epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Чужы сад

– Ведаеш, брат Ясь, што?.. Давай пойдзем у Грышкаў сад ды накрадзём яблыкаў, – гаварыў малы Алесь свайму сябру Ясю.

– А як Грышка зловіць? – пытаў Ясь.

– Мы наўперад паглядзім ды скрадзёмся загуменнем... А, брат, знаеш, якія яблыкі! – пачынаў Алесь распісваць Ясю Грышкавы яблыкі. – Во гэтакія! – паказваў Алесь дзвюма зложанымі далоньмі.

Тут Ясь аж сліну глынуў.

– Калі ж, брат, страшна Грышкі – надта сярдзіты дзед, і моцна ён круціць за вуха, – стаяў Ясь на сваём.

– А ён хіба цябе круціў за вушы? – збаяўся Алесь.

– Не толькі за вушы, а і за лоб.

– Мяне не дагоніць! – разганяў Алесь свой страх.

– І мяне не дагоніць: ён тады выскачыў спатайка.

– Дык не пойдзеш?

– А хто яго ведае.

– Ну, дык я іду адзін. А табе – дулю ў нос, а не яблык.

– Дык і я пайду, ці што, – не выстаяў Ясь.

І два вясковыя маленькія шэльмы борзда схаваліся за вуглом хаты, і, прытуліўшыся, пайшлі каноплямі ў Грышкаў сад. Чым бліжэй падхадзілі нашы хлопцы да Грышкавага гумна, тым болей нападаў страх на іх. У Яся ад страху аж вушы засвярбелі, усё роўна як бы іх патрымала ўжо рука старога Грышкі. Сэрца іх моцна стукала. Аднаму і другому хацелася сказаць «вернемся», але кожны з іх баяўся сказаць, каб не паказаць, што ён палахлівы. Вот ужо і сад. Асталося прайсці толькі некалькі загонаў, засеяных аўсом. На іх бяду авёс быў малы, толькі што выплыў. Хоць хлопцы і сагнуліся, але іх спіны былі відны. «Лажэмся!» – камандаваў Алесь. Яны ляглі і папаўзлі ракам. Падпаўзлі яны пад самы сад. Алесь асцярожна падняў галаву і агледзеўся. Дзеда нідзе не было відаць. Прасунуліся хлопцы памеж жэрдак плота і ўлезлі ў садок. Садок быў невялічкі, усяго некалькі дрэўцаў. Толькі што яны націкавалі яблыню – шусь дзед у сад, як з зямлі вылез.

– Чаго вы, галубочкі, тут? (Зналі хлопцы цану гэтага «галубочка».)

Яны маўчалі.

– Ну што, хораша?.. Ах вы, жулікі, жулікі! Давайце ж сюды вашы вушы... Вот як у мяне!

І дзед вытрас за вушы і Яся, і Алеся і нават лбамі іх стукнуў.

Брыдка было хлопцам, і пайшлі яны, як апараныя.

Распуснік Алесь, каб не дараваць дзеду, адбегшыся, крыкнуў:

– Грышка – кішка!

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5