epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дзед-госць

Ходзіць дзед белабароды

Полем, лесам, пералескам,

Засцілае рэчкі лёдам,

Брыльянцістым снежным блескам.

 

Сыпле іней на бярозы,

Туліць дрэвы лёгкім пухам,

Крые руні, травы, лозы

Белай воўнаю — кажухам.

 

Дзеда ўсюды носяць ногі,

        І к нам прыйдзе на хвілінку

Адпачыць крыху з дарогі,

Важна сеўшы на ялінку.

 

А ялінка!.. Чаго толькі

На яе няма галінках!

Свецяць зоркі і вясёлкі

У бліскучых павуцінках.

 

Тут лісічка, зайчык, мышкі,

Рыбкі, буслік даўгавязы.

А як ззяюць на ёй шышкі,

        Нібы ў іх гараць алмазы!

 

Каля ёлкі карагоды,

Песні, гутарка жывая…

А той дзед белабароды

Толькі ў вусы смех пускае.

 

Дык рассунем кола шырай,

Патанцуем на памосце,

Песняй звонкай, песняй шчырай

Прывітаем дзеда-госця.

 

3/І 1939


03.01.1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945