З гары на ніз скаціўся жолуд;
Ў зямлі нашоў сабе прыпынак
(Быдлячы след – яго будынак).
Сцярпеў ён першы зімні холад.
Прайшло дзесяткаў пяць гадоў,
Разросся дуб на удзіўленне –
Глыбока ўніз пусціў карэнне.
Ні жары, ні халадоў, –
Нічога дуб той не баяўся
І год ад году разрастаўся.
У месцы тым, дзе дуб разросся,
Ляталі пчолы, матылёчкі.
Ад кветак імпат так і нёсся,
Як зоркі, іх блішчалі вочкі:
Якіх тут кветак не было!
Цвілі фіялкі там вясною,
Чабор, румянак паласою
Бялеў над маткаю зямлёю.
А дуб расце, штогод таўсцее,
На бок ён лапы раскідае
І кветкам сонца закрывае,
А без сонца кветка млее,
У цяні яна ссыхае.
Доўга думаў дуб сукаты,
Як бы з свету кветкі звесці,
Каб не гуў тут чмель пракляты,
Каб не бегалі дзяўчаты
Вянкі ў свята з кветак плесці,
Каб і песень не спявалі,
Каб і птушкі не ляталі,
Ды не дасць ён рады кветкам.
Хоць за дубам не растуць,
А за поўвертня цвітуць
І гуляць к сабе завуць –
Добра з імі малым дзеткам.
Над дубам вецер злітаваўся:
Нанёс туды ён палыну,
Чартапалоху, драсяну.
Палын, як бачыш, разрастаўся
І кветкі бедныя глушыў,
А пад старасць дуб загніў.
Ў яго жрале вядуцца совы,
У карэннях вуж нашоў прыют...
І глуха, і дзіка стала тут,
І не чутно людское мовы.
У тым краю, дзе свету мала,
Заўсёды гэтак і бывала:
Што ў пользу людзям, то таўчэцца,
А паскудства астаецца.
Красавік, 1907