epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Хмарка

Ніякага клопату і гора не ведала гэтая прыгожая белая Хмарка. Яна не ведала, з чаго і як радзілася на свет, адкуль узялася, яна не ведала нават, ці ёсць у яе маці. Можа, таму яна і была такая шчаслівая, што нічога не ведала аб Божым свеце.

Той дзень, праўдзівей, тая раніца, калі зʼявілася Хмарка на небе, была вельмі ж ціхая — такая ціхая, што нават чутно было, як спявалі, седзячы на круглым лісціку зялёнай лотаці, два прыўдалыя конікі. Сіваваронка, снуючы каля таўшчэразнага жаралістага дуба, дзе было яе гняздо, трашчала, бы тая трашчотка, на ўвесь луг, сварачыся з цыбатым і даўганосым Буслам, які, праўда, і вухам не вёў на ўсю гэтую плявузготу сярдзітай суседкі, а цешыўся са сваіх дзетак, што таксама сядзелі ў гняздзе на тым жа дубе. Дзесь у небе жаласна пішчаў галодны каршун, і гэтыя гукі далёка расплываліся ў нерухомай цішыні летняй раніцы.

У ветру, відаць, у гэтую раніцу было нейкае свята, можа, добра нагуляўся ён дзе за ўчарашні дзень, бо яшчэ не варушыўся і спаў, хоць сонейка падбіралася пад поўдзень.

І гарачая была гэта раніца. Грэчка, што пачынала ўжо зацвітаць, і даўно акучаная бульба проста млелі ад гарачыні і ў знямозе тужліва паапускалі лісце. І лісточкі на іх таксама пачыналі жаўцець. Маленькі, беленькі камячок, якім спярша была Хмарка, пачынаў тым часам павялічвацца, шырыцца і рабіцца болей грузкім.

Добра было гэтай Хмарцы плысці высока-высока ў бязмежных разлогах Божых светаў і акідаць поглядам прыгожыя малюнкі зямлі, што ляжала пад ёю.

З той страшэннай высачыні, на якой плыла Хмарка, усё выглядала вельмі хораша, вельмі прыгожа: здалёку ўсё ўяўляецца нам іначай, чым яно ёсць у сапраўднасці, бо такая ўжо натура і схільнасць нашай душы — бачыць усё добрае і прыгожае ў тым, што далёка ад нас, што не з намі. І паплыла паволі шчаслівая хмарка ў далёкую-далёкую дарогу, дзе спыняючыся, як прыемная думка, дзе кіруючыся на малюнкі, што найбольш цікавілі яе. Поле з пясчанымі схіламі ўзгоркаў, зялёныя лугі з пакручастымі стужкамі бліскучай вады, адвечныя лясы-бары, — адным словам, усе тыя зʼявы, якія першымі кінуліся ў вочы навароджанай Хмарцы, заставаліся ўсё далей і далей, і сама гэтая даль акрывалася ў намітку сіняватай смугі. Уласнае шчасце бязроднай Хмаркі не дазваляла ёй прымеціць чужое гора. Ёй здавалася, што ўсе на свеце, як і сама яна, радуюцца і цешацца сваёй доляй. З гэтай прычыны Хмарка не ведала, якую тугу і жаль пакідае яна за сабою на зямлі, з якой прагавітасцю хоча поле задаволіць сваю смагу. Вунь там, за вёскаю, ледзь калышацца ў межах пажоўклае жыта. Гэта вецер, толькі што абудзіўшыся, пачынае пазяхаць, пацягвацца. Бедныя каласкі пільна прыглядаюцца да Хмаркі. Калі-нікалі іх ажыўляе надзея ўздужаць з ласкі шчодрай Хмаркі. Але Хмарка ішла далей, толькі цянёк ад яе праплываў, як здань па жыце, і яно нікла каласкамі, стаяла, нікому не скардзячыся, як быццам самлеўшы.

Сумна рабілася ўсюды, і нейкая крыўда і жаль бруіліся над усім, што пакідала Хмарка. Два прыўдалыя конікі перасталі спяваць і пахаваліся пад лісток лотаці. Гэта яны спявалі песню ў чэсць Хмаркі, а яна так зняважыла іх.

Птушкі таксама змоўклі, а маленькі ручаёк, здавалася, панёс свой жаль у зямлю пад каменні, у цень альховых кустоў.

А Хмарка, шчаслівая, радасная, ясная, як майская раніца, усё ішла, ішла далей і далей да невядомых краёў свету. Ёй рабілася крыху сумна, шкада было пакідаць тыя малюнкі, да якіх яна прывыкла, але жывая натура гнала і гнала яе наперад, не даючы супачынку.

Так ішла Хмарка ўвесь дзень. Пад вечар, калі сонейка схілілася блізка да захаду, Хмарка зайшла ў край, які непадобен быў да тых краёў, адкуль яна выбралася ў дарогу.

Перад ёю пачаліся высокія горы, вярхі якіх пакрывалі адвечныя снягі. Сонейка пачало хавацца за край зямлі, апошнія стрэлы яго праменняў афарбавалі Хмарку ў агнявісты колер і патухлі. Востры холад пустых і жудасных дзікіх горных вяршынь моцна сціснуў Хмарку. Яна скурчылася, зрабілася маленькай і тонкай, знайшла зацішак між гор і спынілася, прыхіліўшыся да старой Скалы. Страшна стала Хмарцы.

— Адкуль прыпаўзла, нябога? — спытала Скала.

Яшчэ большы страх агарнуў Хмарку.

— Не ведаю, — боязна адказала яна.

— Што робіш, чым займаешся?

Хмарка зрабілася яшчэ меншай і маўчала.

— Я люблю паслухаць, што робіцца на свеце, — апраўдвала Скала сваё пытанне. — Што ж ты бачыла, раскажы мне.

Хмарка крыху асмелілася і пачала расказваць, як хораша на зямлі, якія ўсе там шчаслівыя і радасныя, як спяваюць мошкі, конікі, травы, збажына.

— Хто сам шчаслівы, таму здаецца, што і ўсе шчаслівыя, — сказаў Арол. — Быў і я ў тых краях, адкуль прыблыталася імасць. Там, гаворыш, — шчасце? А што ж, па-твоему, няшчасце? Там палі выплакалі апошнія слёзы, каб даць табе жыццё, шчаслівая Хмарка! І цяпер там нават расы не бывае. Але не для таго прызначаліся слёзы, каб, радзіўшы цябе на свет, пусціць бадзяцца па чужых краях... — І доўга яшчэ гаманіў Арол, наракаў на Хмарку.

Слухала Хмарка нараканні Арла, і прыкра зрабілася ёй. Прайшла ноч, пачаўся новы дзень, зноў пайшла ў дарогу Хмарка. Цяпер яна ўжо не чула сябе шчаслівай і вольнай, як наўперад: так глыбока ўразілі яе Арловы словы.

Дні ішлі, праходзілі тыдні, а яна, як заклятая, усё хадзіла па свеце. І дзе толькі ні была яна! Якога гора не прыйшлося зазнаць ёй у дарозе! Насілася яна над пустэлямі, перад ёю рассцілаліся моры, якія не мелі берагоў. Ганялі яе вятры, рвалі на шматкі яе тонкія валаконцы. І нідзе на свеце не было ёй супакою. І вярнулася Хмарка зноў у той край, адкуль выйшла. Пажоўклыя палі, сухія травы, пагарэлая збажынка гаротна віталі Хмарку; пацямнела яна, зажурылася, паапускала пасмы і заплакала халоднымі слязьмі над роднымі палямі...

Стары Дуб, абмыўшыся дажджом, павесялеў і сказаў да Бусла, з якім даўно ўжо быў у дружбе:

— От навука для тваіх дзяцей. Моцна ж накажы ты ім, дружа, каб не лёталі дарэмна па свеце, не бадзяліся: у сваім родным кутку работы досыць для кожнага.

Бусел маўчаў. Відаць, ён іначай глядзеў на гэтую зʼяву, а можа, і недачуў слоў свайго сябра.

 

1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7