epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Доктар памог

I
II
III


I

 

Смачна спіць Лукаш на печы,

Ў сцену ўпёршыся нагой,

Парыць спіну, грэе плечы,

Грае носам, як дудой...

Што за ліха? Спіць, а чуе

Нейкі енк, бы з-пад зямлі,

Як бы плача хто, гаруе

Або дух чый занялі.

Цёмна ў хаце. Ноч глухая.

          Вецер ходзіць за сцяной.

Енк жа гэты не сціхае:

– О-о-ё-ёй! Ох, о-ё-ёй!

Працірае Лукаш вочы,

Паднімае галаву.

Што за ліха? Хто скагоча?

Як бы душыць хто саву!

Зноў пачуўся енк у хаце,

Тут і сам ён застагнаў.

 

Лукаш

 

Ты, ці што, там енчыш, маці?

 

Кася

 

Я!.. Ой, цяжка, каб ты знаў!

Я, Лукашка, я, саколю!..

Аж заходжуся ад болю!..

О-ё-ёй!

 

Лукаш

 

Што, зноў жывот?..

І так кожны Божы год!

 

Бадай яе ліха

З гэтаю хваробай!

Вось тут і гадай ты,

Патыліцу скробай!

                От дзе кара Божа!..

Ноч, слоць, бездарожжа!..

 

З печы злез Лукаш сярдзіты,

Шлёпнуў босаю нагой,

Спатыкнуўся на карыта,

Ў прыпек грукнуў галавой,

Выграб з ямкі вугляў пару,

Скачуць іскры – злосна дзьме,

Толькі грае бляск ад жару

І дрыжыць у нуднай цьме.

          Запаліў Лукаш газніцу,

Хатку цьмяна асвятліў.

Злосць і шкода маладзіцы:

Ці ж яе ён не лячыў?

Ці не ездзіў па знахарках,

Абармотах-знахарох?

Ды што толку ў недавярках?

Хоць адзін з іх ці памог?

Толькі грошы йшлі, як сліна,

Йшлі, а помачы няма.

 

Лукаш

 

Што з табою, Кацярына?

 

Жонка

 

Ох, не ведаю сама.

Ўсё баліць ва мне, Лукашка.

То ў жар кідае, то ў пот.

Так мне кепска, так мне цяжка!

Рве і тузае жывот.

 

Лукаш

 

А мо ліпаў цвет паможа

Ці румянак з чабаром?..

Падарвалася, нябожа,

Што ўсё енчыш з жыватом.

 

Моцна жонка заняпала,

Падкасіла яе хвор.

Лукашу відочна стала,

Што не вылечыць чабор.

Змянілася жонка з твару:

Вочы ўпалі, вытырк нос,

Шчокі чырваны ад жару,

Холад нейкі яе трос.

 

 

II

 

А тым часам і світала,

Як Лукаш запрог каня.

          Пазавугаллю гуляла

Віславухая свіння.

Ціха весніцы скрыпелі,

Мерна біў у току цэп,

Жорны басам песню пелі,

Церлі зернеты на хлеб.

Чуўся гоман каля студні,

Вёдзер стук, дзявочы смех,

І гудзеў ужо у кузні

Кавалёў хрыпаты мех.

 

Восень позняя стаяла –

Час нягоды, халадоў.

Непрытульна пазірала

З-пад туманаў даль палёў.

З нізкіх сівых хмар, як слёзы,

Дожджык падаў, вецер выў

Ды гудзелі глуха лозы.

Лес маркотна гаманіў.

Цьмяна, глуха, як у скрынцы, –

Недалёка, знаць, зіма.

          Між прысадаў на гасцінцы

Нікагусенька няма.

Хто паедзе ў слоць такую?

Хіба гэтака душа,

Што патрэбу мае злую,

Як, сказаць, у Лукаша.

 

Едзе ён адзін душою,

Закруціўшыся ў бурнос.

Конік клыгае ступою,

Гразь плюскоча з-пад калёс.

          Ён не ў гумары, сярдзіты,

Долю горкую кляне:

«Доля, доля, прападзі ты,

Адчапіся ад мяне!

Ось была яшчэ дзе кара –

Каб яно пайшло агнём!

Дарма лясне рублёў пара –

Счысціць хвор яе мне дом!

 

А ці будзе помач тая,

Грошы сып, не пазірай.

          Фельчар здорава здзірае, –

Мусіш даць, як ні віляй».

 

Фельчар жыў не так далёка.

Гэта быў стары дзядок.

Ён лячыў усіх «на вока»:

Раіў хіны парашок,

Соль люберскую, рыцыну

Ад ўсіх боляў ужываў,

Майстар быў ён зрэзаць спіну, –

Адным словам, памагаў.

          Праз якіх дзве-тры гадзіны

Едзе з ім Лукаш у двор,

А у беднай Кацярыны

Разрастаецца ўсё хвор:

 

Стогне, енчыць беспрастанку

Пад дзяружкаю старой.

Не сціхае боль ад ранку,

Толькі й чуеш – о-ё-ёй!

Фельчар зараз распрануўся,

З торбы струманты дастаў,

          І Лукаш не аглянуўся,

Як ён банак насмаляў,

Зрэзаў спіну, і не знайся.

 

– Жыва будзеш, не памрэш,

Ачуняеш, не пужайся,

Кучу хлопцаў навядзеш.

Парашкоў не ўзяў з сабою,

Дык прышлю на злотых пяць.

Выпʼеш – зніме як рукою,

Пойдзеш – дошкі зарыпяць!

 

 

III

 

Мокры, злосны і галодны

Стаў Лукаш на свой парог,

Азірнуў ён кут свой родны,

Свой нярадасны бярлог.

Азірнуў – і што за дзіва?!

Проста хаты не пазнаць:

Жонка зорыць так шчасліва,

Крыку, енку не чуваць;

Хусткай чорнаю закрыта

Каля хворае акно;

          Стол і лавы – ўсё памыта.

Што б то значыла яно?

У парадку ўсё, прыбрана,

Як бы Коляды прыйшлі,

І абрусам стол засланы,

Як у свята, да зямлі.

Не адходзячы ад клямкі,

Грозна ён глядзіць у кут.

Лукашу зусім няўцямкі,

Чаго бабка снуе тут.

          Бабка ў хаце – гаспадыня

І за ўсім сама глядзіць,

Ўсюды вока сваё кіне,

Ўсё ў руках яе кіпіць,

Робіць жыва ды рухава,

На ёй белы хвартушок,

Пазакасаны рукавы,

Хустка скручана ў кружок.

Ён яе перш не замеціў

І стаіць, як бы той слуп,

Ціха ў хаце, змоўклі дзеці,

Ў бабкі смех не сходзіць з губ.

 

Лукаш

 

Што вы ўсе папруцянелі?

Ці батрак я вам? Слуга?

І ў той момант на пасцелі

Чуе ён – «куга! Ку-га!»

Тут Лукаш ступіў два крокі,

Грукнуў шапкаю аб печ,

Злосна зняў бурнос шырокі:

        – Трэба рэзаць вас і сеч! –

        Загукаў ён сярод хаты,

Бровы ссунуўшы на нос. –

 

І чаго ж мяне лазаты

Чорт па фельчара панёс?!

Гаварыла б, што радзіны,

Га, каб вас пабіў пярун!

А то не, лячы ім спіны...

Трасца трэба вам, бізун!

Я гайсаю, як сабака,

Ад паўночы да паўдня,

          Мокну, гнуся у кульбаку,

Сорак раз зганяў каня.

А той чорт і рад, халера,

Недавярак, лысы пень!

Што яму, сабачча вера,

Каб ён спух у гэты дзень!

Бабка нораў яго знае:

Толькі б момант улучыць –

Пройдзе злосць яго пустая, –

Няхай лаецца, крычыць.

 

А Лукаш у гнеў ўваходзіць,

Хмурыць бровы, зубы сцяў

І вачамі грозна водзіць,

Хто б пад злосць яму папаў.

Вось папругу ён знімае –

Пра лякарствы і забыў:

Ці ў кішэнь, ці чорт іх знае,

Ці куды ён залажыў?

Толькі ён расперазаўся –

І бутэлечкі дзын-дзын!

          Лукашоў тут гнеў прарваўся:

– Вот як я іх, чортаў сын!

Вот як! Вот як! – ходзяць боты,

Як калёсы з-пад гармат.

– Прападай чатыры злоты!

Падавіся імі, гад!

 

Бабка

 

Ах, Лукаш! Які паспешны!

Даў прыбытак яму Бог...

Ты, Лукаш, сапраўды, смешны,

А вось доктар і памог!

 

Бабка хітра так міргае,

І Лукаш адразу звяў:

«А мо й праўда, чорт іх знае!..»

Гнеў яго увесь апаў.

Ён і сам быў рад, прызнацца,

Што такі канец Бог даў.

Толькі ж брыдка зразу здацца.

 

Бабка

 

Ты б наўперад запытаў

(Бабка бліжай наступае,

А Лукаш даў крок назад)

        Сын ці дочка? А то лае...

Сам ва ўсім ты вінават.

Гэт, патрэбны твае страхі.

Ух, як страшна, а-я-яй!

 

У бабулькі тут з-пад пахі

Вытырк бутлі светлы край.

 

Бабка

 

Вось ідзі зірні на сына:

Ўвесь як ты, каб я жыла!

 

Гэта добрая навіна

Ў радасць бацьку прывяла.

 

Лукаш

 

Ты, бабулька, малайчына!

Я даўно ўжо так казаў...

Выпʼем, бабка, каб Бог сына,

Каб усіх нас гадаваў!

 

1909,

[1929]


[1929]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4