epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Доля батрачкі

Маці ў службу выпраўляе

Родную дзяціну,

Выпраўляючы, хавае

Горкую слязіну.

 

– Будзь паслушная, дачушка, –

Навучае матка,

– Дагаджай чужым ты, служка,

Ды цярпі, дзіцятка!

 

Не адзін раз твае вочкі

Заплывуць слязою.

Твая доля цямней ночкі –

Цяжка быць слугою!

 

Бо не ўважыць чужаніца

Ручак тваіх белых,

Поту выльецца крыніца

З шчочак загарэлых.

 

Ўстанеш летам раней зоркі,

Пойдзеш перша ў поле...

Ох, дачушка, хлеб твой горкі,

Горка твая доля!

 

Маці дочку разважае,

Сябе цешыць стара,

Жаль да сэрца падступае,

Як чорная хмара.

 

Вось дзяўчына ўжо гатова,

Пакідае хатку.

– Ну, матулька, будзь здарова!

І цалуе матку.

 

– Ну, бывай!.. – І не ўтрывала

Бедная матуля.

Жаль слязамі ёй прарвала,

Твар да дочкі туліць.

 

Выйшла маці ўслед за ёю,

Стала ля парогу

І, падпёршы твар рукою,

Зорыць на дарогу,

 

На дарогу-пуцявіну –

Там яе Гануля, –

Ды за слёзкаю слязіну

Роніць-лье матуля.

 

Доўга матка так глядзела,

Дочку праважала,

Покі хустка яе бела

З вочак не прапала.

 

1908


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910