epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дзяліцьба

I
II
III


I

 

Ну, што ты з гэтымі бабамі зробіш? Калі ў хаце жывуць дзве бабы, то ўжо спакою няма.

– Гыр-гыр-гыр! Гыр-гыр-гыр! – гыркаюцца яны ад самага рання.

Адна – капач, тая – мешалка. Адна – гультай, другая – няўмека.

Так і кідаюць адна адной на вочы. А як лягуць спаць, то кожная ўсю ноч шэпча на вуха свайму мужыку, – нагаварвае на другую.

Мужчыны толькі скрыва паглядаюць адзін на аднаго. Але пакуль што маўчаць.

Да дзяліцьбы яшчэ далёка. Дзяліцьба ідзе вось у якім парадку. Перш-наперш выступаюць бабы. Бабы сварацца год, год з палавінаю, а то і цэлых тры. (Мой нябожчык дзед казаў, што яго нябожчыца жонка сварылася з яго нябожчыцай братавай цэлых дванаццаць год!) Наўперад бабы сварацца патроху – так, гадзіну, дзве ў дзень. Потым сварцы адводзіцца больш часу – гадзін пяць-шэсць.

Да гэтага часу мужчыны яшчэ маўчаць, набіраюцца толькі злосці. Мужчыны сварацца часцей увечар ці ў святы дзень, бо ў будні – часу няма. А бабы тым часам пачынаюць прабаваць моц сваіх чубоў. Вараць яны ў адной печы, але ў асобных гаршках. Дастаецца тут і бедным гаршкам.

А пасля жанок ужо бʼюцца мужчыны. Каб падзяліцца, яшчэ мала пабіцца адзін раз: трэба пабіцца найменш разоў з восем, каб разы тры засыхала скурка на носе, трэба разоў шэсць абадраць твар ды ліхтар паставіць каля вока, а лоб убраць гузам або і двума. Тады толькі можна лічыць, што права на дзяліцьбу здабыта.

 

 

II

 

Дзякуй Богу, што Бог сярдзітым людзям не дае многа сілы.

Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць. Раз ён завёўся за нешта з сваёй сястрой Марцэляй. Сымон так узлаваўся, што ўкусіў сястру за жывот. А то, ужо быў Сымон дзецюком, любіў ён часам зухнуць. Загнаўшы да Коўны плыты, ён купіў сабе стары афіцэрскі сурдут. Бацька дома і давай прабіраць за гэта Сымона. Сымон кінуў вобземлю сурдут, пачаў таптаць яго нагамі, потым парваў на сабе кашулю, порткі, залез голы на жорны і сказаў:

– Так пан Езус пакутаваў!

Мікола не ўступаў у злосці свайму брату Сымону. Так, раз ён паехаў на поле па ячмень. Падымалася хмара, грымела. Мікола наклаў воз на борздую руку. Толькі што ён нукнуў на каня, – шусь ячмень з воза! Мікола закіпеў, узлажыў другі раз. Не паспеў ён выехаць на дарогу – зноў бух ячмень з воза!

– То ты гэтак?! – крыкнуў Мікола. Схапіў тут рубель і давай малаціць ячмень. Памалаціў, вытрас, салому палажыў на воз і сам сеў.

– Вось ты цяпер раскідайся, пракляты!

Другі раз Мікола пабіў у сваёй хаце вокны, міскі, гаршкі. Нічому не давала спуску качарга. Пабіўшы ўсё, што можна было, Мікола стаў сярод хаты і пазірае, што б яму яшчэ пабіць. Аж бачыць Мікола – абразы на сцяне вісяць. Многа іх, штук з дванаццаць. Адзін абраз быў намалёван так, што святы з гэтага абраза пазіраў у вочы. Куды б ні павярнуўся, а ён на цябе глядзіць. Убачыў Мікола гэтага святога.

– А ты чаго глядзіш? Першы раз бычыш мяне?

І як заняў качаргою святых – пабіў іх удруз.

– Што, будзеце пазіраць на мяне? – спытыў Мікола, скончыўшы расправу.

Сымон і Мікола сварыліся ўжо гадоў са тры, а за апошнія часы сталі і біцца, а гэта азначала, што скора будзе дзяліцьба.

Сымон і Мікола ў нашым сяле былі тым, чым у горадзе тэатр, толькі што білетаў не трэба браць, прыходзь сабе, слухай, пазірай, весялі сваю душу. І Карусь з-пад карчмы кожны вечар стукаў у акно свайго суседа Базыля.

– Чаго ты? – пытаўся Базыль.

– Хадзем у Свіную вуліцу: зараз будзе бой.

Базыль апранаў кажух, браў капшук з люлькай і ішоў на двор. Закурыўшы люлькі, яны ішлі ў Свіную вуліцу. Карусь наперадзе, Базыль на два крокі ззаду. У Базыля ў люльцы быў цыбук просты, у Каруся – крывы. Дым з Базылёвай люлькі ішоў згары, а з Карусёвай – знізу.

 

 

III

 

А ў Свіной вуліцы, каля хаты Сымона і Мікалая, была ўжо цэлая камедыя.

Тут былі і старыя, і малыя, і бабы, і дзяўчаты.

Галоўнае месца займалі Сымон з Міколам. Сварка з першых слоў абяцала цікавы бой. Вакол ваяк стала жывая сцяна народу.

Наперадзе стаяла некалькі чалавек, якія борзда ўмелі звясці Сымона з Міколам. А другія толькі пазіралі. Калі звадыяшы бачылі, што бойка раскідаецца, тады ўмешваліся яны.

– Эй, Сымон! Як табе не брыдка? Мікола даў дулю, а ты толькі нос адхіліў!

– Дык я яму дам дзве! – крычаў Сымон і соваў Міколу дзве фігі.

Другі звадыяш пхаў Міколу на Сымона, і бойка гатова!

Але на гэты раз звадыяшам не было чаго рабіць. Базыль з Карусём, – а яны заўсёды прыходзілі толькі на самы пачатак камедыі, як якое начальства, – убачылі вось што: Сымон трымаў у руках млён, а Мікола – грамнічную свечку. Свечка была мала чым менш ад млёна – палкі, якою круцяць жорны. Аказалася, што бой быў у хаце, і Сымон прыпёр Міколу ў куток. А як бараніцца не было чым, то Мікола і схапіў свечку, што стаяла каля святога Міколы. Мужчыны адабралі ад іх млён і свечку.

Нейкі чорт так і цягнуў байцоў аднаго да другога. Зляпіліся... Такая была цікавая бойка, што аж месяц залюбаваўся ёю. Усё сціхла.

Ужо Мікола быў тры разы на Сымоне і тры разы пад Сымонам, а бой усё ідзе. Патаміліся яны, як пеўні.

– Стой! Стой! – крыкнуў Сымон. – Дай абору падвяжу!

У бойцы развязалася абора на Сымонавым лапці. Мікола спыніўся.

– Гы-гы-гы! – рагатаў Карусь.

Сымон пачаў падвязваць абору, а Мікола стаяў каля яго, чакаў.

– Ну, цяпер! – гукнуў Сымон, паправіўшы лапаць.

Мікола не даў нават Сымону аддыхацца і наляцеў на яго, як каршун. Сымон прыгнуўся яшчэ больш, схапіў Міколу ўпол так, што яго ногі апынуліся ўгары, і гэтак спрытна буркануў брата, што той стаў на ногі.

– Чакай, чакай, Сымон! – загаласіў разам Мікола.

І пакуль Сымон агледзеўся, што такое прылучылася, у грамадзе падняўся рогат. Карусь выпусціў з зубоў люльку, а Базыль выпер рукою шыбу. Усе аж трашчалі ад смеху: у Міколы спаўзла ніжняя адзежына.

Нават Сымона праняў смех.

– Вось як біцца з Сымонам! – гаварыў ён.

І пакуль Мікола апранаўся, Сымон накладаў у люльку тытун з поглядам чалавека, верх якога быў бясспрэчны.

[1911]


[1911]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5