Дзед Міхалка і ўнук Грыша —
Прыклад дружбы ў хаце.
Дружба ім законы піша,
Дружба грэе іх, калыша,
Ну, як тая маці.
Яны ўсюды неразлучны —
На дварэ, на печы;
Яны знойдуць момант зручны
Для гамонкі, песні гучнай
І для кожнай рэчы.
Дружба крэпкая навекі
Лучыць дзеда, ўнука;
Ды сягоння на час нейкі
Двум дружакам небяспека —
Сочыць іх разлука.
Дзед убраўся, як у свята,
І падмаладзіўся,
Боты вычысціў багата —
Гэтак ззяюць зухавата,
Што ўнук аж здзівіўся.
На дварэ ж Мыша́к і Гнеды
Запрэжаны цугам.
—Ну, брат Грышка, дык я еду!.
Пазірае ўнук на дзеда,
На старога друга.
І гаворыць дзеду Грышка:
—Эх, дзядок, як шкода!
Табе восемдзесят з лішкам,
А мне толькі дзевяць блізка,
Дык пазыч мне годаў.
Я таксама з усёй сілай
Крыкнуў бы раз-пораз:
Родны Сталін, любы, мілы,
І ты, маршал Варашылаў! —
Наце вам мой голас!
11/ХІІ 1937