epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Дарога..."

Ад кургана да кургана,

Ад гаю да гаю

У пяць нітак легла цьмяна

Дарога крывая.

 

То лясок, то луг, то поле,

То лужок зялёны...

Эх, прастор! Эх, воля, воля

І балот разгоны!

 

І куды бяжыш, дарога,

Тканка ног і кола?

Ды маўчыць пуцінка строга,

Не гавораць долы.

 

 

Ну што ж? Далей, гайда далей,

За узгоркі тыя!

Не стрымацца нам: мы — хвалі

Ціхія рачныя.

 

16/ХІ 1916


16.11.1916

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938