epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Да 10-й гадавіны БССР

Быў час — стаіўшыся знямела

Між пустак, пушчаў і балот,

Ты ў занядбанні быў, народ,

Твая зямля імя не мела,

Арлы клявалі тваё цела,

Кружыўся погані тут злёт.

 

Хаўрус паноў, ксяндзоў хлуслівы

Снаваў тут кросны павуцця

Ды зводзіў з ісціны-пуця,

І дар суліў табе ілжывы

Пад вэксаль жульніцкі, фальшывы,

І не даваў табе жыцця.

 

І ксёндз і поп даўгавалосы

Не раз узважвалі твой лёс,

А ты ярмо сваё ўсё нёс,

Хадзіў расхлістаны і босы,

Прыбіты, цёмны, безгалосы —

Ў людской сямʼі прыблудай рос.

 

І ты хоць меў сваё аблічча,

Ды быў слуга ў сваім краю,

І мову родную тваю

Не йначай звалі, як мужычай,

І скарб твой лепшы — слова, звычай

На здзек давалі халую.

 

Ды час прабіў. Дыхнула бура,

Пранёсся ўвосень грозны шквал,

Ўсё дачыста змёў перавал,

Не ўседзеў цар у сваіх мурах;

Як прусакі ў шпарах, пячурах,

Схаваўся ксёндз і поп-капрал.

Паны разбегліся, як мышы,

Каб зноў зашыцца дзе пад шчыт…

Плыві на Віслу, панскі плыт!

Няхай нянавісцю пан чмыша —

Працоўны сам закон тут піша

І сам свой ладзіць дабрабыт.

 

Былы нявольнік і падданы,

Ты вольным стаў, наш край, цяпер,

К жыццю Кастрычнікам прызваны.

Жыві ж, красуй, БССР!

 

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938