epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Да Германіі

Германія, чуеш? Блізяцца громы,

А хмары гусцеюць штодзень,

І ўюцца маланкі над тваім домам.

Знай: фюрэр твой — пусташ і тлень.

Германія, бачыш? Неба цямнее,

І гнецца пад ветрам лаза;

Ты ж сеяла вецер, і вецер мацнее —

К табе падыходзіць граза.

Дарма ты бандыта вывела ў людзі,

І пляскала ў ладкі яму:

Улады над светам немцам не будзе —

Вядзе цябе Гітлер у цьму.

Нянавісць, пракляцце ты прыдабыла

Народаў вялікіх, малых.

Ты стала варожай, цёмнаю сілай,

Краінаю «фрыцаў» пустых.

Не возьмеш ты шчасця, долі разбоем, —

Адпомсціць пралітая кроў.

Разбойнікі ў свеце лад не пастрояць

На звоне адным ланцугоў.

Раскрый жа сляпыя, мутныя вочы

І змый з свайго цела ты бруд.

Германія, чуеш голас прарочы?

Суроў над табой будзе суд.

 

19/VI 1942


19.06.1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945