* * *
Дай зірну ў сваё ваконца —
Снег і снег вакол, зіма.
І нейк цесна, як ў палонцы,
Ўсё цяжэй звісае цьма.
Там, за ярам, лес дубовы
Чуць сінеецца праз бель.
Не чутно ніякай мовы,
Ўсюды белая пасцель.
І стаяць маўкліва хаты,
Ў яр упёрліся двары.
Ўсё маўчыць, бы сон закляты
Навялі тут ведзьмары.
Толькі зрэдку між крыжамі
Разгалосіцца ўдава,
Ды ў яру дзесь вечарамі
Свішча жудасна сава.
І над гэтаю магілай
Жыцця цёмнага людзей
Гостры жуд таемнай сілай
Налягае ўсё цяжэй.
25/ХІІ 1919