epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Чоран

I
II
III


I

 

Каб не чорны бычок, то, напэўна, не было б і гэтай бяды, бо на ўсё свая прычына.

Так ужо многа даставалася беднаму Цімошку з-за гэтага чорнага быка. Пападала яму ад чужых, пападала і ад сваіх. Але Цімох нічога не браў пад увагу і ўсё патураў свайму любімчыку, чорнаму. Ад таго бык гэты і называўся Чоран, што ўвесь быў чорны, як галка. Каб яшчэ больш дагадзіць яму, Цімошка сумыслу запускаў яго ў шкоду, абы толькі людзі не бачылі.

І вось, бывала, калі ён гнаў каровак на пашу, то Кустрэй, што жыў на другой вуліцы, крыху пры канцы, кожны раз што-небудзь скажа яму, хіба на вочы не пападзецца.

– Ты ж глядзі, лайдак, калі яшчэ раз пусціш быка ў мой авёс, то я з цябе юху спушчу!

Але трэба сказаць праўду: не так балеў Кустрэю гэты авёс, як калолі яму вочы гладкія бакі і таўсматы карак Цімохавага бычка.

– Бач ты, як выгладзіў яго на чужой ярыне!

Цімошка толькі ўгнецца або зусім у другі бок паверне галаву, як бы нічога не чуе, і моўчкі ступае за статкам.

Ну, іншы раз і ён агрызнецца і скажа што-небудзь насупярэч зайздроснаму Кустрэю. Тады Кустрэй нажаліцца Юрку, Цімохаваму тату. А Цімохаў бацька вельмі не любіў, калі чужыя людзі тыкалі яму ў вочы грубіянам сынам.

– Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? – ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха.

Што казаць – пападала-такі Цімоху!

Затое ж, калі забярэцца Цімошка з кароўкамі ў лес, то ўжо там чуецца ён вольна, як бы гэта быў не лес, а яго ўласная сядзіба. Там ніхто не замінаў яму рабіць так, як сам ён лічыў найлепшым. Там ніхто не перашкаджаў выяўляць усю любасць да пастуховае справы. І куды толькі ні забярэцца ён са сваім статкам! І на ягаднік пагоніць, і па бары на верасы пусціць, і ўсе лужкі перабярэ.

Але таксама знаходзіў ён і вольную часіну, каб пагаварыць, палашчыць свайго чорнага бычка. Цімох ганарыўся ім, хваліў яго, лічыў, што такога бычка нідзе на свеце няма, і быў гатоў біцца з тым, хто асмельваўся зганіць Чорана. Пазаве, бывала, Цімох свайго любімца, чухае яму за вушамі ці пад сківіцамі, адганяе камароў, смачнай травы, канапелькі, нарве яму і кавалкам хлеба пачастуе яго.

Самая большая радасць была ў Цімоха тады, калі рахманы Чоран надумаецца сам прыйсці да свайго заступніка-дабрадзея.

– Ах ты, мой гарбузік! Што ж ты хочаш сказаць мне? Га? Пачухаць цябе? Дзе пачухаць? Тут? Ах ты, пястун гэтакі! Ах ты, лайдачэўскі!.. – Доўга размаўляе з ім Цімох і называе яго рознымі імёнамі.

Цімох не любіў кампаніі і стараўся меней стыкацца з пастухамі. А калі і бывалі спатканні з імі, то вельмі рэдкія і выпадковыя. Большую ўвагу сярод свайго пастухоўскага брата аддаваў Цімох Яхімаваму Юзіку, бо той быў хлопец ва ўсім паслушны Цімоху і з ахвотаю выпаўняў усе яго загады, ніколі не рабіў і не казаў Цімоху напроціў. Юзік любіў Цімоха і чуў да яго шчырую прыхільнасць. А Цімох, калі надыдзе такая часіна, як разыдзецца іншы раз, то Юзік аж за бакі хапаецца ад смеху. Вельмі ж здацен быў Цімох па часці пераймання або перадражнівання каго. Асабліва ўмеў ён паказваць Кустрэя.

– Цімошка, братка! А ну, пакажы, як Кустрэй цябе лае.

Цімох паказвае, а Юзік аж на спіну ад смеху кладзецца.

– А-а-а ты, псялыжнік, зноў будзеш мне патраву рабіць? Вось як прыпільную, дык я на тваёй галаве патраву зраблю, – дражніць Цімох Кустрэя, прымаючы яго міну і становячыся так, як стаяў Кустрэй. – Выгладзіў свайго быка на чужой ярыне, каб цябе палкаю гладзілі! Пілат ты Падпонскі, капшук занямонскі! Не пойдзе табе на карысць дабро чужое, шчанё ты малое!

 

 

II

 

Пад самую восень забалела ў Цімошкі нага. Ці наверадзіў яе, за кароўкамі па лесе ходзячы, ці намуляў яе аборкамі, ці якая другая прычына, але нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Цяжкія і нудныя прыйшлі для Цімоха дзянькі. Ляжыць увесь дзень адзін каля печы. Праўда, матка сяды-тады падыдзе да яго і прамовіць слоўка. Але Цімоху здавалася, што яго закінулі, што ім не цікавяцца і не шкадуюць яго. І такі жаль агорне Цімоха, што не адзін раз на вочкі набягуць слёзы. Усе паразыходзяцца з хаты, застануцца адны малыя дзеці. Але што дзеці? Ці яны яму раўня? Ці з імі можна пагаварыць аб чым? Толькі што круцяцца, плачуць, бʼюцца і дакучаюць. На кароткі час вечарамі забягаў да Цімоха Юзік. Гэта былі самыя светлыя моманты для Цімоха ў гэтыя дні.

У іх зачынаецца свая гутарка і ні на мінуту не змаўкае. Юзік не паспяваў даваць адказы на Цімохавы пытанні. Яго цікавіла, галоўным чынам, усё, што датычылася лесу і пастуховае справы: ці ёсць яшчэ трава, ці скасілі ўжо ў Лядзінах атаву, як наядаюцца кароўкі, хто пасе ў якім месцы. Пры гэтым, разумеецца, многа было размовы і аб чорным бычку.

Прыходзіць раз да Цімоха Юзік. Зірнуўшы на яго, Цімох здагадаўся, што зрабілася нешта вельмі важнае ў гэты дзень. Юзік прысеў каля Цімоха і маўчаў. Твар яго выцягнуўся, вочы былі спушчаны ўніз.

– Што ж ты нічога не гаворыш? – запытаўся Цімох.

Юзік яшчэ ніжэй апусціў галаву і перабіраў пальцамі Цімохаў сеннічок. Нейкая думка вельмі засмучала яго і не давала спакою, але выказаць яе ён не адважваўся.

– Ведаеш, Цімох... Чоран сёння біўся з Завозерскага Лысым.

– Ну?! –жахнуўся Цімох і падняўся на локцях.

– Збіў Чорана!.. – апаўшым голасам сказаў Юзік.

– Завозерскага Лысы... збіў Чорана... – мармытаў Цімох.

Аж у вачах пацямнела ў беднага Цімоха, і хата з вокнамі закружылася.

Самае цяжкае і непрыемнае было вымаўлена; Юзік пачаў гаварыць крыху вальней.

– Але ведаеш, Цімошка, каб Завозерскага Антось і Схопаў Андрэй не памаглі, то Чоран змясіў бы яго ў два заходы. І так Чоран два разы карак заламаў яму. Ніколі не збіў бы яго Лысы!

– І яны білі яго пугамі?! – спытаўся Цімох, бліснуўшы вачыма.

– Вядома, білі!

Цімох колькі хвілін не мог вымавіць слова. Ён чуў, што калі пачне гаварыць, то заплача ад крыўды, злосці і жалю. Але ў момант у яго галаве злажыўся нейкі план, і Цімох досыць спакойна прамовіў:

– Ты ж гані заўтра зноў туды; і я там буду.

Доўга не мог заснуць Цімох у гэты вечар. Ён усё думаў пра свайго любімца Чорана, як ён, бедны, біўся з Лысым. Так і стаяў у яго ваччу гэты малюнак бойкі. Вось ідзе Чоран, грозна ўхмыліўшы свой крэпкі карак. Насустрач яму наступае і Лысы, таксама нахмыліўшыся. Вось яны сышліся галовамі, сашчапіліся рагамі! Ні той, ні другі не паддаецца. Ногі ў зямлю лезуць, цела прыгінаецца да долу, самі злыя, языкі высунулі, гатовы адзін аднаго насмерць забіць. Вось Чоран зрушыў Лысага, папхнуў, папёр, адкідае яго моцнымі штурханамі рагатае галавы. Лысы стараецца затрымацца, упіраецца, не даецца, напружвае сілы. Нічога не памагае: сіла і спрытнасць на баку Чорана, і ён магутным ускідам галавы заламаў Лысаму карак. Лысы робіць апошняе натужанне і зноў стыкае галаву з галавою. Чоран падаецца крыху назад, але гэта толькі хітрасць з яго боку: у момант таскануў ён Лысага правым рогам ды зноў узяў яго пад карак. Вось-вось гатоў ён збіць Лысага і распісаць яму рогам бок каля пярэдняй лапаткі. Але падбягагоць Антось і Андрэй, бʼюць Чорана пугамі. Бедны Чоран! Не было каму за цябе заступіцца!..

Чоран бяжыць, Чоран уцякае, а Лысы гоніць яго, святкуе свой непраўдзівы верх. Цімоху здаецца, што вялікая крыўда моцна засмучае Чорана, што нават і цяпер адчувае ён гэтую вялікую несправядлівасць. Цімох ляжаў, скрыгатаў зубамі, згортваў кулакі.

– Пачакайце ж вы, свераноўскія заткалы: пагуляе мая пуга па вашых вушах! – пагражаў Цімох Антосю Завозерскаму і Схопаву Андрэю. Гэтыя хлопцы былі з другой вёскі, Сверанова.

 

 

III

 

Назаўтра Цімох абудзіўся рана. Ён не чуў цяпер болю ў назе: ён рыхтаваўся выпаўніць свой план. Вось як паразыходзяцца з хаты, ён устане, адзенецца і пойдзе на Просцінку, дзе ўчора адбылася бойка Чорана з Лысым. Там, напэўна, застане ён свераноўцаў. Ну, тады вы трымайцеся!

Юзік ужо даўно пагнаў статак. Вось і снеданне скончылася, і хата апусцела – усе паразыходзіліся.

Цімох сабраўся цішком, нікому нічога не сказаўшы. Ён выйшаў з двара проста на поле і сцежкаю, прыкульгваючы, пашыбаваў у Крыніцы, на Залессе. Вось і лес, і стажок сена каля лесу. Гэта іх стажок, іх гордасць і надзея.

Нават сам Цімох парадаваўся, гледзячы на гэты стажок. Вунь там, каля тых дубоў, і Просцінка. Цімох накіраваўся туды.

Юзік ужо быў там і чакаў Цімошку.

– Няма, – адказаў Юзік панура, таксама набраўшыся злосці на свераноўцаў.

– Чакай жа, – сказаў Цімох, – заварочвай статак, пагонім у Чартавіцу, дзе-небудзь напаткаем іх, паганцаў!

Юзік паслушна завярнуў статак. Кароўкі ў парадку, адна за другою, пацягнуліся ў лес. У сярэдзіне важна ступаў Чоран, як бы той бойкі і зусім не было. Хлопцы моўчкі ішлі ззаду з помстаю ў сэрцы.

Свераноўцаў нідзе не знайшлі. Дзень ішоў к вечару. Было хмурна, дзьмуў халодны вецер.

Цімохава абурэнне крыху ўляглося. Было халодна. Хацелася есці. Таксама давала сябе адчуваць і нага.

– Пагонім, брат Юзік, на Залессе.

– Пагонім, – згадзіўся Юзік і нават павесялеў, бо спатканне з свераноўцамі яго не вельмі прыцягвала.

На Залессі, каля Цімохавага стажка, хлопцы прыпынілі статак. Гнаць дадому было яшчэ рана.

– А ведаеш што, Юзік, давай разложым агеньчык і пагрэемся.

– Давай!

Юзік кінуўся збіраць палачкі і сухія трэсачкі, каб шпарчэй разгарэўся агонь.

– Давай запалкі!

Юзік палез за пазуху і выняў запалкі. Цімошка прысеў, каб латвей запаліць падпалак, а Юзік абгарнуў яго халацікам, закрываючы ад ветру.

Сухія іголкі хвоі затрашчалі, шуганула полымя, і Цімох знячэўку апёк сабе руку. Раптам кінуў ён падпал. Набег вецер, падхапіў камячок сухой травы з агнём і панёс яго просценька ў стог. І не паспелі хлопцы апамятацца, як насохшае сена палыхнула агнём, і стажок абвіўся жаўтавата-сінім дымам.

Цімох з перапалоху кінуўся наўцёкі. За ім пабег і Юзік. Вецер раздзімаў агонь, гуляў перагарэўшымі сцябламі травы, і яны то чарнелі, то чырванелі, як бы выскаляўся вецер з бедных хлопцаў.

Крыху апамятаўшыся, хлопцы борзда пагналі статак далей ад гэтага месца, дзе яшчэ колькі мінут таму назад стаяў Цімохаў стажок.

– Ты ж, Юзік, глядзі: калі скажаш каму пра гэта, то я цябе забʼю. Забʼю насмерць! Кажы, калі будуць пытацца, што каля стажка і блізка не былі! Цяпер я пайду дадому, а ты гані адзін. Кажы, што я каля цябе зусім не быў.

Пасля гэтага Цімошка, прыгнуты гэтым няшчасцем, пасунуўся дамоў. Дома ён ціхенька лёг на сваё месца, ляжаў і думаў пра гэтую бяду: «Што ж я нарабіў?»

– Дзе ж гэта ты, сынок, цягаўся? – спытала матка.

– Так, хадзіў па двары, – ілгаў Цімошка.

«А можа сказаць маме? – думаў ён. – Не, не трэба. Усё роўна стажка не вернеш». І ён ляжаў моўчкі, а думкі аб стажку не ішлі з галавы. «А калі даведаюцца, што гэта – яго работа? Што тады?.. Ну, што ж, няхай бʼюць. Нават і добра было б, каб набілі: на душы лягчэй стала б... Але дзе яны возьмуць сена?..»

Да самага вечара ляжаў Цімошка і ўсё думаў. Цяпер ён стаў чакаць, як забядуюць і заплачуць жанкі, як засмуціцца яго бацька і брат Пятрусь, які складаў гэты стажок і так многа ўскладаў на яго надзей. Вось толькі пытанне: калі аб гэтым даведаюцца?

– Ты б, можа, зʼеў чаго, сынок? – запытала Цімошку матка.

– Не, не хачу. Нага стала горш балець, – пажаліўся Цімошка на сваю нагу, хоць яна і не так ужо балела яму.

– Чаго ж бо ты цягаўся па надворку? – з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці і пайшла пыніць сваю работу.

Цімошка пільна і з трывогаю пазіраў на кожную новую асобу, якая паказвалася ў хаце: «Вось зараз скажуць, што стажок згарэў».

Ужо вечарам, калі разлажылі на лучніку агонь, стала вядома, што згарэў стажок. Убег бацька.

– Ах, Божа ж ты, Божа, спалілі наш стог на Залессі!

У хаце на адзін момант усе занямелі, а потым сталі бедаваць-гараваць.

Цімошка ляжаў ні жывы ні мёртвы, як бы на яго наваліўся цяжар і здушыў яму нутро.

– І хто ж мог запаліць яго? Пастушкі, няйначай.

– А можа хто па злосці якой падпаліў?

Цімошка то чуў, што ўжо напалі на верны троп, то пераконваўся, што ніхто не ведае, як згарэў стог, і маўчаў зацята. Аб ім цяпер усе забыліся і не зварочвалі на яго ніякае ўвагі.

Гора ўляглося. Пра стажок ужо меней гаварылі, з горам-бядою пагадзіліся ў хаце. І сам Цімошка крыху супакоіўся.

Але на пяты ці на чацвёрты дзень зайшоў да Юркі ляснік Варывода.

– Што ж, брат Юрка, згарэў твой стажок? – сказаў Варывода.

– Згарэў, – прамовіў Юрка і ўздыхнуў.

– А ведаеш, як і з чаго ён згарэў?

Юрка падняў на Варыводу вочы і чакаў адказу. Варывода зірнуў на Цімошку. Цімошка затрымаў дух, як бы над ім узнялі булаву, каб збіць яго адным махам.

– Цімошка спаліў табе стажок!

І так дакладна ўсё давёў, што не было ніякага сумнення.

– Ты ж чаму не прызнаўся? – спытаў Цімошку бацька.– А я мусіў думаць нядобрае пра людзей!

А Варывода пераконана сказаў:

– Не, брат Цімох, як ні хітры, а праўды не схаваеш.

– Я ненаўмысля, татачка, спаліў стажок! – сказаў Цімошка і горка заплакаў.

Позняй восенню брат Пятрусь павёў у Клецк прадаваць Чорана, бо не было чым карміць.

 

[1921]


[1921]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5