Гулялі па полі два маразы, два родныя браты: мароз Сіні-нос і мароз Чырвоны-нос.
Гуляюць-пагульваюць маразы, адзін аднаго пахвальваючы. А ноч ясная-ясная. Прасторна маразам на волі. А ціха, так ціха, нібы жывой душы не засталося на свеце. Перабеглі маразы з поля на лес. Бегаюць, палускваюць, з дрэва на дрэва пераскокваюць, зайчыкаў палохаюць. З лесу ў вёску заскочылі і давай па даху страляць.
– Эге, – кажа мароз Сіні-нос, – усе пахаваліся, баяцца на двор вылезці.
– Няхай толькі вылезе хто: задамо яму страху, – адказвае мароз Чырвоны-нос.
Пачало развідняцца. Паваліў з комінаў дым густы. Заскрыпелі калодзежы. Павыходзілі мужчыны з хат. Хто малаціць пайшоў, хто ў лес па дровы збіраецца.
– Стой жа, брат, – сказаў мароз Чырвоны-нос. – Пабяжым жа мы на дарогу ў поле.
І пабеглі яны зноў у поле; стаяць, прытуліўшыся, падарожных чакаюць.
Заскрыпелі сані на дарозе. Зазваніў дзесь званочак пад дугою.
У санях селянін сядзіць, коніка паганяе. А ззаду за ім зухаўскі вазок плыве, званочак пазвоньвае.
– Ну чакайце ж вы, – кажа мароз Сіні-нос. – Ты бяжы за мужыком, а я за панам паганюся.
І пабеглі яны падарожных марозіць.
Доўга бег мароз Сіні-нос, пакуль пана дагнаў. Нарэшце дагнаў, пад футра залез, цяпло выганяе адтуль. Паціскаецца пан, ногі зябнуць, холад па целе пайшоў, панскі нос пасінеў. А мароз Сіні-нос толькі пасмейваецца. Ледзь да смерці пана не замарозіў.
А мароз Чырвоны-нос дагнаў селяніна і давай яго марозіць.
– Эге, мароз не жартуе, – кажа селялін. Злез ён з саней, бяжыць, нагамі тупае, рукамі аб плечы бʼе. Прабег так з паўвярсты, аж горача стала яму. Сеў сабе на сані, едзе – і гора мала.
– Ну пачакай ты, брат: прайму я цябе, як ты дровы сячы будзеш.
Заехаў чалавек у лес. А мароз Чырвоны-нос выперадзіў яго, у лесе чакае. Выпраг коніка селянін, сякеру ўзяў ды як пачаў секчы – горача стала яму. Скінуў кажух. А мароз і ўзрадаваўся: залез у кажух і давай там белыя кросны ткаць.
Зрабіўся кажух белы, як снег.
Насек дроў чалавек, да кажуха ідзе, а ён увесь абмёрз.
– Эге, браток, дык ты тут!
Узяў пугаўё ды як стаў малаціць – ледзь жывы выскачыў мароз Чырвоны-нос ды драла ў лес.
Узлаваўся мароз Чырвоны-нос на селяніна, але ніякай рады даць яму не можа.
[1906–1907, 1928]