epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дзядзькаў сведка

I
II
III


I

 

 

Ухадзіўся з работаю дзядзька Марцін. Яшчэ на тым тыдні скончыў сеяць грэчку. Патраіў і папар пад жыта. А да касьбы яшчэ застаецца тыдні са два. Здаецца, можна было б і адпачыць трохі цяпер. Але адпачынкі не ў дзядзькавай натуры: цяпер якраз і аб зіме час паклапаціцца, дроў падгатаваць трэба. Няхай сабе падсыхаюць за лета.

Узяў дзядзька Марцін грошы, пайшоў у лясніцтва і купіў асігнату на сажань дроў. А назаўтра з раніцы засунуў за пояс спрытную сякеру, узяў разак, прыстасаваны такім парадкам, каб можна было ім аднаму пілаваць, і пайшоў у лес.

У лесе многа дроў, а вось як пачнеш меркаваць, то ўжо не такая простая рэч паставіць сажань дроў, як гэта можа здацца адразу. Трэба паставіць дровы так, каб і вывозіць іх з лесу было лёгка, каб і падʼехаць да іх латва было дый каб і знасіць было няцяжка. І калі пачнеш усё гэта браць пад увагу, то трэба такі парадкам патупаць па лесе, каб на добрае месца натрапіць. Але дзядзька Марцін ведаў лес добра, у лесе гадаваўся, жывёлу пасвіў, грыбы збіраў... Ды ці мала чаго бываць яму ў лесе здаралася! Яшчэ ідучы ў лес, нагледзеў сабе мясціну дзядзька Марцін, дзе дроў было многа, хоць трохі і далекавата.

За два дні работы нарэзаў, назбіраў дзядзька цэлую кучу дроў, а на трэці дзень пайшоў у сажань складаць. І месца добрае выбраў, грудок сухі. А каб ад зямлі не нацягала сырасці, падлажыў дзве палавінкі. Адзін бок сажню прыпёр да хвоі. Адмераў сажань ад хвоі і пачаў бярвенца ў зямлю забіваць, каб апора была дрывам з другога боку. І так гладка работа пайшла – ну, проста ахвота брала дзядзьку Марціна. Складаючы дровы, дзядзька Марцін думаў вось аб чым. Калі ён браў у лясніцтве асігнату, то сустрэўся там з абʼездчыкам Барбутовічам.

– Што, дровы стаўляць будеш, Марцін? – пацікавіўся Барбутовіч.

– А так, – кажа дзядзька Марцін, – трэба паставіць.

– У-гу! – буркнуў Барбутовіч.

Дзядзька Марцін ведаў, што Барбутовіч дагаварваўся, каб дзядзька зрабіў яму фундацыю. Ды дзе ж ты набярэшся на ўсякага лысага чорта? Дый з якой рацыі?

Але цяпер успомніў дзядзька гэтае спатканне і тую размову. Чапляцца будзе, гад, каб прыдрацца да чаго. Вось чаму дзядзька пільна сачыў, каб ніводнага палена не знайшлося такога, што б не падышло пад меру або перабрала гэтую меру. Злажыў сажань акуратненькі, бо не любіў рабіць абы-як. Калі і людзі не пабачаць яго, то самому ж паглядзець добра на сваю акуратную работу.

– Не, – сказаў сам сабе дзядзька Марцін, – не падкапаешся, брат! – І яшчэ раз зірнуў на дровы. Хацеў ужо дадому ісці. Аж глядзіць – Барбутовіч з лесу выходзіць. Падышоў і давай тыя дровы аглядаць. Да кожнага палена прыглядаўся – ды так прыглядаўся, як бы сярод іх знаходзіўся сваяк яго або добры прыяцель. Смех браў дзядзьку Марціна, як Барбутовіч аглядаў тыя дровы.

– А гэта што?! – сярдзіта спытаў Барбутовіч і ткнуў палкаю ў падпорку.

А падпорка была дубовая. Знайшоў дзядзька Марцін гэтую разгаціну, вілаватую, дубовую. На падпорку яна якраз і гадзілася.

– Падпорка, – адказвае дзядзька Марцін.

– Але ж гэта толькі верхавінка, а самы дубок дзе?

– А чорт яго бацьку ведае, дзе дубок. Гэта пану ўжо лепей ведаць, бо я лесу не пільную.

– Ты не пільнуеш, то я пільную. А за гэты дубок ты ў мяне паскачаш, галубок! – Так і сказаў, у тахту, складна сказаў. Дастаў з-за пазухі кніжку і пачаў запісваць.

А дзядзька Марцін, ужо сярдзіты, стаяў і казаў паціхеньку:

– Пішы сабе, пішы, няхай тваю шкуру чэрці спішуць.

На гэтым і разышліся. Барбутовіч у лес пасунуўся, а дзядзька Марцін дадому пайшоў.

 

 

II

 

Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Дзядзька Марцін і думаць перастаў пра сутычку з Барбутовічам. Сказаць па праўдзе, ён і значэння не прыдаваў гэтай сутычцы – глупства: Барбутовіч проста застрашваў яго, каб дзядзька не надта казырыўся перад ім і на згоду пайшоў. Карацей сказаць – Барбутовіч хацеў, каб дзядзька Марцін зафундаваў яму ўсё ж такі.

Урэшце дзядзька Марцін прыйшоў да думкі, што можа ён і паставіць Барбутовічу гэтую самую «фундацыю», бо мала што можа здарыцца – без лесу ж чалавеку цяжка быць. Дык лепш ужо ў згодзе жыць, няхай іх пярун пабʼе.

Мінулася лета, зноў вальнейшы час выдарыўся, дзядзька Марцін каля дому тупаў, збіраўся жыта на насенне акалаціць коп з пяць, а цяпер ток глінаю падмазваў. Аж прыходзіць да яго стараста Мацей Карнавух.

Паздароўкаліся.

– Тут, брат, ёсць для цябе карталюшка адна, – сказаў стараста і зняў шапку: у шапцы насіў ён свае паперы.

Здзівіўся і спалохаўся дзядзька Марцін, бо тыя карталюшкі, што разносіць стараста, нічога добрага не скажуць табе. А тым часам стараста ўзяў адну такую карталюшку, доўга прыглядаўся да яе, а потым сказаў:

– Здаецца, што гэтая, – і падаў Марціну паперку.

Дзядзька Марцін быў чалавек пісьменны. І рукі затрасліся ў яго, калі ён вычытаў: «Павестка». А калі далей стаў чытаць, то вычытаў, што земскі начальнік пазывае на суд за парубку дубка. На дваццаць чацвёртае верасня суд назначан.

Ссунуў дзядзька Марцін шапку на лоб, патыліцу пачухаў, а потым у вочы старасце зірнуў і з вялікім дакорам галавою патрос.

– А бадай на іх упадкі і паморак Бог наслаў! Ці ж ёсць на свеце тая праўда, браце Мацей? Ды які ж гэта дуб? Ды хто яго сек, каб тваю шкуру боль пасек! А бадай жа ты ў вадзе стаяў і піць прасіў! А каб ты па гары хадзіў ды сонца не бачыў! А каб вас халерыя павыдушвала! А каб ты выхвараў ды выстагнаў, абармоціна ліхая! – прыпыніў дзядзька сваё красамоўства, вочы ўніз спусціў.

Старасце часу не было слухаць усяго таго, што казаў дзядзька Марцін, а калі дзядзька Марцін хацеў расказаць, як справа была, то стараста адышоўся ўжо досыць далёка. Узрушаны дзядзька Марцін выйшаў на прыгумень, кісет дастаў і стаў папяросу вярцець. З вачэй сыпаліся іскры злосці, а мыслі заварушыліся шпарка-шпарка, і калі дзядзька Марцін выпусціў першы клубок дыму, то ў яго ўжо быў гатовы праект абароны на судзе. А калі абурэнне ўляглося, то дзядзька Марцін стаў больш спакойна абмяркоўваць гэты праект. Тое, што радзілася ў хвіліну злосці, у стане спакойнага разважання пачало развівацца, вырысоўвацца болей яскрава і пуката.

Гэты праект захапіў дзядзьку Марціна сваёю простасцю і ў той жа час непераможнаю сілаю свайго доваду. Так ён і зробіць. І цікава будзе паглядзець, куды дзене свае вочы гэты кусок басяка, Барбутовіч, калі дзядзька Марцін зробіць на судзе тое, што ён цяпер замысліў?

Дзядзька Марцін высока падняў галаву, згарнуў кулак, грозна падпёр ім адну ноздру, а ў другую так смаркнуў, што і пыл і ўсё тое, што было ў палавіне носа, разляцелася малюпасенечкімі пырскамі, а верабʼі ад страху шуганулі ў паветра і толькі на страсе суседскай клуні да памяці прыйшлі.

– Паглядзім, хто каго ў лапці абуе, – прамовіў дзядзька Марцін на прыгуменні.

Назаўтра ж пайшоў дзядзька Марцін у лес пад той сажань. Стаіць сабе ў лесе – і горачка мала. Але ўся ўвага дзядзькі Марціна спынілася на дубовай падпорцы, на той падпорцы, што і дала пачатак усёй гэтай справе. І каб людскае што: паршывенькі раскарака, пазіраць няма на што. І тут патрос галавою дзядзька Марцін і сказаў:

– І за такую брыду ў суд цягнуць!

Прынёс дзядзька другую падпорку, а гэтага раскараку з зямлі дастаў, яшчэ раз зірнуў на яго, а потым закінуў на плячо – і вагі ў ім было не больш як фунтаў пятнаццаць – і панёс дамоў. А калі сустрэўся Сцёпка Зажмура і спытаў, што гэта нясе дзядзька Марцін, то ён сказаў важна і сурʼёзна:

– Гэта, брат, сведка мой!

 

 

III

 

Кожны сведка звычайна карыстаецца пэўнаю павагаю ў тых, каму ён сведчыць збіраецца. І слова добрае скажуць яму, і чаркаю пачастуюць. І дзядзькаў сведка таксама ў пашане быў.

Па-першае, дзядзька Марцін нёс яго на сваіх плячах вёрст пяць з лесу, а па-другое, прынёсшы дамоў, адвёў яму месца ў клуні – і добрае месца: адзін канец пад страху падправіў, а другі над жытам звісаў, дзе і суха было і падыхаў чысты ветрык. На вольным ветрыку ён падсыхаў і рабіўся яшчэ больш мізэрны. Для чалавека гэта было б нядобра, а дубоваму чурбаку гэта найлепшая павага. Не было таго дня, каб дзядзька не падумаў пра свайго сведку, а прыйдзе ў клуню, то першым дзелам на яго зірне, як ён маецца там, пад страхою.

Адным словам, гэты дубовы чурбанок з часам набываў у вачах дзядзькі Марціна значэнне пэўнай асобы: гэта не толькі яго сведка, але нават і адвакат. Дзядзьку часамі прыходзіла ў галаву думка ачасаць крыху свайго сведку сякеркаю, каб ён меў больш шляхетны выгляд, бо яму ж прыйдзецца стаяць перад вачыма земскага начальніка, але ачэсваць яго ўсё ж не адважыўся: у яго ўласным адзенні і выглядзе больш натуральнасці, больш праўды, больш адпаведнасці самому факту.

У суботу 24 верасня, раненька, увайшоў дзядзька Марцін у клуню, палез на жыта і выцягнуў з-пад страхі свайго сведку.

– Пойдзем, брат, судзіцца!– палажыў на плячо і пайшоў на суд.

Азірнуўся дзядзька Марцін – нікога не відаць, загуменнем на дарогу выйшаў, уздыхнуў вальней і пайшоў. Да земскага начальніка трэба было вёрст 12 зрабіць. Незнаёмыя людзі, мінаючы дзядзьку Марціна, аглядаліся назад, а знаёмым ён казаў:

– На суд іду і свайго сведку нясу.

Земскі начальнік жыў у мястэчку. У дзесяць гадзін раніцы дзядзька Марцін на месцы быў. Уваходзячы ў дом, дзе жыў земскі начальнік і дзе была яго судовая камера, дзядзька Марцін зняў з пляча свайго сведку, узяў пад паху і памаленьку ў карыдор увайшоў. Спусціў паціхеньку на падлогу, не ведаючы, што з ім далей рабіць, дзе яго дзець. Каля дзвярэй канцылярыі спыніўся, паставіў чурбак у куточку і сам прыпыніўся там. А калі выйшаў пісарчук і заўважыў дзядзьку Марціна з дубовым чурбаком, то вельмі здзівіўся і не ведаў, што сказаць – спалох узяў, мусібыць. А дзядзька Марцін растлумачыў:

– Сёння мне суд назначаны, а гэта мой сведка.

– Ага! – сказаў пісарчук і, відаць, зусім здаволіўся такім тлумачэннем, а потым запытаў: – А як твая фамілія?

– Марцін Ражка. Калі ласка, ці не можна мне тут пастаяць, покі не паклічуць?

– Стой сабе, – адказаў пісарчук і пайшоў у канцылярыю.

Стаіць дзядзька Марцін каля дзвярэй, прытрымліваючы свайго сведку, каб ён не пакаціўся і грукату не нарабіў тут, а сам то вуха да замка прыложыць, то ў замочную дзірачку гляне. У другія дзверы земскі начальнік увайшоў і адразу надзяе на сябе ланцужок з медалём.

Штурхануў дзядзька Марцін локцем свайго сведку і шапнуў яму:

– Трымайся, брат!

Гадзіны са дзве прастаяў дзядзька Марцін каля дзвярэй, прыкладаючы то вуха, то вока да замочнай дзірачкі.

– Марцін Ражка! – пачуў дзядзька Марцін і так перапалохаўся, што і сведку выпусціў.

– Я! – гукнуў дзядзька Марцін колькі моцы было, а дзядзькаў сведка – джаджук аб падлогу! Як бы так з гарматы стрэлілі, аж земскі начальнік на крэсле падскочыў.

Борздзенька падняў дзядзька Марцін свайго сведку, шапку яшчэ раней у кішэню ўпхнуў, адчыняе дзверы і з дубовым чурбачком у суд уваходзіць.

– А гэта што такое? – крыкнуў земскі начальнік.

– А гэта мой сведка, ваша высакароддзе! – адказаў дзядзька Марцін.

– Тры рублі штрафу за паяўленне ў судзе не ў належным відзе! – крыкнуў земскі начальнік, – і сем рублёў штрафу за парубку дубка, – дадаў ён.

– Ваша высакароддзе...

– Вынасіся за дзверы, мужлан, а не – пад арышт пасаджу!

Выбег дзядзька Марцін як апараны. Крыўдна, горка і сорамна стала дзядзьку Марціну.

– Вось, брат, і насведчыў ты мне! – сказаў ён свайму сведку. – І дзе ж падзець мне цябе?

Ішоў вуліцаю дзядзька Марцін, паглядаў, куды б яму сведку закінуць. А потым шкада стала кідаць і прыйшоў з ім дадому, палажыў пад страху: няхай ляжыць, можа ён яшчэ скажа слова сваё.

[1926]


[1926]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6