epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Да дня XX гадавіны Кастрычніка

Сцягоў агністых мора

Струменіцца ў прасторы,

Як сонечны прамень.

Над радаснай краінай

Расквечанай пуцінай

Ідзе наш ясны дзень.

Раскатам мнагаструнным,

Узнімным, дружным, юным

Грыміць з ім песень хор.

Выходзь, народ працоўны,

Вітай свой дзень цудоўны,

Што даў табе прастор.

Успомні час бурлівы,

Як геній празарлівы

Склікаў цябе на бой...

Разбіты ўсе аковы.

Як золак, шлях ружовы

Разгорнут прад табой.

Вялікаму з вялікіх

  На мовах мнагалікіх

Нясём мы песень дар,

І тым, хто ў дні паўстання

За праўду на змаганне

Нёс ленінскі штандар.

Сцягі, агні, як зоры,

Струменяцца ў прасторы,

Іграюць, як прамень;

Над вольнаю краінай

Прасторнаю пуцінай

Ідзе наш ясны дзень.

 

16/Х 1937


16.10.1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938