Гора-ліха па лесе брыло
У нядобрай прыгодзе:
Моцна дроздзіку нехта крыло
Пакалечыў, пашкодзіў.
І не можа цяпер, небарак,
На галінку ўзляцеці.
Хіба можна яго кінуць так
Марна гінуць на свеце?
Зловіць воўк яго, цапне лісок
Ці сабака злы гончы.
Ён забіўся ў густы верасок,
Каб жыццё там закончыць.
Шкода стала Міхасю да слёз,
Чуць над ім не заплакаў.
З лесу дроздзіка ў хату прынёс —
Палячыць небараку.
Пасадзіў у пачэсны куток
На шырокім услоне.
«Ты не бойся, мой дроздзік-браток!»
І назваў яго «Дронік».
І хадзіў і лячыў ён яго,
Даглядаў, ну, як брата;
Ягад, хлеба яму і ўсяго
Зносіў шчодра, багата.
Нават хатку зрабіў ён яму
З вераска, голек, моху.
Але Дронік памёр пад зіму.
Бедаваў Міхась, вохаў.
Збудаваў ён з фанеры труну
І злажыў яму вершы:
«Бедны Дронік навекі заснуў.
Спі, без часу памершы!»
І насыпаў курган пад акном,
Напісаў яшчэ гэтак:
«Спачывай жа спакойным тут сном
У садку сярод кветак».
1939