Ой вы, думкі, думкі,
Сэрца майго раны!
Ці вы мае дзеці,
Ці вы кім насланы?
Што ж вы завіліся
Віхрам нада мною,
І няма ніколі
Мне ад вас спакою?
Рад бы я не думаць
І не знацца з вамі,
Ды без запытання
Плывяце вы самі,
Плача маё сэрца,
Хоць без слёз, ды горка,
Як пачнецца ваша
Смутная гаворка.
І на маю душу
Леглі вы туманам,
Мітуслівым роем,
Смутным караванам.
Ой вы, мае думкі!
Ці вы кім зражоны,
Што так невясёлы,
Што так засмучоны?
Рад бы я не думаць
І не знацца з вамі,
Толькі ж проці волі
Плывяце вы самі.
[1909]