алена дзён два. Яшчэ не паспела яна выехаць за вёсачку, як сюды прыпёр Жарстак. Выгляд у яго быў рашучы і грозны. Ён дачуўся, што ў яго хаце спынілася Алена, усердаваўся і прыйшоў, каб вытурыць яе адгэтуль. Яму было «не пад калдун», што яна ўсё ж такі за зямлю трымаецца, і ён хацеў зрабіць на яе ўплыў у тым сэнсе, каб гэтая зямля не была ёй такой мілай, прасцей сказаць – хацеў аблаяць і выгнаць вон з хаты. Але Алены ўжо не было тут, і злосць яго была скіравана на пана Зыгмуся, нашто дазволіў ён такой-сякой начаваць тут.

– Ты ў мяне глядзі: калі пусціш яе сюды яшчэ хоць раз, то і сам выберашся з мае хаты!

Сярдзіты чалавек гэты Жарстак. Не, з ім піва не зварыш.

 

 

IX

 

Пан Зыгмусь арлом ходзіць: хто скажа, што ён не гаспадар, не работнік? Хто з сялян папікне яго нядбайнасцю, няздольнасцю ў гаспадарскай справе?

У пана Зыгмуся ні адна пядзя зямлі не запуставала. Вы толькі паглядзіце, які майдан заваліў ён бульбай! Над балотцам густой аксамітнай шчоткаю ячмень пупырыцца, на той бок хаты пшаніца з зямлі выбіваецца, а поруч з пшаніцай, па другі бок дарожкі, зялёнай коўдрачкаю авёс сцелецца.

І як гэта пан Зыгмусь з сяўбой управіўся? Ён жа ні каня, ні плуга не мае! Але што значыць для пана Зыгмуся конь або плуг? А нашто ж яму розум дадзены? Хто скажа, што ў пана Зыгмуся розуму няма? А нашто ўменне з людзьмі абыходзіцца? Плуг не так ужо цяжка пазычыць у добрых людзей, а ў яго загарадзе для чаго коні пасуцца? Вось так пан Зыгмусь, як вуж той між карэнняў, вывіваецца, выкручваецца. Сёння запрог аднаго каня, заўтра другога. Ну, вядома, гаспадары за гэта «дзякуй» не скажуць яму, але як жа іначай? Калі справа сурʼёзная, то часамі на людское нездаваленне можна рукой махнуць. Тыдзень часу, і пан Зыгмусь з работай управіўся.

І людзі казалі:

– Глядзі ты, які заядлы гэты чалавечак: дарма, што варона ў дзюбе панесці можа, а поле абсеяў! І сабе хлеб будзе, і Алену пракорміць.

А пан Зыгмусь гной дабывае і посцілкамі на сабе цягае з лесу дабро: калюшкі, мох і розную прэль і гніль і раскідае на папары, бо ўвосень тут жыта сеяць будзе.

Пані ж Даміцэля з рыдлёўкаю каля град увіхаецца і песні спявае, святыя песні з касцельнага набажэнства, як яно і трэба пры такой сурʼёзнай справе, каб улагодзіць пана Бога. А гэтыя грэшныя песні, дрындушкі, калі ўжо так хочацца табе спяваць, спявай у іншым месцы і ў іншы час.

Вось якія сібірныя людзі пан Зыгмусь і пані Даміцэля.

Што ні кажыце, а слаўна летам каля хаткі над балотцам! А калі хто любіць спакой і адзіноту, то гэтая слаўнота яшчэ павялічваецца. Тут сваё хараство, якога не парушаюць нават такія дысанансы, як сварка пана Зыгмуся і пані Даміцэлі, бо яны ўсё ж такі часамі сварыліся, але ж гэта была патрэба іх жыцця. Тут кожная мясціна засеянага поля, узгоркі, лагчыны, лес, раскіданыя па полі купкі дрэўцаў, кожная пядзя зямлі з яе разнастайным насельніцтвам – гэта ўсё высокамастацкія строфы аднае велічэзнае, дасканала напісанай паэмы жыцця зямлі, вечна абнаўлянага, вечна маладога і вечна цікавага.

З таго часу, як пасяліліся тут Жарстаковы дачнікі, найболей цікавай арэнай стаўся прыгрэбнік – летняя рэзідэнцыя пана Зыгмуся. Цяпер пан Зыгмусь нейк астыў у сваім захапленні зямлёй. Ён радзей паказваецца на полі, часцей сядзіць на сваім куфэрачку, дзе хаваюцца шавецкія прылады, сядзіць у цяньку прыгрэбніка, зашывае дратваю адстаўшыя падэшвы тандэтна зробленых сандаляў дачнага люду або падбівае абцасы ці падноскі ў ботах. Ён нават і песень сваіх не спявае. Відаць, усё нешта думае, мяркуе. Не падабаецца яму Жарстак і галоўным чынам за тое, што ён так недалікатна павыганяў яго дачнікаў з кухні. Маўчыць і пані Даміцэля, поўзаючы каля сваіх град і аполваючы капусту. А часамі яны проста сыходзяць кудысь на некаторы час, замкнуўшы прыгрэбнік. Праўда, праз колькі гадзін яны варочаюцца. Раніцаю і вечарам пан Зыгмусь раскладае агонь у сваім загарадзе, а пані Даміцэля гатуе снеданне і вячэру. У гэтым выказваецца іх гнеў і пратэст супроць Жарстаковых дачнікаў і самога Жарстака, у гэтым выліваюць яны і крыўду сваю.

Нейк летам зноў прыехала сюды Алена, спынілася тут на некалькі дзён. Зноў хадзілі па полі з панам Зыгмусем, аглядалі свае нівы. Цяпер яна не начавала ў былой сваёй хаце, бо ў ёй жылі дачнікі; у кухні не адважвалася, каб не мець непрыемнасці ад чыгуначніка, дый асаблівай патрэбы не было цяпер у гэтым: прыгрэбнічак гасцінна даваў ёй прытулак. Часамі ж начавала і ў вёсачцы, дзе як бы і кавалер новы наклёўваўся.

Самае цікавае жыццё пачыналася ў прыгрэбніку ўночы. Як толькі добра сцямнее, у загарад пана Зыгмуся прыводзіў каня Максім з хутара Кляўцы. Чалавек ён быў ужо немалады і на адно вуха глухаваты. Не было ў яго ніякіх такіх планаў у жыцці. Дзень перажыў – і добра, абы не надта перадаць свайго, а таксама і не ўпусціць. У вёсачцы, што за чыгункаю, жыла на правах батрачкі Прузына Кублік, незамужняя, але мела сына, хлопчыка гадоў восем. Каля хаткі над балотцам у часе начлегаў звычайна адбываліся іх спатканні з Максімам, бо рабочым людзям сустрэцца ў другі час няма калі. Прыехаўшы конна, Максім злазіў з каня, путаў яго і пускаў у загарад пана Зыгмуся, а сам выходзіў на дарожку, зашываўся ў лазовыя кусты і паглядаў на дарогу ў бок вёсачкі. Калі на ўзгорку, дзе стаяла густая купка раслінак, паказваліся конь і чалавек, Максім кашляў і выходзіў на дарогу. Асцярожна, каб не памыліцца, толькі пазнаўшы сваю любую, ішоў ён на спатканне, браў ад яе каня, памогшы самой злезці. Потым заводзіў каня ў той жа загарад пана Зыгмуся, а самі садзіліся ў зацішным куточку і заляцаліся. І гэтае права спаткання куплялася імі за пэўную плату пану Зыгмусю. Плата давалася прадукцыяй з тых гаспадарак, дзе жылі Максім і Прузына. А пан Зыгмусь міласціва дазваляў ім карыстацца не толькі загарадам, але і сваім прыгрэбнікам, бо ў кустах было росна, вільготна ўночы, а таксама не давалі спакою і камары. Але ўсё ж такі гэтыя кусты, агорнутыя змрокам і цішынёю летняй ночы, не раз чулі і палкія размовы кахання, і халодныя развагі жыцця.

– Ну, а дзе ж мы падзенемся, калі б нам прыйшлося пажаніцца? – пытае Максім.

Жаніцьба яго не надта вабіць, чалавек ён ужо сталы, прывык бабылём жыць. Нашто ж яму яшчэ гэты клопат?

– А цяпер дзе мы дзяёмся? – адказвае пытаннем Прузына. – Жылі б, жывымі ў зямлю не палезлі б. А можа б і на сваю гаспадарку ўзбіліся.

– Дзе ты бачыла! – махае рукою Максім. – Не з нашым носам.

– Чаму? Хіба не трапляецца людзям?

Прузына прыводзіць прыклады, а Максім слухае здаровым вухам.

– Не! – трасе ён галавою. – Не пра нас гэта пісана.

– А каб дзе ў саўгасе замацавацца? Пахадзі, папытай.

– Што саўгас! – кідае Максім. – Вось, каб нам гэтую зямлю! – Максім ківае галавою на хатку над балотцам. Ён ведае, што гэта – пустыя мары, але чаму ж і не памарыць?

Прузына маўчыць. Ёй хочацца папікнуць Максіма нядбайствам, але і пакрыўдзіць не хочацца чалавека.

– Пажаніліся б – і кут сабе знайшлі б.

– Трэба падумаць, – кажа Максім, хоць ён думаць зусім не збіраецца, – на чорта? Усё роўна не выдумаеш нічога. Але ён ведае, што Прузына хоча за яго замуж, яму нешта трэба сказаць ёй.

– Ды я ўжо цябе і ўзяў бы, каб у цябе была коўдра. А так што ж? І акрыцца няма чым.

Прузына ўздыхае. Ох, коўдра! Эх, каб у яе была коўдра! Ёй так хочацца свайго хоць маленькага шчасця, свайго мужа, хоць бы гэтага глухога на адно вуха Максіма. Усё ж бы ў людскіх вачах яна значна вырасла б.

Рэшту ночы яны праводзяць у прыгрэбніку.

 

 

X

 

У прыгрэбніку цёмна, зусім цёмна. Пан Зыгмусь у скрыні адзін: у пані Даміцэлі баляць ногі, у кухні начуе. Пан Зыгмусь не спіць. Ён разважае аб тым, што ён – у жыцці значны чалавек. Яму толькі дзіўна, што значнасці яго людзі не заўважаюць. А можа толькі з-за свае зайздрасці казаць не хочуць, бо нават і вось гэтая пара закаханых людзей, Прузына і Максім, што цяпер знаходзяцца тут жа, пад самаю стрэшкаю прыгрэбніка, адчуваюць сваю залежнасць і залежнасць свайго шчасця ад пана Зыгмуся. Ён дазволіў ім спаць у прыгрэбніку, а мог бы і не пусціць. Але пан Зыгмусь пусціў іх, бо ён чалавек даступны і добры. І дзівіць яго таксама, чаму не бачаць людзі яго дабраты. За што такія жорсткія да яго сяляне? Ён хацеў прыпісацца да іх грамады, каб мець права на надзел, ну, хоць бы і на гэтую зямлю, бо ён так многа патраціў на яе свае працы. Яго ж не прынялі, паднялі нават на смех. «Дзіч, неадукаванасць, вядома – мужыкі, вось чым можна вытлумачыць усё гэта», – думае пан Зыгмусь.

Не спіцца часамі пану Зыгмусю, асабліва, калі ўдзень дасць добрага храпунца, і мыслі ў галаве круцяцца, розныя мыслі, чорт ведае, якія мыслі. У такіх мыслях можа часамі вінаваты Максім з Прузынаю, а можа нават і сама Алена, бо і яна тут недалёка ляжыць, з другога боку скрыні, але, выцягнуўшы руку, дастаць яе можна. Пан Зыгмусь успамінае, як некалі ён меў з ёю размову, закідаў слова, каб жыла з ім, як жонка. Ну, што, каб пан Зыгмусь прыступіў смялей? Ён паварочвае галаву ў бок Алены, глядзіць на тое месца, дзе ляжыць яна. Цёмна. Чуваць дыханне. Спіць яна ці не? А што, каб яе крануць рукою, як бы няўмысля, ну, сосну, ці што? Пан Зыгмусь на момант затойвае дыханне, як бы важыцца на нешта. Не, нязручна цяпер. Перад вачмі пана Зыгмуся ўстае пані Даміцэля. Што сказала б яна, каб ёй цяпер сталі вядомы яго мыслі, грэшныя, чорт бы іх пабраў, мыслі? Ну, разумеецца, добрага нічога не сказала б. Але ж пані Даміцэля – кабета старая, хворая і хоць спявае «Ах, зачем эта ночь», але мыслі яе часцей каля свайго збавення пакручваюцца, а гарачыя парыванні сэрца пана Зыгмуся яна разбівае холадам напамінання аб старасці, з якою ніяк не стасуецца гэтае глупства.

Прузына і Максім заварушыліся пад нізенькаю стрэшкаю. Цмокнула губамі Алена і павярнулася на другі бок. Мыслі пана Зыгмуся нейк палохаюцца і разбягаюцца. Ізноў у прыгрэбнічку стала ціха. Спакусныя мыслі варочаюцца да пана Зыгмуся. Каб «з гэтага» боку паладзіць з Аленаю, ён бы не выпусціў зямлі з сваіх рук. А так – трудна. Проста нічога не выйдзе, раз ён грамадою не прыняты. Але як стаў ён думаць аб сабе і Алене ў новых стасунках, яму зноў успомнілася пані Даміцэля. Як-ніяк – замінае яна. А, урэшце, можна было б і развесціся – робяць жа людзі так. А можна было б і не разводзіцца.

Пан Зыгмусь зноў глядзіць у той бок, дзе Алена ляжыць. І памаленечку суне туды руку, але зараз жа зноў хавае яе ў скрыню. Трэба абмеркаваць гэта ўсё больш грунтоўна. Каб скрыня была трохі бліжэй да яе, было б шмат зручней. Пан Зыгмусь прыпамінае, што гэтая скрыня стаіць на падвалінках – можна падсунуцца. Нядобра толькі, што тут ёсць лішнія людзі. Можа яны і не заўважаць, а калі і заўважаць, то нічога не скажуць. Ды Алена ўсё ж будзе лічыцца з гэтым, з староннімі людзьмі. Пан Зыгмусь покі што нічога не робіць, а толькі разважае. А някепска было б, каб яна апынулася з ім у скрыні! Абдымалі ж яе людзі, а пан Зыгмусь чым не чалавек? Ён асцярожна мацае рукою каля скрыні: тут дзесь павінна быць калодка, яго шавецкая прылада. Абмацаў. Пан Зыгмусь упіраецца адным канцом калодкі ў зямлю прыгрэбніка, а плячамі націскае ў скрыню. Сілы ў пана Зыгмуся малавата, але скрыня ўсё ж такі зрушваецца і чуць-чуць падаецца ў бок Алены. Пан Зыгмусь прыпыняецца, адпачывае, прыслухоўваецца. Першы крок зроблены і зроблены ўдала. Зноў бярэ калодку і яшчэ трохі падсоўваецца, але далей скрыня ўпынілася, відаць, у сук і далей не рухаецца, як ні тужыцца пан Зыгмусь. Але – ша! Пан Зыгмусь раптам прыслухваецца: Алена варушыцца і дыханне яе як бы замірае. Ці не абудзілася?.. Відаць – слухае. Цяпер яна зусім блізка.

Пан Зыгмусь чуе, што сэрца яго калоціцца і рукі дрыжаць: набліжаецца самы важны момант. Што ж яму далей рабіць? Крануць яе хіба лёгенька рукою і, калі не ўдасца, то прыкінуцца, што гэта зрабіў ён няўмысля? Пан Зыгмусь адважваецца: што будзе, то будзе!

Ён зноў суне руку, кранаецца Аленінага плечука, абмацаў галаву, ціха казыча ёй лоб. Алена прахватваецца, ускрыквае:

– Хто тут? – соспалаху, адрывіста пытае яна.

Пан Зыгмусь борздзенька аднімае руку, маўчыць і слухае. Губы яго расплываюцца ва ўсмешку: пажартаваў, значыцца, з гаспадыняй. Але скончыць на гэтым ён ужо не можа і ў далейшым хоча якраз надаць характар жарту гэтаму зачэпліванню жанчыны. І цікава ведаць, як прыме яна яго жарты?

Алена не спіць, думае, што гэта папрыгодзілася ёй: прыснілася што ці пацук прабег па галаве?

Пан Зыгмусь набіраецца смеласці. Падымаецца ціха, садзіцца. Аленіна ўвага раптам спыняецца на пану Зыгмусю: яна чуе, як ён шаволіцца ў сваёй скрыні, і ёй становіцца ўсё зразумелым. Чакае, што будзе далей. Яна чуе дыханне пана Зыгмуся і займае такую позу, каб латвей было бараніцца. Пан Зыгмусь раптам цопае гаспадыню. Алена размахваецца і – плясь па мордзе!

– Паганец! – крычыць яна і, накінуўшы на сябе коўдру, зрываецца з пасцелі, бяжыць, адчыняе ў прыгрэбніку дзверы, а пан Зыгмусь хапае калодку і адсоўваецца са сваёю скрыняю ад таго месца, дзе ляжала Алена. У расчыненыя дзверы ўрываецца святло з усходняга неба, песні жаваранкаў і чыстае ранішняе паветра.

Пан Зыгмусь ляжыць моўчкі – ён нічога не бачыць і не чуе, ён спіць, як бы ні ў чым не вінаваты. Не ўдалося. І брыдка, і крыўдна. І што будзе, калі даведаецца пані Даміцэля? Але ён прыпамінае, што гавораць у такіх разох у Польшчы: той не мужчына, калі яго не біла па мордзе за памаўзлівасць жанчына. Значыць, не адзін такі сквапны да кабет пан Зыгмусь. І яму робіцца лягчэй.

 

 

XI

 

Думае Алена часамі, як будзе жыць далей.

Тры мясціны ёсць на свеце, дзе можна яшчэ прыпыніцца: прыгрэбнік, вёсачка і горад. Але прыгрэбнік, як паказала мінулая ноч, рэч небяспечная. У вёсачцы можна паначаваць толькі зрэдку. У горадзе ў яе ёсць сваякі. Часамі яна і жыве там. Але ж усё гэта – часовыя прыпынкі, сталага ж месца няма. І што рабіць, калі прыйдзе зіма? І думаць аб гэтым не хочацца.

І нашто прадала яна хату? Якое ліха нанесла ёй пана Зыгмуся і пані Даміцэлю? Каб не яны, хаты яна напэўна не прадала б. А была б хата, не ведала б і клопату.

У Аленіным сэрцы падымаецца цэлая бура супраць падсуседнікаў. І які кусішча зямлі засеяў бульбай. Самы лепшы кусок, і гэтаю бульбаю дзяліцца з ёй не хоча! А загарад! З яго можна было б сабраць пяцьдзесят пудоў сена. Дык жа цэлае лета таўкліся там коні; распараджаецца ім, як гаспадар. Чым больш думае аб гэтым Алена, тым большая злосць накіпае ў яе сэрцы. І злосць гэтая хоча прарвацца. У Алены ёсць і надзея вярнуць хату. Яна ў кожную хвіліну можа патрэбаваць, каб Жарстак прыняў з яе зямлі хату, і ён гэта павінен зрабіць, а не зробіць па добрай волі, змушаны будзе зрабіць гэта па суду. А куды ён дзене хату? Алена ведае, што Жарстак хацеў бы прыбраць і яе зямлю, але не можа: сяляне ніякім чынам не пусцяць яго сюды. Ёй гэта вядома дасканала. Алена даведалася з пэўных крыніц, што Захар Кудрэвіч і Сцёпка Турлай падалі заяву на яе зямлю, бо яна не мае гаспадара, і яе абселі розныя авантурнікі. Зямля нішчыцца і пусцее.

Ведаюць аб гэтым і пан Зыгмусь, і Жарстак. Не, відаць, не для іх гэтая зямля. Былая няпрыязнь паміж імі згладжваецца. Сустрэнуцца – гутараць, як роўны з роўным. Жарстак – чалавек практычны. І хадзіў, і меркаваў нямала, але ні выхадзіць, ні вымеркаваць нічога не ўдалося. Не, за зямлю ніяк не зачэпішся! Дый такой бяды: што тут золата закопана, ці што? Трэцюю часць цаны за хату вярнулі дачнікі. І гэта добра. Ва ўсякім разе ён тут нічога не страціў. А там яе і прадаць можна – грошы свае верне. А прадаць трэба, бо страха згніла і столь зацякае. Перавозіць яе няма рахунку і няма куды. Бяда толькі – купца не знаходзіцца.

І з Аленаю Жарстак не такі цяпер жорсткі. Што ж? Ён ведае, што ёй цяжка, і згодзен зрабіць камерцыю з ёю. Няхай дае пяцьсот рублёў і жыве. Сам ён заплаціў Алене дзвесце. Камерцыю трэба весці ўмеючы. Жарстак ведае, што хата Алене патрэбна, што новай пабудаваць яна не зможа. А раз так, то падганяць яго зносіць хату ёй і не зусім з рукі, а там будзе лепей відаць.

Пан Зыгмусь змушан таксама прызнаць, што тыя карэнні, які ён быў пусціў тут, выдзімае вецер з зямлі. Яму вельмі выразна далі зразумець сяляне з вёсачкі, каб ён тут не мазоліў ім вачэй. Спекулянтам яго нават называюць, і вінаваты ў гэтым загарад і той спосаб, які ўжываў пан Зыгмусь, засяваючы зямлю каля хаткі над балотцам. «Падружыцца» з Аленаю не ўдаецца. Пан Зыгмусь прыпамінае адну і другую спробу падкаціцца да Алены. За першую спробу ён зарабіў «малпу», а за другую – па мордзе. А калі ён успомніў пры гэтым, як апошні раз падсоўваўся да яе ў сваёй скрыні, падпіраючыся шавецкай калодкаю, то яму нават зрабілася брыдка. Добра яшчэ, што Даміцэлі не расказала, а калі б расказала, то пан Зыгмусь загадзя надумаўся, які спосаб ужыць, каб абараніцца. У гэтай «дружбе» пан Зыгмусь бачыў адзіны спосаб асесці тут на зямлі. Але што яму гэтая зямля? Нашто яму звязвацца з ёю? Ці толькі шчасце, што тут? Ці яму свет зачынены? Ці з яго здольнасцямі не знойдзе ён сабе куска хлеба? Начорта яму працаваць ліха ведае на каго? Пана Зыгмуся даўно запрашае да сябе хутаранец Варакса. У каго ёсць вочы, каб бачыць, і галава, каб думаць, той ведае, што за чалавек пан Зыгмусь, і адразу ацэніць яго. Ды ўжо, калі б на тое пайшло, ён сеў бы і тут, але не хоча гэтага клопату. Ён і Алену б прыручыў, перарабіў бы на свой лад, але проста не хоча, не хоча і – а́ман. А што ён трохі падражніваўся з ёю, дык гэта толькі жарты, жарты і больш нічога.

Пан Зыгмусь стараецца падняць свой аўтарытэт у сваіх уласных вачах, і гэта яму лёгка ўдаецца. І з Аленаю трымаецца ён строга, строга і карэктна, а пры спатканні з ёю вельмі салідна дзьме перш у адну, а потым у другую ноздру, а не па-мужыцку, у абедзве разам. З Аленаю ў яго і гаворка была наконт таго, як падзяліць збажыну. Гэтая размова скора перайшла ў сварку, бо пан Зыгмусь наадрэз адмовіўся падзяліцца бульбай. На гэта яна няхай ужо выбачае. Ну, адным словам, было ясна відаць, што пэўнае кола жыцця блізілася да канца, прайшоўшы ўсе ступені свайго развіцця.

Надышоў час жніва.

Белыя постаці жнеек-сялянак ныраюць у залатым моры даспелага жыта. Выйшла з сярпом і Алена. Яна так шчыра бярэцца за работу. Яна хоча ўвайсці цалкам у гэтую сялянскую работу, зліцца з зямлёю, урасці ў яе. Яна шчыра працуе ўвесь дзень, падстаўляе пад гарачыя праменні сонца і спіну, і проставалосую галаву. Але не ўцягнулася яна ў сялянскую работу. Рукі яе навярэджаны, і яна адчувае сябе, як пабітая, а назаўтра не можа рук разгарнуць. Яна доўга не ўстае, вылежваецца, і гэтае захапленне работаю ў яе прападае. Удзень ідзе яна ў вёсачку, а адтуль варочаецца пад вечар з шыкарным букетам кветак. Гэта ёй паднёс Самусь Каладзінскі. І на вёсцы жыве, а ведае, падла, гарадскія манеры. Для Алены ж гэты букет шмат чаго прамаўляе.

Зашастаў серп у жыце, – задрыжала лецейка, да восені тварам пахілілася.

 

 

XII

 

Неспакойна шуміць вецер над лесам, надрыўна галосіць на апусцелым полі, гудзе-вые ў голым вецці дзікіх ігруш і верабін, параскіданых сям-там на пажоўклых узмежках.

Панура стаіць адзінокая хата над балотцам, а пры ёй той жа нізенькі з плыткаю дзіраваю стрэшкаю хлевушок, шчыльна прытуліўшыся да хаткі. Калі глядзіш цяпер на іх маўклівыя, занямелыя постаці, то здаецца, што гэта пара жабракоў спынілася ў пустым бязлюдным полі, не ведаючы, куды, па якой дарозе пайсці. Шаволіць вецер вырваныя пасмы саломы на хаце, а праз гэтыя пасмы выступаюць голыя косці – кроквы і латы. На цэментавым ганачку засталася тая ж моцна прыбітая падкова. Яшчэ ніжэй прыпаў да зямлі прыгрэбнічак, упёршыся ў зямлю нізка спушчанай страхою. Сівенькі, кволенькі зруб калодзежа журботна скасіўся ў бок прыгрэбніка, а калаўротак занямеў нерухліва, апусціўшы ўніз жалезны свой хвосцік. Худасочная вішанька стаіць над калодзежам, як палка, і шэпча рэдзенькімі пажоўклымі лісцямі нейкую скаргу на сваю нядолю. Драцяная агароджа, так старанна зробленая калісь панам Зыгмусем, ляжыць, выцягнуўшыся, на доле, зачапіўшыся за бярозавыя колікі, таксама павырываныя з зямлі. Гаротна пазірае комін над дзіраваю страхою хаткі над балотцам. Не павіваецца ўжо над ім сіняваты дымок. Пуста ў хатцы, ніхто ў ёй не жыве, пакінулі яе людзі, а ў прыбудоўцы-сенцах гаспадарыць адзін толькі неспакойны вецер, высвістваючы свае невясёлыя песні, гайдаючы звіслыя сухія каласкі, пакалыхваючы дзікі вінаград, што моцна ўчапіўся за тонкія дошкі, за кроквы, пераплёўшы іх сваімі цапкімі вусікамі-вывітушкамі.

Ёмкая перакладзіна, прыбітая гваздамі ўпоперак дзвярэй, вартуе цяпер хатку над балотцам. Толькі ўчора забіў Жарстак дзверы тут, бо дачнікі даўно выехалі, а пан Зыгмусь толькі што выбраўся з прыгрэбнічка, забраўшы разам з скрыняй апошні свой скарб. Размеранай ступою дыбае пан Зыгмусь па дарозе ў бок вёсачкі, крыху прыгнуўшыся, бо на плячах у яго куфэрачак з шавецкімі прыладамі. Гэты куфэрачак і прылады – неразлучныя спадарожнікі ў яго жыцці. І калі пану Зыгмусю прыходзіцца цяжка, тады ён бярэцца за сваё шавецтва і гэтым здабывае кусок хлеба. Вось чаму і смелы ў жыцці пан Зыгмусь, не баіцца ніякіх змен і не гаруе, калі яго сустрэне няўдача. На крок ад яго ззаду ідзе пані Даміцэля з высокім кійком. На плячах у яе досыць ёмкі клумак. Галава яе з прычыны каўтуна абкручана палатнянай наміткаю накшталт цёрла, ад гэтага фігура яе робіцца вельмі паважнай і засланяе постаць пана Зыгмуся. Так вандруюць яны не першы раз, шукаючы шчаслівага месца на свеце. Кожны крок аддаляе іх ад хаткі над балотцам. За паўвярсты ад яе – досыць высокі ўзгорак. Пан Зыгмусь чуць падаецца ўбок, прапускае наперад паню Даміцэлю, а сам аглядаецца на хатку над балотцам. Панурая яна. Стромкая страха, павырываная ветрам, глядзіць нейк журботна-журботна. Нявесела пазірае адно-адненькае акно, што выходзіць у бок поля. Але нічога не гаворыць яна, гэтая хатка, сэрцу пана Зыгмуся. А калі і пані Даміцэля азірнулася назад, то ён толькі сказаў:

– Дзюра, пся крэў!

І рушыў у дарогу, ужо не аглядаючыся.

[1927]


[1927]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6