Над балотам, над лясамі
Жураўлі крычаць,
Бы сваімі галасамі
Хочуць вестку даць,
Што цяпло мінецца скора
І заглухне бор,
Ў полі сіняга прастору
Ты не ўгледзіш зор,
Што нагоніць хмар вятруга,
Наплыве туман,
І абніме гора-туга
Поле, лес, курган.
Разам з вамі ў вольны вырай
Палячу і я,
Толькі ж к смерці стане бліжай
Сцежка там мая.
Леціцё вы ў край паўднёвы
Зіму пераждаць,
Каб на весну песняй новай
Родны кут вітаць.
А я еду, госці лета,
Ў той крывавы вір,
Дзе варʼяцтва ўсяго свету
Свой спраўляе пір.
22/VII 1917