epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Да працы!

Браты! Вялікая дарога

Чакае нас і родны край —

Жніво настала, працы многа, —

Навукі семя засявай!

 

Святло нясеце — ў мроку дрэмле

Наш мілы край, наш родны кут.

Хай уваскрэснуць нашы землі,

Няхай асветліцца наш люд.

 

Дапомаж Бог вам у прыгодзе!

Не царскі біч, не панскі хам,

Хай будзе лад ў сваёй гасподзе

Ствараць народ-уладца сам.

 

1917


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938