epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дзяціныя годы

Зіма


Зіма

 

Эх, што ёсць мілей вас, дзяціныя годы?

І чым, як не вамі, ў часіну нягоды

Ты смутак развееш, думой ажывеш!

А ўспомніш, любыя, што вы ўжо ніколі

Не вернецесь знову да светлае долі,

Вас так пашкадуеш, так цяжка ўздыхнеш!..

Я помню, над рэчкай, пры саменькім лесе,

Стаяла пасада паводаль ад весі,

Адна, як сіротка, ў глыбокіх снягах.

Мне зімы у памяць запалі глыбока

І жыцце ў пасадзе, дзе я адзінока

З сякеркаю бегаў ў альховых кустах.

А ціха, як ціха бывае зімою, –

Бы неба малілась у згодзе з зямлёю,

Бы свята якое на землю сышло:

Чуваць, як на долы кладуцца сняжынкі,

Як з імі гамоняць сухія травінкі,

Каторым ўжо лета навекі прайшло.

А лес, што за рэчкай цягнуўся падковай,

Ціхусенька-ціха таемнаю мовай

Шумеў штось працяжна, а што? — не згадаць.

У посцілках снегу ялінкі малыя

Прыгожы зімою, бы панны якія

У хутрах саболіх так стройна стаяць.

А колькі раздолля было мне зімою!

Хоць я забаўляўся найбольш сам сабою,

А толькі ж ніколі тугі я не знаў.

Чуць толькі, бывала, на свет занялося,

Хадзіў я ў кампаніі дзядзькі Антося

На рэчку, дзе кошыкі дзядзька стаўляў.

Ідзеш цаліною па снезе, па лёду,

Па тых азярынах, дзе я не быў зроду.

А дзядзька сцігае, а дзе падбяжыць.

Я следам за дзядзькам, як вузел, качуся, —

Мароз паціскае, ды я не даюся;

А снег пад нагамі скрыпіць, рыгаціць.

Ідзём і гаворым, а з дзядзькам ніколі

Маўчаць ты не будзеш – ні дома, ні ў полі –

Дай Божа вам дзядзьку такога усім!

Вось загарадзь. Сталі. Сякерку вымае

З-за пояса дзядзька і снег аглядае:

Мо кошык патрэсен ўжо гадам якім?

Ды дзядзька спакойны – не кажа нічога,

Ўсё, значыць, ў парадку – надзея на Бога:

А вось можа, дасць Бог, заходзіць ў кашы!

Лапата па лёдзе ураз загучала,

Зарыгацела яна, запішчала

Срэдзь чыстага лугу ў зімовай цішы.

А потым сякерка закашляла ў лёдзе...

І весела, радасна – смейся ды годзе!

Я ўвесь заміраю –– вось ўздымецца буч.

А дзядзька спаважна адсоўвае крыгі;

Не жалуе дзядзька ні рук, ні фатыгі.

А мне не цярпіцца – скарэй жа, не муч!

Вот кошык узняўся і як страсянецца!

І обцас на бераг тут дзядзька нясецца.

Давольны, вясёлы: «Го-го, брат!» – крычыць.

Развязваем кош мы; не так памагаем

Адзін мы другому, а больш замінаем.

А рыба трапечацца ў кашы, аж гіжыць.

І далей другія бучы кантралюем,

А ўсе іх абыдзем — мяшок напіцуем.

Ад радасці дзядзька мой чуць не скакаў.

А Коляды прыйдуць – над святамі свята,

Саўсім адмянялась будзённая хата:

Здавалася, Бог сам тагды завітаў.

За тыдзень і болей я жыў Калядамі;

Апошнія дні мне цягнулісь гадамі –

Часінкі, мінуцінкі я вылічаў...

 

55 зап. батальён, 6 рота.

[1915]


[1915]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938