Усюды так ціхусенька,
Спакой такі наўкруг!
У небе хмаркі светлыя
Плывуць, плывуць, як пух.
Так весела ў каменьчыках
Балбоча ручаёк,
А там, як броў дзявочая,
Цямнеецца лясок.
Усюды ціха-хораша,
Як хораша вясной!
Што ж вочы мне туманяцца,
Туманяцца слязой?
Чаму ж мне так нявесела?–
Сябе пытаю я.
Нявесела, бо скончана,
Прайшла вясна мая!
Стаю адзін дый думаю,
Што здарыцца са мной?
Што жджэ мяне наперадзе?
І... плачу над сабой.
[1910]