«Раскажы пра што нам, дзедка!
Ты на свеце многа жыў.
Бачыў гора, шчасце рэдка,
Бачыў многа ўсякіх дзіў».
«Ох, ўсяго я бачыў, дзеці! —
Кашлянуўшы, сказаў дзед.—
І пажыў-такі на свеце,
Бачыў гора, знаю свет.
Ох, прайшлі гады ўжо тыя,
Няхай не вернуцца яны:
То гады — гады ліхія,
Гады паншчыны, вайны.
.........................................
Цяпер усякі каня мае,
На назе ёсць добры бот,
Хлеба ўсякага хватае,
Ёсць і грошы на абыход.
А даўней тры пары ботаў
Ў нас было на ўсё сяло.
Колька тых было клапотаў!
Кепска жыць тагды было!
Гналі к пану на работу!
Вот дзе мучыўся народ!
Працавалі мы да поту
На панску кішэню ды на рот.
Як ляпей было для пана,
Дык ён гэтак і рабіў.
Пастуха свайго Сцяпана
Ён на смерць такі забіў.
Аддаваў пан сам ў салдаты,
Суд і кару учыняў,
Браў на работу па тры з хаты,
Дзяцей з бацькамі разлучаў.
Многа вынес народ гора,
Многа горкіх слёз праліў,
Каб сабраць іх, было б мора,
Ўсіх паноў бы патапіў».
Автор белорус К.М.Мицкевич
[1898–1902]