epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дзіва

Пайшоў адзін бедны чалавек у свет шукаць сабе якога-небудзь спосабу. Пакінуў сваю хату і жонку.

— Знайду які спосаб, вярнуся дадому; а не знайду — жыві як хочаш, — кажа ён жонцы, выходзячы з хаты.

Ідзе ён дзень, ідзе другі і прыходзіць у лес. Стаіць у лесе хатка. А ўжо быў надвячорак, у лесе пачынала цямнець.

«Дай, — думае чалавек, — зайду паначую тут».

Пастукаў у акенца.

— Хто там? — пытае нехта з хаты.

— Падарожны.

— Што табе трэба?

— Будзьце ласкавы, пусціце паначаваць.

Адчыніліся дзверы. Увайшоў падарожны ў хату.

Бачыць — у хатцы пуста, але чысценька. У куце стаіць толькі адзін стол і дзве лаўкі. А за сталом сядзіць дзядок старэнькі.

— Сядай,— кажа дзядок.

Сядзяць яны, гамоняць. Сядзяць гадзіну і другую. А нашаму падарожнаму есці хочацца, а на стале ні скарыначкі хлеба.

Вось дзядок і кажа:

— Ну, мый, брат, рукі ды за стол садзіся, бо бачу — ты есці хочаш.

Памылі яны рукі і за стол паселі. Вось дзядок кажа:

— Дзіва, ідзі ў хату жыва!

Увайшоў у хату індык.

— Сячыся, рубайся, у гаршчок накладайся, да агню прыстаўляйся і на стол падавайся!

Індык сам зарэзаўся, сам аскубся, да агню прыставіўся, зварыўся і на стол падаўся.

— Еш, — кажа дзядок, — толькі касцей не грызі.

Зʼелі яны ўсё мяса, косці палажылі на стол, а дзядок кажа:

— Дзіва, збірайся ды за парог выбірайся!

Дзіва сабралася, саскочыла са стала і пайшло за парог.

Пазірае падарожны і дзівіцца.

— Вось, — кажа, — каб мне такое Дзіва! Прадай ты мне яго, дзедка.

— Я не прадаю нікому за грошы, а добрым людзям і так аддаю.

І падарыў гэта Дзіва чалавеку. Узяў бедны чалавек індыка пад паху і пайшоў дадому.

Рада жонка, што яе чалавек вярнуўся, а ён кажа:

— Вось прынёс я Дзіва, ты толькі паглядзі, што тут будзе. Пакладзі дроў у печ, а сама за стол садзіся.

Наклала жонка ў печ дроў і села за стол, а гаспадар кажа:

— Дзіва, ідзі ў хату жыва! Уваходзіць індык.

— Сячыся, рубайся, у гаршчок накладайся, да агню прыстаўляйся, на стол падавайся!

Дзіва само зарэзалася, аскублася, палажылася ў гаршчок, прыставілася да агню, зварылася і на стол падалося.

Зʼелі яны ўсё мяса, а косці на стол палажылі.

— Дзіва, збірайся і за парог выбірайся!

Сабрала яно ўсе свае косці, саскочыла са стала і пайшло ў сенцы.

Пажыў так чалавек з жонкаю дзён колькі, а Дзіва карміла іх. Выйшлі дровы. Паехаў гаспадар у лес дровы секчы.

Прыходзіць поп да яго жонкі.

— Чуў я, што ў вас нейкае Дзіва ёсць. Ці не ад духа злога яно? — пытае жанчыну поп. — Пакажы мне яго.

— Сядайце, бацюшка, за стол, яно зараз увойдзе.

Селі.

— Дзіва, ідзі ў хату жыва!

А Дзіва не слухае.

Узяла жонка качаргу.

— Вось я ж табе! — ды па Дзіву качаргою! Прырасла качарга да Дзіва, а жанчына да качаргі.

Крычыць яна як можа:

— Ой, бацюшка! Памажы ад качаргі адарвацца! Падышоў поп і гаворыць:

— Ды што гэта такое?

Узяўся бабу ратаваць і сам прырос. Прыходзіць дзяк і кажа:

— Бацюшка! Што вы так доўга седзіцё! Абедню трэба служыць.

— Бачыш ты, бяда якая, ад качаргі не магу адарвацца.

— А бадай вам смешна было! — сказаў дзяк і хацеў папа адарваць, ды і сам да яго прырос.

Прыйшоў званар папа ратаваць і сам да яго прырос.

— Чаго вы паляпіліся тут? — спытаў, прыйшоўшы, царкоўны стараста і хацеў памагчы. Але як дакрануўся да папа, дык і сам прырос.

Прыйшла пападдзя, а поп крычыць:

— Не бярыся за качаргу, бо і ты прырасцеш! Бяжы пакліч шаптуху, каб памагла нам!

Пабегла матушка шаптуху клікаць. Прыйшла шаптуха. Шаптала, шаптала, узялася за качаргу і сама прырасла. Мітусяцца яны, як мухі каля гаршка. А тут Дзіва з месца зрушылася, усіх на двор пацягнула, з двара на вуліцу. Павыбягалі людзі на вуліцу, пазіраюць, адны смяюцца, другія ўздыхаюць. Кінуліся адны ў званы званіць, другія — харугвы браць, папа праваджаць. А Дзіва павалакло ўсіх, хто прырос, у лес. Ідуць цераз грэблю, да мастка падыходзяць. Выскаквае з-пад мастка чорт і кажа папу:

— Калі пусціш за царскія дзверы, то я цябе адарву.

Поп не толькі за царскія дзверы, а і на прастол абяцае пасадзіць чорта, абы ад качаргі адарвацца памог. Узяўся чорт адрываць папа ад качаргі, ды сам да яе прырос. І павяло іх Дзіва ў лес, туды, дзе гаспадар дровы сек.

Высек гаспадар шэсць дубін, самую тоўстую на чорта, і давай лупіць яго, прыгаворваючы: «А ты чаго тут? А ты чаго тут?» Біў, біў, а потым узяўся за качаргу, чорт і адстаў. Пусціўся ён у лес бегчы, ды так, што цэлую лінію і праламаў. Другую дубіну на папу пабіў. Пусціўся поп дадому бегчы, толькі валасы трасуцца і хламіда матаецца. Перабраў гаспадар усіх дубінамі, а сваё Дзіва на воз палажыў і прывёз дадому.

Перастаў тады поп Дзівам дзівіцца.

[1937]


[1937]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7