epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Ці дома я, ці я ў паходзе..."

* * *

 

Ці дома я, ці я ў паходзе,

Калі адзін, як воўк, брыду, —

У кожнай хвілі і ў прыгодзе

З сабой нясу дум чараду.

За ёю следам сумным ходам

Малюнкі прошласці плывуць,

І так мне жаль іх і так шкода,

Што іх нанова не вярнуць.

 

На сэрца горыч вірам хлыне,

Як дождж на голле і камлі:

Мой добры друг, мая святыня

Ляжыць адна ў сырой зямлі.

 

Развага кажа мне: змірыся,

І твой не так та шлях даўгі,

А сэрца рвецца ў тыя высі,

Дзе сонца значыць берагі.

 

8/VIII 1945


08.08.1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945