epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Думкі ўюцца, томяць грудзі..."

* * *

 

Думкі ўюцца, томяць грудзі –

Волі хочацца і ім, –

Хочуць песняй стаць лагоднай,

Мілым дзіцяткам маім.

 

Цяжка з імі жыць замкнута,

У начной хаваць цішы,

Цесна думкам, цесна бедным,

Хочуць выліцца з душы.

 

Ўюцца думкі смутным роем,

Хочуць выбіцца на свет.

Дык ляціце, сэрца дзеці,

На паперку кіньце след!

 

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910