epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дуб

Многа лет і зім дуб стаяў стары,

Комель-стан пахіліўшы на воду.

На вяршаліне з даўняй той пары

Збудаваў на ім бусел гасподу.

 

А прыгож быў дуб, над дубамі дуб,

У красе паўнацветнай і сіле:

Комель — сталь-крамень; кучаравы чуб

Красаваўся на цэлыя мілі.

  Гадавала яго, не спускала з рук

        Маці дбалая — мудрасць-прырода,

І дала яму багатырскі сук,

Каб нахіл зраўнаважыць на воду.

 

Унізе пад ім, нібы сок-янтар,

Свіслач родная павівалася,

Гаманіла з ім у палоне чар,

Бы каханая, прытулялася.

 

А над Свіслаччу скрозь прагалы груш

Выглядала старэнькая хатка.

Жыў тут дзед Андрэй, яшчэ крэпак, дуж,

        Хоць мінула другая трыццатка.

 

Дзед любіў свой кут і любіў садок,

Узгадованы ўласнай рукою.

І пражыў ён тут не адзін гадок,

Зжыўся з дубам і з буслам, з ракою.

 

У ліпнёвы дзень, у вячэрні час,

Калі першыя зоркі засвецяць,

Выйдзе ён на двор, уздыхне не раз —

Так дзівосна ўсё створана ў свеце.

 

Свіслач дзень і ноч гоніць срэбра хваль

        Ды шушукае з кусцікам ніцым.

Дзесь удалечы, нібы жар каваль,

Хмара дзьмухае іскры-зарніцы.

 

І такая ціш, бо на тое ноч,

Каб спакой мелі людзі, стварэнні.

Пахіліўшыся над вадой наўзбоч,

Дуб, як волат, стаіць у зняменні.

 

Бусел нанач сеў ды сніць сны ў гняздзе

І маўчыць, як мудрэц ці той змоўнік.

А як хораша сцеле бляск вадзе

        Неразгаданы месяц-вандроўнік.

 

У знямелай мжы тонуць лес, кусты,

А дубы нібы моляцца Богу.

Урачыстасць, сон і спакой святы

Запынілі сваю тут дарогу.

Дзед глядзіць на ўсё, сам сабе кіўне,

І на сэрцы так лёгка ў Андрэя,

І ў душы яго, дзесь на самым дне,

Іскра згоды з прыродаю тлее.

 

Дзень ішоў за днём. Змоўк звон кос. Стагі,

        Нібы вежы, па Свіслачы ўсталі,

І час восеньскай глухаты-смугі

Варажылі маўклівыя далі.

 

Бусел кінуў дом і з усёй сямʼёй

Скіраваўся на поўдзень у вырай.

Дуб адзін стаіць ды шуміць ліствой,

Ды разводзіць галінамі шырай.

 

І не ведаў дуб, бусел, дзед Андрэй,

Што над імі бяда вяжа сеці.

Не згадаць жа ім, не прадчуць падзей,

        Каб сляды і хады іх прымеціць.

 

Была раніца, і на небе ледзь

Зараніцы вясёлка займалася,

І на Свіслачы забрымела медзь —

Чырвань неба у ёй умывалася.

 

А там, з захаду, разнімае шчыт

Над зямлёю грымотная хмара,

Грыва ўся ў агні, блізка гром гучыць,

І распрыжыўся раптам ударам.

 

Кончыў дзед Андрэй свой паход-абход,

        Міма дуба ідзе, разважае.

Што за дзіва? Зірк — бачыць іскр узлёт,

Гул гудзе ў жарале і дужае.

 

Валіць з дуба дым. Угары агні,

Нібы стужкі чырвоныя, скачуць.

Стогне волат-дуб. А на ліст зірні,

На галіны... Ды лепш бы не бачыць!

 

Страпянуўся дзед, ды на двор кулём —

Можа ён яшчэ дуб уратуе!

І бяжыць назад дзед Андрэй з вядром

        І на дуб ён вады не шкадуе.

Воду лье ды лье, а ў дупле гудзе,

І пякельны агонь яго ліжа.

Эх, спазніўся дзед памагчы ў бядзе:

Дуб схіляецца... ніжай і ніжай.

 

Глуха крэкнуў дуб пры сырой зямлі,

Здрыгануўся апаленым целам.

Быццам грымнуў гром у глухім камлі —

Дуб у Свіслач зваліўся, знямелы.

 

І вяршаліну, і гняздо на ёй

        Абняла Свіслач, маці старая.

Багатырскі сук плашч развесіў свой,

Як нябожчыка, дуб прыкрывае.

 

Дзед стаіць, глядзіць: замест дуба — труп

Ды прагаліна свеціць пустая,

Чорны пень тырчыць, як старэчы зуб,

І, здаецца, аб чымсьці пытае.

 

Час бяжыць, плыве. І прайшла зіма,

Зноў павеяла далеч вясною.

Ажыла зямля, дуба ж тут няма —

        Незаняты прастор над ракою.

 

Абудзіўся лес, зацвітае луг,

Бусел з выраю к дубу вітае.

Прыляцеў, зірнуў — дзе ж падзеўся друг?

Дзе гаспода, хароміна тая?

 

Робяць круг буслы па-над месцам тым,

Дзе стаяў дуб стары з іх гасподай.

Пазірае дзед, спачувае ім: —

Эх, бяздомнікі, як жа вас шкода!

 

Так ляталі дзень, так кружылі два

        Ды на хвою паблізу прыселі.

Пагадалі штось, а праз дзень давай

Зносіць голькі для новай пасцелі.

 

Пазірае дзед, не знаходзіць слоў,

Каб акрэсліць сваё захапленне.

Павучыся, брат, ты у іх, буслоў, —

І разумнае ж гэта стварэнне!

Плынь плыве-цячэ, гоніць срэбра хваль

І ні ў кога дарог не пытае,

А старое ўсё глыбей тоне ў даль,

        І нанова зямля зацвітае.

 

14/ХІІ 1941


14.12.1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945