epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Да 15-й гадавіны Кастрычніка

Былі гады змагання.

На ростані эпох —

Агністае блісканне

Вялікіх перамог.

Ішлі, як хвалі, орды

З усіх канцоў, граніц

Пад грозныя акорды

Крывавых навальніц.

Вяла іх помста, змова

Супроць паўстаўшых мас,

Каб пульс эпохі новай

Спыніць на вечны час,

Каб жудасным разгулам

Рабочы стан сагнуць,

А прожарам-акулам

Уладу зноў вярнуць.

Ды грымнуў кліч: «Да зброі!

Пазіцый не здаваць!

Таварышы-героі!

Саветы ратаваць!»

І рушылі мільёны

Па голасу ЦК —

Сталёвыя калоны

І гарт бальшавіка.

Паход іх — гоман буры,

Удары іх —пярун —

За славу дыктатуры

Саветаў і камун.

Ад поўначы панурай

Да сонечных гаёў

Віхрыліся віхуры

Напружаных баёў.

Прасторы Украіны

І таежны разлог,

І горы, і даліны

Дыміліся ў агнёх.

Хіснуўся лёс Ваалаў,

І выпаў яго шчыт —

Разбілася навала

Аб Ленінскі граніт.

 

 

*

 

Былі гады змагання

На грані двух эпох.

Кастрычніцкіх паўстанняў

Ніхто не перамог.

Ірдзее сцяг чырвоны,

Як водбліскі зарніц,

А творчаму разгону

Канца няма, граніц.

У ясныя прасторы

Вандруюць нашы дні,

І ўжо гараць, як зоры,

Дняпроўскія агні.

Скарылася стыхія,

Змяніла свой абраз, —

Убачылі й сляпыя,

Што значыць воля мас.

Хоць шлях наш і цярністы,

І труднасцей — мільён,

Ды явай прамяністай

Нас вабіць яснасць дзён.

Праходзіць год за годам,

Выводзіць гмах муроў...

Жывіце ж вы, паходы

Тытанаў-змагароў!

 

24/Х 1932


24.10.1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938