epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дурань

Было ў бацькі тры сыны: два разумныя, а трэці, самы меншы, дурань. Пакуль жыў-быў бацька, усе яны жылі разам. Бацька заступаўся за свайго меншага сына, як браты пачыналі яго крыўдзіць. Жыў ён і вялікага гора не знаў. Але памёр бацька, падзяліліся старшыя браты, а меншага, дурня, выгналі з хаты. Заплакаў дурань, выйшаўшы на двор, пастаяў на вуліцы, кінуў вокам ва ўсе бакі і пайшоў куды вочы глядзяць.

Доўга ішоў дурань. Нарэшце зайшоў ён у лес. На дарозе сядзела малое ваўчанё і нудна скавытала.

— Эх, брат, — кажа дурань, — і цябе, мусіць, выгналі браты, як і мяне, вон з дому. Ну, што ж? Годзе плакаць. Давай, брат, будзем разам гараваць!

І дурань завязаў малому ваўчку аборку на шыю і павёў за сабою. Усё лета хадзілі яны разам, і дзікі ваўчок прывык да дурня. Дурань карміў яго тым, што і сам еў. Пад восень маленькі ваўчок зрабіўся вялікім воўкам і бегаў за дурнем, як сабака.

— Ну, — кажа раз дурань, — годзе, брат, нам без работы цягацца — пара і за дзела!

Накупляў дурань авечых ножніц, навязаў іх ваўку за шыю і прыходзяць такім парадкам да дурневых братоў. Ніводнага брата не было дома — адны толькі іх жонкі засталіся.

— Што гэта ў цябе за сабака? — пытае адна братава ў дурня.

— А гэта стрыгунчык, — адказвае дурань, — ён надта добра авец стрыжэ.

А ў братавай якраз авечкі не стрыжаны.

– Мо ты, галубок, пусціў бы яго да маіх авечак, яны ж якраз і не пастрыжаны.

– Чаму не? Можна, — кажа дурань.

Пусцілі воўка ў хлеў. Цераз гадзіну прыходзіць братава ў хлеў — усе авечкі перадушаны да адной, а воўк пазірае злымі вачыма з вугла і зубамі ляскае.

— Ну, што? Пастрыг авечкі? — пытае другая братава.

— Дзіва што пастрыг! Так пастрыг, што лепей і не трэба.

— Дык і я ж папрашу дурня, каб і да маіх авец пусціў ён стрыгуна.

Перадушыў воўк і другое стада.

Узяў дурань воўка, пайшоў у лес і пусціў яго на волю.

Прыехалі браты. Расказалі ім жонкі, якой шкоды нарабіў ім дурань. Кінуліся браты даганяць яго. Дагналі, злавілі, усадзілі ў мяшок і паняслі ў возера тапіць. Як падышлі яны да возера, тут толькі схамянуліся, што ў іх няма сякеры прасеч палонку.

— Збегай, браце, па сякеру!

— Не, ты схадзі: ты малодшы.

І завяліся, каму ісці па сякеру. А дурань ляжыць у мяшку ды слухае. Кінулі браты дурня на дарозе і пайшлі па сякеру. Як толькі яны адышліся, давай крычаць дурань на ўсю дарогу:

— Я не ўмею ні чытаць, ні пісаць, а мяне хочуць за караля абабраць!

Ехаў анучнік. Пачуў ён гэты крык, спыніў каня.

– Чаго ты крычыш? — пытае анучнік.

– А так і так, — кажа дурань, — чалавек я цёмны, няграматны. Які я кароль?!

– Ну, дык я граматны! Пусці мяне ў мяшок, — кажа анучнік, — з мяне будзе добры кароль.

– Ну, лезь!

Развязаў анучнік мяшок. Дурань вылез, а туды ўсадзіў жыда, завязаў яго, а сам сеў на яго воз, па кані — ды паехаў прадаваць мыла, іголкі, тутунь, тараны. А тым часам прыйшлі браты з сякераю і павалаклі беднага «караля» на лёд. Бачыць анучнік, што не туды ён папаў.

— Уй, гевулт! Сто ві гобіце?

— Ага! Жыдам загаварыў! Не, брат, дудкі!

Высеклі яны палонку і кінулі туды жыда.

А назаўтра прыязджае дурань у сваю вёску і прадае тараны і селядцы.

— Дзе ты набраў усяго гэтага? — дзівяцца браты.

– У возеры.

– Ці ж там ёсць коні і тавары?

– Колькі хочаш!

Кінуліся браты кулём да возера. Высеклі палонку. Перш палез старшы.

— Што, ёсць коні і тараны? — пытае меншы.

Адказу няма.

— Ось якім зайздросным зрабіўся і гаварыць не хоча, — думае меншы брат.

І... бабух у палонку!

Толькі іх і бачылі.

А дурань адзін гаспадаром зрабіўся.

 

[1906–1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7