Вечар блізка, жар спадае.
З цёмных шчылін хтось нязнаны
Цені-страхі выклікае,
Штось ім шэпча, штось ківае,
Ды таемна, няўчытана.
Смех вясёлы збег няждана
З таго лесу і пагорку,
З тых лагчынак і кургану.
Смуткам поле чуць заткана,
Смутак ходзіць панадворку.
Пуцявінай праз разорку
Скача мышка палахліва
І шукае сваю норку
На мяжы каля аторку,
І знікае дзесь маўкліва.
Я іду, гляджу і — дзіва:
Ці раней таго не бачыў?
Ўсюды стала нейк тужліва
І трывожна-баязліва!
Змену гэту я зазначыў.
Хто ж той выраз перайначыў?
Я не сцямлю і пытаю,
Ды пытаннем азадачыў
Ўсіх, каго я тут ні бачыў,
Ўсіх, каго ні запытаю.
— Чапля! чапля! стой! — гукаю:
Ты не ведаеш, скажы ты,
Ці я сам страхі шукаю,
Сам іх вобразы ствараю,
Ці тым страхам ўсе спавіты?
— Не пытайся: я не знаю! —
Тры вароны ляцяць з гаю.
Цяжка крыллі іх мігаюць.
— Гэй, спыніся! справу маю:
Штось у вас я запытаю...
— Мы не знаем!.. Не, не знаю! —
Закрычалі і знікаюць.
Насустрэч старцы дыбаюць.
— Скуль вы, людзі? хто такія? —
Воч старцы не падымаюць,
Ўсе маўклівы, разважаюць.
— Мы — сляпыя! Мы — глухія!
Цені сталі больш густыя,
Мнагалучны, незлічоны,
Мнагазначны, хоць пустыя,
Вельмі страшны, бо нямыя,
Пад пячаццю ўсе замкнёны.
Лес, папары і загоны
Твар выразны свой хаваюць.
Дзесь далёка стогнуць звоны,
Дзесь у лесе плач шалёны —
Совы дзень свой зачынаюць.
Цені-страхі выпаўзаюць,
Іх не бачыш, — прачуваеш,
Штось чаруюць, заклінаюць
І таемна пагражаюць.
Чым? Бяда ў тым, што не знаеш.
25/ІХ 1921