Не такі чорт страшны,
Як яго малююць,
Хай усе хоць людзі
На цябе сярдуюць.
Ад сабак паганых
Ёсць кій бараніцца,
Ад «шнуроў чырвоных»
Можна адкупіцца.
Ад «мундзіраў сініх»
Можна даць і драла,
І твая свабода
Не зусім прапала.
І з людзьмі ліхімі
Можна меркавацца,
І ад крэдытораў
Спосаб ёсць схавацца.
Покі служаць ногі,
Можна бегчы ўсюды,
Ад сябе ж самога
Не ўцячэш нікуды.
[1910]