epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Дні ідуць за днямі..."

* * *

 

Дні ідуць за днямі,

Уцякаюць годы,

А за намі следам

Цягнуцца нягоды.

Тчом мы павуцінку

Радасці і шчасця.

А павее вецер

Холадам нянасця,

 

І парвуцца ткані,

Разляцяцца прахам,

І прад невядомым

Зноў стаіш са страхам.

 

  *

Знаць, ужо спрадвеку

Доля нам такая:

Ліха знойдзе ўсюды,

Шчасце ж уцякае.

 

[1910]


[1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910