Хадзіў па свеце дудар. Ён умеў спяваць такія добрыя песні і так прыгожа іграў на дудзе, што яго заўсёды слухалі з вялікай цікавасцю.
І далёка хадзіла па свеце слава аб гэтым дудару.
І калі гэты дудар зʼяўляўся сярод людзей, то людзі схадзіліся да яго паслухаць песні.
Дудар спяваў славу свайго народу, яго радасці і гора і зваў людзей да лепшага жыцця, да змагання з тым злом, якое неслі другія людзі таму народу, да якога належаў і сам дудар.
Людзі чулі праўду ў песнях і ў музыцы дудара і слухалі яго.
Дачуўся адзін выдатны і багаты пан пра гэтага дудара.
Прывялі слугі дудара да пана.
— Хто табе даў права спяваць такія песні? — спытаў яго пан.
— Я спяваю тое, што ляжыць у мяне на сэрцы. Сэрца дано мне прыродаю, значыць сама прырода дала мне і гэтае права. Я не магу пайсці проціў свае прыроды.
— Можа твая і праўда, — адказаў пан, — але тады ты мусіш згадзіцца і са мною, бо мне таксама дала прырода сілу пасадзіць цябе ў склеп. Ты там спявай і грай на дудзе, колькі захочаш. А калі твае песні прабʼюцца праз склеп і даляцяць да мяне, тады я дам табе права хадзіць па свеце і спяваць людзям песні.
— Панок, — прасіў дудар, — не рабі ты гэтага, не ідзі ты проціў прыроды!
Не паслухаў пан дудара і пасадзіў яго ў склеп. Дудар пачаў іграць і спяваць свае песні ў глухіх мурах. Песні яго былі такія смутныя, што нават паветра плакала. Вецер падхапіў яго песні і панёс іх людзям. Знайшлі людзі свайго дудара і вызвалілі яго, а ў склеп пасадзілі пана.
Праз больш-менш доўгі ці кароткі час людзі выпусцілі і пана. І сказалі яму:
— Наш дудар меў прыроднае права спяваць, і ты не мог мець над ім свае волі. І што дано чалавеку прыродаю, таго не адбярэ чалавек.
[1922]