З імглы старога свету,
Дзе ўлада — капітал,
На грозны край Саветаў
Насоўваецца шквал.
Там спраў крывавых зграі
Рыхтуюць танкі, газ.
На Вісле, на Дунаі —
Шалёны свістапляс.
Пайшлі ў хаўрус ваенны
Баярын і пан-кат,
А з імі друг нязменны,
Французскі адвакат.
І пышуць яны злобай
На творчы наш размах,
Ды выкусяць хваробу
Баярын і пан-лях!
Прагніўшыя руіны,
Ваш намысел дурны:
Савецкае краіны
Мы верныя сыны!
На варту мірнай працы
Нас ставіць СССР,
Але калі з палацаў
Памкнецца люты звер
І ў дзікай сваёй злобе
Зачэпіць вольны край, —
Навек яго угробім!
Фашыст, ты гэта знай!
Мы — чырвонаармейцы,
А гэта — грозны гук!
Гнілыя вашы лейцы
З паганых вырвем рук!
Разбурым планы шпегаў,
Наёмнікаў ліхіх:
Мы білі ўжо стратэгаў,
Замежных і «сваіх»!
Пакрышаны куміры,
Багі пайшлі на хлам.
У нашым бурным віры
Магіла будзе вам!
За намі міліёны
Гартованых дружын —
Працоўных батальёны
Паўстануць як адзін!
Хто спыніць іх імкненне?
Адхіліць волі час?
Паток іх вызвалення,
Фашысты, знішчыць вас!
Мы — чырвонаармейцы,
І порах наш сухі,
Злачынніцкай сямейцы
Мы вытрасем духі.
[1930]