Не кажы, што злыя людзі
І што свет паганы:
Сэрца крыўду ўсю забудзе,
Час загоіць раны.
Тыя раны, што зладзеі
Сэрцу прычынілі,
Тыя думкі і надзеі,
Што ў табе пабілі.
Ды ці ж варты баламуты,
Каб твой твар дзявочы
Засцілаўся ценем смуты
І тускнелі вочы?
Пройдзе ўсё, перажывецца,—
Вер мне, дарагая!
Будзе час — ускалыхнецца
Сэрца і ўзыграе.
А ў душы вясна настане,
Сэрца зноў палюбіць,
Прыйдзе доля, ў вочкі гляне,
Шчыра прыгалубіць.
Не кажы ж, што злыя людзі
І што свет паганы:
Сэрца смутак перабудзе,
Час загоіць раны.
1912