epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дамок наводшыбе

Прысвячаецца П. Броўку

Стаіць дамок наводшыбе адзін –

Другіх дамкоў двух не лічу я, –

Вакол сцяна агромністых ялін,

Паляначка, дзе родзіць нават кмін

Ды часам пах зуброўкі заначуе.

 

Бярозкі пышныя, надзеўшы свой убор,

З цікавасцю глядзяць у вокны хаты

І раніцай, чуць бляск пагасне зор,

Чародкай белаю шумяць і будзяць двор:

          Прачніцеся – унь дзень плыве крылаты!

 

Пачуўшы голас – шум бярозак за акном,

Руплівы гаспадар абуджваецца першы.

Ручнік бярэ, спакойны за свой дом,

На Свіслач мыцца смаліць перуном

Ды думае ў дарозе ўсё пра вершы.

 

Апошняя страфа – не цешыць штось яна:

Няма ў ёй вастрыні і вобразнасці свежай,

І словы сцёртыя, і думка не ясна,

А трэба, каб гуло, як звонкая струна

          Пад новаю музычнаю адзежай.

 

Пакуль у Свіслачы паплавае пясняр,

Ды і гімнастыкай у ёй не паганьбуе,

Глядзіш – і знік, апаў з душы цяжар,

Цяпер на месцы ўсё, прыходзь дамоў і жар, –

Ужо страфа паэта не турбуе.

 

На варце доміка і іншага дабра,

Хоць скарб у ім, сказаць папраўдзе, дробны,

Стаіць дзед Хмыз з калгаснага двара,

Стары вусач са стрэльбай на «ура» –

          Да маршала Будзённага падобны.

 

Паблізу доміка, супроць акон

Раскінуўся маленькі агародзік.

Сам гаспадар яго ўскапаў, бо любіць ён

Хадзіць каля зямлі, такі ўжо наш закон,

І працаваць на ёй ніколі не пашкодзіць,

 

Хіба яму патрэбны агуркі,

Цыбулі кусцікі, сланечнік ці салата?

Ды Божа крый, – нахіл ужо такі,

Так прадзеды рабілі і бацькі,

          І тым жылі наш род і наша хата.

 

Вось так, чаргуючы адно з другім –

Работу на зямлі з работай на паперы,

Жыве пясняр пустэльнікам святым

У лесе-гушчары, пад небам веснавым,

Не трацячы нідзе пачуцця меры.

 

Мой даўні друг, мой мілы Петрусёк!

Надыдзе час, мы твой спакой парушым,

І гэты час не так ужо далёк:

Зашыемся ціхусенька ў куток

          І пляшачку «амброзіі» раздушым.

 

17/VI 1955


17.06.1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4